Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 лютага ўрад зьняў абмежаваньні й забароны на вываз фізычнымі асобамі спажывецкіх тавараў за межы Мытнага саюзу. Ці азначае гэтае рашэньне пэўную стабілізацыю эканамічнага становішча ў Беларусі? Ці падвысяцца ўнутрыбеларускія цэны пасьля зьняцьця абмежаваньняў на вываз тавараў? На гэтыя пытаньні адказвае эканамічны экспэрт Сяргей Чалы.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што зьняцьцё абмежаваньняў на вываз тавараў сьведчыць пра пэўную нармалізацыю беларускай эканомікі?

Чалы: Я думаю, гэта хутчэй сьведчыць пра тое, што скончыўся валютны крызіс. У вострай ягонай фазе, калі насельніцтва фактычна ня мела легальнага доступу да замежнай валюты, прадпрымальныя людзі знайшлі экзатычны спосаб канвэртацыі беларускіх рублёў у валюту. А менавіта — купля тавараў за беларускія рублі, самавываз у суседнія краіны і потым увоз валюты ў Беларусь.

Цяпер, калі валюта зьявілася легальна, неабходнасьць такіх абмежаваньняў зьнікла. За выключэньнем некалькіх пазыцыяў, па якіх цэны, што рэгулююцца ўнутры Беларусі, вельмі адрозьніваюцца ад цэнаў нашых суседзяў. У прыватнасьці, паліва.

Цыганкоў: Замежныя турысты вельмі ахвотна купляюць беларускія тавары, асабліва харчовыя. Кіраўніцтва Беларусі заяўляе, што цэны паніжацца ня будуць. Але яны дагэтуль істотна ніжэйшыя, чым у суседзяў. Ці захаваюцца цэны на цяперашнім узроўні, улічваючы невялікую пакупніцкую здольнасьць беларусаў, або яны павялічацца да ўзроўню суседніх краінаў?

Чалы: І так, і гэтак. Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Надзея Каткавец заявіла, што варта імкнуцца да набліжэньня цэнаў на прадукты харчаваньня да цэнаў суседніх краінаў. Зь іншага боку, гэтыя цэны ня могуць быць вышэйшымі за тое, што можа плаціць за прадукты беларускае насельніцтва.

Відавочна, што хутчэй яны будуць расьці, адпаведна з тым, як будуць расьці даходы насельніцтва. Гэтае падвышэньне будзе адбывацца аўтаматычна. Нейкія дзеяньні ўладаў па стрымліваньні коштаў цалкам неэфэктыўныя, бо вытворцы навучыліся пазьбягаць вытворчасьці «сацыяльных» прадуктаў, на якія абмежаваны рост цэнаў. Трошкі мяняюць рэцэптуру ці ўпакоўку, і атрымліваецца новы тавар, які не падпадае пад абмежаваньні.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG