Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады ня ведаюць, як разрульваць сытуацыі з рабочымі»


Экспэртыза «Свабоды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:56 0:00
Наўпроставы лінк

За апошнія месяцы часьцейшымі сталі працоўныя канфлікты ў розных рэгіёнах краіны. Рабочыя ладзяць папераджальныя страйкі, выступаюць супраць пагаршэньня ўмоваў працы або звальненьня сваіх калегаў. Ці можна ўбачыць у гэтых стыхійных і спарадычных акцыях пратэсту на вытворчасьці нейкую тэндэнцыю? Якімі сродкамі ўлады гасяць праявы незадаволенасьці? На гэтыя пытаньні ў «Экспэртызе Свабоды» адказваюць старшыня Беларускай канфэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

«Тое, што адбываецца на прадпрыемствах, — гэта не выпадковасьць»


Цыганкоў: «За апошні час у Беларусі здарывлася некалькі працоўных канфліктаў на вытворчасьці. Але можна сказаць, што ўсе яны не разьвіліся ў нейкі моцны пратэст, усе яны былі пагашаныя дзеяньнямі ўлады. Часам апазыцыйныя палітыкі кажуць пра мяжу цярпеньня, да якой нібыта падышло беларускае грамадзтва. Ці даюць апошнія працоўныя канфлікты права казаць, што мяжа гэтая сапраўды ўжо блізкая?»

Ярашук: «Адназначна — я не лічу, што беларускае грамадзтва падышло да нейкай мяжы цярплівасьці. Яшчэ даволі далёка, і тут цяжка рабіць нейкія дакладныя прагнозы на гэты конт.

Але тое, што сытуацыя мяняецца — гэта можна канстатаваць. Тое, што адбываецца на прадпрыемствах, — гэта не выпадковасьць, гэта красамоўны сыгнал таго, што насамрэч у эканоміцы, у сыстэме грамадзкіх працоўных адносінаў існуюць вельмі сур’ёзныя праблемы, якія не вырашаюцца. Больш за тое, улада ня робіць ніякіх сур’ёзных захадаў, каб іх вырашаць».
Няма пацьвярджэньня таго факту, што пратэстная актыўнасьць павялічваецца.

Быкоўскі: «Я мог бы абапірацца на дадзеныя НІСЭПД, паводле якіх якраз няма пацьвярджэньня таго факту, што пратэстная актыўнасьць павялічваецца. Такая тэндэнцыя сацыёлягамі на зафіксаваная, і таму яны кажуць пра адаптацыю большасьці насельніцтва да пагаршэньня эканамічнай сытуацыі.

Што тычыцца таго, што казаў спадар Ярашук, то мне падаецца, што кіраўніцтва дзяржавы ўсё ж спрабуе „падсьцяліць саломкі“, робіцца падвышэньне заробкаў. З вуснаў кіраўніка дзяржавы гучаць словы, што трэба ня толькі сядзець на тым золаце, што назьбіраў Нацыянальны Банк, але і накіроўваць яго на падвышэньне дабрабыту. Канкрэтных крокаў у гэтым сэнсе я ня бачу, але нейкае латаньне дзірак адбываецца».

Цыганкоў: «Будаўнікі, напрыклад, могуць адносна лёгка ўцячы ад крызісу — яны проста зьяжджаюць зь Беларусі. Але з тым самым БАТЭ нялёгка знайсьці за мяжой такую ж вытворчасьць, няма куды зьехаць. Ці не здаецца, што менавіта такія заводы і стануць крызіснымі кропкамі?»

«Улада пакуль мае дастаткова рэсурсаў, каб не давесьці сытуацыю да крытычнай»


Ярашук: «Такія прадпрыемствы былі ўвесь час, можа, іх нават большасьць. БАТЭ — гэта яшчэ нармальнае прадпрыемства…»

Цыганкоў: «Заробак паўтара мільёна — гэта яшчэ нармальна?»

Ярашук: «Я маю на ўвазе ня толькі заробкі, а пэрспэктыву. У БАТЭ ёсьць рынкі і ёсьць магчымасьць працаваць у больш-менш нармальным рэжыме, прадаваць сваю прадукцыю. Вялізарная колькасьць прадпрыемстваў, асабліва ў правінцыі, апошнія гады ня мелі такой пэрспэктывы, рабілі прадукцыю, якая не была запатрабаваная на рынках. Гэта было палітычнае рашэньне, якое ішло ў тым рэчышчы, што „ў нас няма беспрацоўных“.
Тое, што эканамічныя праблемы прынцыпова не вырашаюцца — гэта відавочна.

Разам з тым я згодны з Паўлюком, што ўлада пакуль мае дастаткова рэсурсаў, каб не давесьці сытуацыю да крытычнай. Запас ёсьць, тым больш што падасьпелі спрыяльныя рашэньні па газе з боку Расеі. Але тое, што эканамічныя праблемы прынцыпова не вырашаюцца, што ўлады так і не прыступілі да эканамічных рэформаў, — гэта відавочна».

«І ўлады, сапраўды, у пэўнай ступені ў пастцы. Але, зь іншага боку, яны самі вінаватыя, што не рабілі рэформаў»


Цыганкоў: «Калі якраз гаварыць пра рэакцыю ўладаў… Яны даволі хутка рэагуюць на стыхійныя страйкі, адразу робяць нейкія захады і часта ідуць на пэўнае выкананьне патрабаваньняў. Але ці не трапляе ўлада ў пэўную пастку? Бо калі ісьці на задавальненьне патрабаваньняў рабочых, то гэтым самым даецца пэўны прыклад іншым. Іншыя могуць сказаць: «У іх атрымалася, давайце і мы паспрабуем».

Быкоўскі: «Тут некалькі ўзроўняў працы ўлады. Па-першае, яны не даюць распаўсюджвацца інфармацыі. Калі ўзьнік канфлікт, яны адразу хочуць яго хуценька разруліць. Калі гэта не атрымліваецца (як, напрыклад, на „Граніце“), тады ўжо падключаецца „цяжкая артылерыя“, прыяжджае губэрнатар, міністар.

Калі казаць увогуле па краіне, то найперш адбываецца падвышэньне заробкаў на буйных прадпрыемствах. Па-другое, ёсьць горадаўтваральныя прадпрыемствы, якія немагчыма зачыніць, бо людзям няма куды пайсьці, уладкавацца на працу. І ўлады, сапраўды, у пэўнай ступені ў пастцы. Але, зь іншага боку, яны самі вінаватыя, што не рабілі рэформаў.
Улада глядзела ў свой час далёка наперад — увяла сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў, яшчэ ў 1999 годзе.
Аляксандар Ярашук

І цяпер яны „сьцелюць саломку“, каб не было сацыяльнага выбуху. Але яны раней не паклапаціліся, каб у людзей была праца, запатрабаваная на рынку. Улады гэта ведаюць, але я ня бачу палітычнай волі, каб яны гатовыя былі тут нешта зрабіць».

Цыганкоў: «Аляксандар, ці не здаецца вам, што ўлады ідуць на мяккі варыянт толькі тады, калі бачаць, што да пратэсту рабочых не далучаныя ніякія палітычныя сілы, незалежныя прафсаюзы? Калі там зьяўляюцца хоць нейкія прыкметы апазыцыйнай актыўнасьці, то такі пратэст душыцца даволі жорстка. Ці ня так?»

Ярашук: «З майго пункту гледжаньня, улады баяцца любога напружаньня ў любым працоўным калектыве, ці ёсьць там незалежныя прафсаюзы, ці не. Трэба разумець лёгіку паводзінаў улады. Чаму яны больш за ўсё баяцца працоўных? Бо ўлады самі абвясьцілі, што яны — адзіная крыніца забесьпячэньня рабочых годнай працай і заробкамі.

Улады ведаюць, як разрульваць сытуацыю з апазыцыяй, але ня ведаюць, як вырашаць праблемы з рабочымі. Заўважце, мы нідзе ня бачылі жорсткіх захадаў у дачыненьні да рабочых, у тым ліку і на БАТЭ. Іншая справа, што і там пачалі шукаць завадатараў».

Цыганкоў: «То бок схема паводзінаў такая — большасьць улагодзіць, заробак ім падвысіць, але ініцыятараў і актывістаў пакараць?»

Ярашук: «Канечне. Гэты цэлы фэномэн. Улада глядзела ў свой час далёка наперад — увяла сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў, яшчэ ў 1999 годзе. І гэта тыя інструмэнты, якія пакуль дазваляюць трымаць большасьць працоўных у ляяльнасьці да ўлады».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG