Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны год беларускае тэлебачаньне шмат эфірнага часу аддае праекту «Эўрафэст», дзяржава ўкладае ў гэты конкурс вялікія сродкі. А на «Эўрабачаньні» беларусы трывала трымаюцца ў трэцім дзясятку. Выключэньнем быў хіба што Дзьмітрый Калдун, які некалі заняў шостае месца.

Пасьля сёлетняга фіналу ў сацыяльных сетках зьввіліся сьведчаньні пра адміністрацыйны рэсурс, задзейнічаны на карысьць пераможцы «Эўрафэсту», копіі распараджэньняў пра арганізацыю СМС-галасаваньня сярод навучэнцаў і кантроль з боку ўпраўленьняў адукацыі.

Музычны крытык Зьміцер Падбярэскі перакананы, што не дзяржаўная гэта справа — займацца раскруткай эстрады:

«Калі дзяржава займаецца конкурсамі папулярнай музыкі, гэта сьведчыць пра тое, што ў дзяржавы ня ўсё добра са здароўем, шчыра кажучы. Гэтымі конкурсамі павінны займацца прыватныя структуры. Гэта шоў-бізнэс. Шоў-бізнэс ня можа быць дзяржаўным. Вызначальна».

Музычны крытык Анатоль Мяльгуй таксама кажа, што ва ўсім сьвеце шоў-бізнэс — гэта прыватная ініцыятыва:
Ну як можа быць шоў-бізнэс у краіне, дзе ўсё завязана на дзяржаве?

«У нас усё, што зьвязанае зь дзяржаўнай эстрадай, беспэрспэктыўнае. Вазьміце Злучаныя Штаты Амэрыкі. У іх ёсьць такія прыватныя канторы, якія езьдзяць па правінцыях, па гарадах і зьбіраюць выканаўцаў таленавітых, якія маюць свой рэпэртуар, а потым падпісваюць зь імі кантракты. Вынік гэтай працы — дыскі, запісы — ідзе ў эфір. Там усё на іншым узроўні. У нас калі кажуць „шоў-бізнэс“, я сьмяюся. Ну як можа быць шоў-бізнэс у краіне, дзе ўсё завязана на дзяржаве? Ня можа быць такога».

Што да ўзроўню «Эўрабачаньня» ў іншых краінах, журналіст Дзьмітрый Бескаравайны кажа, што гэта ня конкурс узроўню Алімпійскіх гульняў, калі браць спартовую аналёгію. І ўсё ж «Эўрабачаньне» — даволі вядомае міжнароднае спаборніцтва, якое дае магчымасьць трапіць на сур’ёзную сцэну. Але…

«Мяне не задавальняе, як гэта ўсё робіцца, наколькі ўсё кожны год прадказальна. Незразумела, навошта рабіць адкрытае галасаваньне, пры тым, што кожны год усе ведаюць, хто ў выніку пераможа, за некалькі месяцаў да фэсту. Ва ўсякім разе, усе пра гэта гавораць. Гэта выклікае нэгатыўныя эмоцыі. І гэта менавіта галоўная праблема „Эўрабачаньня“ на Беларусі, а ня тое, што гэта не ўсясьветная падзея. Праблема перш за ўсё ў тым, як гэта ў нас адбываецца».

СМІ распавядаюць пра скандал пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня — «Litesound» біў посуд, а Гюнэш дэманстратыўна ня выйшла на сцэну, маўляў, журы яе засудзіла. Сябра журы балетмайстар Аляксандар Мяжэнны запэўнівае, што прафэсійнае журы ацэньвала сумленна, а вось гледачам трэба менш трызьніць:
Разумееце, задаволеных вынікамі альбо працэсам я ніколі ня бачыў.

«Я як член журы кажу: ніякага ціску альбо пажаданьняў кшталту „ну вы ж ведаеце…“ у дачыненьні да мяне не адбывалася. Вакол гэтага „Эўрафэсту“ нэгатыў ствараюць, а навошта? Усе хацелі, каб Пеця Ялфімаў паехаў — ён паехаў. Да ягонай паездкі аблівалі брудам усіх іншых, лічылі, што ён лепшы, пасьля паездкі аблівалі брудам яго. Разумееце, задаволеных вынікамі альбо працэсам я ніколі ня бачыў».

Музычны крытык Зьміцер Падбярэскі мяркуе, што самой Алене Ланской пасьля такой перамогі ў конкурсе будзе нялёгка:

«Калі ў выканаўцаў няма паўнавартаснай канцэртнай праграмы (а гэта датычыць практычна ўсіх удзельнікаў „Эўрафэсту“) — з чым ім туды сунуцца? 2–3 песенькі, і ўсё? З гэтай пяцёркі хіба што „Litesound“ можа паказаць гадзіну сваю сольную праграму. Што, у Ланской ёсьць свая праграма для канцэрту? Ды не, няма! Яна — штучна зробленая выканаўца. Але, шчыра кажучы, мне яе вельмі і вельмі шкада. Нават вось з гэтага „тэрарыюму“ нашых папулярных выканаўцаў яна цяпер выпадае з-за таго, што ўсе бачаць, як яе зрабілі. Зрабілі заслужанай артысткай, зрабілі пераможцай „Славянскага базару“, зараз зрабілі пераможцай „Эўрафэсту“… Усё! Яна адразу будзе выпадаць з тусоўкі беларускіх так званых „зорак“. Яна бедненькая. Яна проста прападзе».


Музычны крытык Вітаўт Мартыненка заўважае, што ў «Эўрафэсту» няма нацыянальнай адметнасьці. Некалі былі спробы вызначыць менавіта беларускую прыналежнасьць у дуэта «Аляксандра і Канстанцін», але апошнія 10 гадоў гэтага не заўважна:

«Я бачу, што там духу беларускага няма. Азэрбайджанцы, манголы, татары дзеляць нейкія прызы, і ніхто пра беларускую культуру нават і піску ня робіць. Там яе няма. Тое, што дзяржава гэтым займаецца, можа, і ня так страшна. У нас дзяржава і спортам займаецца — набудавалі лядовых палацаў па ўсёй краіне. Тое, што дзяржава займаецца, можа, і някепска. Але дзяржава — антыбеларуская».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG