Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава зноў не дапускаюць адваката. Са слоў журналісткі Ірыны Халіп, жонкі спадара Саньнікава, адвакат Андрэй Варвашэвіч сёньня ня змог сустрэцца са сваім падабаронным у калёніі «Віцьба-3».

Адміністрацыя папраўчай установы спаслалася на тое, што зьняволены працуе ў першую зьмену, таму ні пра якую сустрэчу ня можа быць і гаворкі. Паказальна, што падчас папярэдняга прыезду адваката ў калёнію 8 лютага Андрэй Саньнікаў таксама быў заняты ў першую зьмену, што, аднак, не перашкодзіла арганізаваць спатканьне. У часе згаданай сустрэчы палітык сярод іншага паведаміў, што адмовіўся кантактаваць з прадстаўнікамі пракуратуры, якія хацелі задаць нейкія пытаньні зьняволенаму экс-кандыдату ў прэзыдэнты.

Ірына Халіп не выключае, што пракурорскія работнікі такім чынам адрэагавалі на яе публічныя заявы адносна таго, што Андрэя Саньнікава вымусілі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя прэзыдэнта пад узьдзеяньнем катаваньняў. Пра гэта ў часе студзеньскай сустрэчы ёй недвухсэнсоўна сказаў сам Саньнікаў. Дагэтуль ён тры месяцы прабыў у поўнай ізаляцыі, да яго не дапускалі, ні адвакатаў, ні сваякоў.

Андрэй Саньнікаў сказаў, што напісаў прашэньне яшчэ 20 лістапада мінулага году. Пазьней у сілавых структурах тэрмін скарэктавалі, заявіўшы, што атрымалі заяву 23 сьнежня і толькі 20 студзеня яна паступіла ў прэзыдэнцкую адміністрацыю.

Нягледзячы на пададзенае прашэньне аб памілаваньні, улады ня робяць ніякіх захадаў, каб яго хоць бы разгледзець.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG