Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На баранавіцкім філіяле заводу «Атлант» працоўныя выказваюць адміністрацыі незадаволенасьць нізкімі заробкамі. У Баранавічах зьявіліся чуткі пра страйк працаўнікоў гэтага прадпрыемства.

Рабочы баранавіцкага філіялу прадпрыемства «Атлант», які папрасіў не называць сваё імя, кажа, што незадаволенасьць на прадпрыемстве сапраўды існуе.

«Быў такі момант, калі спынялі канвэер жанчыны, якія зьбіраюць рухавікі для пральных машын. Спынялі канвэер з патрабаваньнем палепшыць умовы працы і падвысіць заробак».

Аднак рабочы кажа, што страйкам гэта лічыць нельга, бо іншыя працаўнікі прадпрыемства тады не падтрымалі жанчын. Адкрыта выказваць пратэст працаўнікі баяцца.

Такой жа думкі і наладчык станкоў Васіль. Ён тлумачыць, што пратэстныя сытуацыі на «Атланце» бываюць часьцей у цэху зборкі:

«Можа быць на зборцы. Там народ такі — больш-менш баявы. Жанчыны на канвэеры дзесьці каля двух мільёнаў атрымліваюць. А што такое зараз два мільёны? Гэта капейкі! Па сёньняшніх часах і цэнах, я лічу, гэта — ня грошы...»

А вось намесьнік дырэктара па ідэалёгіі гэтага прадпрыемства Аляксандар Разумаў кажа, што ніякіх пратэстных сытуацый на «Атланце» ў Баранавічах не існуе. Інфармацыю ў інтэрнэце аб прэтэнзіях працоўных да кіраўніцтва спадар Разумаў назваў непраўдзівай:

«Брахня. Вось у мяне прадстаўнік КДБ... Кажу, што сход учора прайшоў плянавы
Брахня. Вось у мяне прадстаўнік КДБ...

па падрыхтоўцы і правядзеньні калектыўнай дамовы за мінулы год. Ніякіх прэтэнзіяў у нас не было. Ні да людзей, ні ў людзей да адміністрацыі не было. Калі дзесьці жанчына з жанчынай пасварыліся, гэта ж ня значыць, што ўвесь калектыў павінен пацярпець, правільна? Усё робіцца, усё адкрыта, усё шчыра, няма пытаньняў...»

Аляксандар Разумаў распавёў, што філіял «Атланту» — на трэцім месцы ў Баранавічах па заробках. Сярэдні заробак за студзень тут склаў 3 мільёны 358 тысяч рублёў. Таму намесьнік дырэктара па ідэалёгіі перакананы, што пратэсту на прадпрыемстве «ніколі не было, няма і ня будзе».

Кіраўнік берасьцейскага абласнога аддзяленьня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Валянцін Лазарэнкаў кажа, што іншага адказу ад ідэалягічнага начальніка чакаць і не выпадае:

«У іх няма ніякіх падставаў тлумачыць інакш. Нібыта з адміністрацыяй праблемаў няма, нібыта заробкі ў іх дастатковыя, нібыта перапрацоўкі ў іх няма, нібыта працаўнікі ўсё ведаюць...»

Прафсаюзны лідэр лічыць, што ў такіх выпадках працаўнікам застаецца толькі зьвяртацца па дапамогу да незалежных прафсаюзаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG