Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балканская баляда Джалі выклікае воплескі і праклёны


Анжаліна Джалі перад прэм'ерай у Сараеве

Анжаліна Джалі перад прэм'ерай у Сараеве

Фільм Анжаліны Джалі пра балканскую вайну вяртае публіку да напятых эмоцый. Пасьля ўчорашняй пасьпяховай прэм’еры ў Сараеве ў Бялград Джалі вырашыла ня ехаць.

Адна з самых высокаплатных акторак Галівуду, часта называная таксама самай прыгожай жанчынай сьвету, дэбютавала ў ролі рэжысэра і сцэнарыста мастацкай стужкі. Фабула «У краі крыві і мёду» («In the Land of Blood and Honey») відавочна нарадзілася ў выніку паездак Джалі ў рэгіёны канфліктаў. Зьяўляючыся паслом добрай волі ААН, Джалі часта наведвала і Балканы. Па словах актрысы, тут яна выслухала з вуснаў жанчынаў шмат жыцьцёвых гісторый. Героі яе фільмовай гісторыі Даніэл і Айла спрабуюць захаваць пачуцьці на фоне вайны, гвалту і забойстваў, на фоне ціску іх сем’яў і этнічных групаў, што ўрэшце становіцца немагчымым.

Яшчэ да свайго зьяўленьня фільм «У краі крыві і мёду» выклікаў прэтэнзіі да нерэалістычнасьці сюжэту: каханьня сэрбскага афіцэра і згвалтаванай ім басьнійскай мусульманкі. Пратэсты некаторых ахвяр ваенных згвалтаваньняў спынілі здымкі фільму ў Босьніі, заканчэньне здымалася ў Вугоршчыне. «Я ведаю, што гэты фільм верне многія балючыя ўспаміны, гэта нялёгкая стужка для гледачоў», — сказала Джалі перад сараеўскай прэм’ерай. Многія гледачы ацанілі фільм як цяжкую, але сьмелую праўду. Тым ня менш, басьнійскія сэрбы выказваюць меркаваньні, што Джалі не ўдалося захаваць балянс у паказе ўсіх зьверстваў у Босьніі. Сэрбскі рэжысэр Эмір Кустурыца назваў фільм Джалі галівудзкай прапагандай.


«Я ня маю антысэрбскіх пачуцьцяў, — запэўніла Джалі, адказваючы журналістам у Сараеве. — Але сумна, што гэтае пытаньне задаецца, і яно паказвае, што рэгіён застаецца падзеленым да сёньня». Паводле Джалі, яе фільм можа быць карысным рэгіёну, бо калі людзі гавораць і дыскутуюць пра мінулае, яны знаходзяць нейкі выхад у будучыню. Тым ня менш, актрыса вырашыла не прысутнічаць на паказе фільму ў Бялградзе, тлумачачы гэта ня столькі пагрозамі на свой адрас, але і тым, што кампанія нянавісьці, што цягнецца ў тамтэйшых мэдыях, не дазволіць гледачам успрыняць фільм «чыстымі вачыма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG