Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі, лідэр партыі «Справядлівая Расія» Сяргей Міронаў адказаў на пытаньні сайту Telegraf.by --> http://telegraf.by/2012/02/rossiiskii-kandidat-v-prezidenti-eksklyuzivnoe-intervyu-telegraf-by . Расейскі палітык раскрывае сваё бачаньне беларуска-расейскіх дачыненьняў у выпадку яго абраньня прэзыдэнтам.

Telegraf.by: Якая будучыня супольных інтэграцыйных утварэньняў (Саюзнай дзяржавы, Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы)?

Міронаў: Перш за ўсё, я хацеў бы зьвярнуць увагу паважаных беларускіх чытачоў на тое, што інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы даволі актыўна разьвіваюцца, і ў гэтай сувязі расейска-беларускае ўзаемнае прыцягненьне цалкам пераканаўчае таму пацьверджаньне. Такія цэнтралізатарскія тэндэнцыі ў адносінах паміж нашымі краінамі, на маю думку, непазьбежныя па цэлым шэрагу аб’ектыўных прычын. Як мінімум, гэта гістарычная, культурная, моўная і духоўна-рэлігійная блізкасьць нашых народаў. Разам з тым існуюць і зьнешнія фактары, напрыклад, працэсы глябалізацыі, сусьветны эканамічны крызіс, якія зьяўляюцца дадатковым стымулам для разьвіцьця партнэрскіх дачыненьняў.

Як адказны грамадзянін і палітык, я лічу для сябе важным садзейнічаць будаўніцтву Саюзнай дзяржавы (СД). Ужо сёньня ў СД мы маем добра структураваную аснову і досыць функцыянальныя мэханізмы кіраваньня.Ёсць Найвышэйшы Дзяржаўны Савет, Парлямэнцкі Сход, Савет міністраў і Пастаянны камітэт, які, дарэчы сказаць, і праводзіць у жыцьцё рашэньні найвышэйшых саюзных органаў. На практыцы гэта азначае, што разнавэктарныя дачыненьні паміж нашымі краінамі паступальна разьвіваюцца. Паказальна і тое, што на дадзеным этапе ў рамках СД рэалізуецца каля 40 супольных праграмаў.

Як мы ўжо ведаем, чарговым этапам па фармаваньні Мытнага саюзу (МС) у рамках Эўразійскай эканамічнай супольнасьці стала пагадненьне аб адмене мытнага кантролю на ўнутраных межах краін МС, якое ўступіла ў сілу з 1 ліпеня 2011 году.
Своечасовая падтрымка з боку Расеі выглядае цалкам натуральным актам добрай волі ў дачыненьні да брацкага народу Беларусі.

Вядома, пытаньне фармаваньня МС далёка ня простае, ёсьць складанасьці, напрыклад, па адзінай візавай палітыцы, аднак няма ніякіх сумневаў, што існуючыя рознагалосьсі неабходна пасьлядоўна пераадольваць.

Станоўчыя рашэньні па цэлым шэрагу мытных пытаньняў прывялі да пачатку функцыянаваньня з 1 студзеня 2012 году Адзінай эканамічнай прасторы паміж краінамі Мытнага саюзу — Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам. Хочацца спадзявацца, што гэтым мы заклалі добрую аснову для стабільнага і эфэктыўнага разьвіцьця эканомік саюзных дзяржаў і павышэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва.

Telegraf.by: Ці будзе Расея і надалей аказваць датацыйную падтрымку беларускай эканоміцы?

Міронаў: Напэўна, не раскрою таямніцы, калі скажу, што адносна невялікай эканоміцы Беларусі даволі складана выжываць у сучасных умовах глябальнай палітыка-эканамічнай турбулентнасьці. У такой сытуацыі своечасовая падтрымка з боку Расеі выглядае цалкам натуральным актам добрай волі ў дачыненьні да брацкага народу Беларусі. У апошні час з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС Менску была выдзеленая фінансавая дапамога памерам 3 млрд. даляраў ЗША. Не застаўся ў баку і расейскі Ашчадбанк, які крэдытаваў нашых суседзяў на суму 1 млрд. амэрыканскіх даляраў.

Расійскія інвэстыцыі ўліваюцца ў беларускую эканоміку праз рэалізацыю такіх узаемавыгадных праектаў, як будаўніцтва ў рэспубліцы атамнай электрастанцыі. На гэтыя мэты мы вылучаем крэдыт 10 млрд. даляраў ЗША — і гэта, наколькі я ведаю, цяпер самыя маштабныя інвэстыцыі на тэрыторыі Садружнасьці незалежных дзяржаваў.

Істотныя датацыі паступаюць і па лініі нафтагазавага супрацоўніцтва. Прывяду
У нашых народаў няма іншага шляху, акрамя як жыць адзінай, дружнай сям’ёй.

толькі самыя яркія прыклады. У выніку дамоўленасьцяў паміж Масквой і Менскам беларусы былі вызваленыя ад выплаты нафтавым пасярэднікам значных камісійных. Акрамя таго, Беларусь атрымала так званыя «інтэграцыйныя зьніжкі» на расейскі газ, што паводле ацэнак спэцыялістаў, дасьць магчымасьць рэспубліцы зэканоміць у 2012 годзе прыкладна 2,3 млрд. даляраў ЗША.

Дый у беларусаў таксама ёсьць што нам прапанаваць — ад недарагіх, але якасных тавараў тэкстыльнай вытворчасьці, да цалкам канкурэнтназдольнай прадукцыі цяжкай прамысловасьці. У любым выпадку, я лічу, што аказваць сябрам разумную фінансавую падтрымку ў мэтах гарманізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва — гэта верны шлях.

Telegraf.by: Ці далучыцца Расія да санкцый, уведзеных ЭЗ і ЗША ў дачыненьні да беларускіх уладаў?

Міронаў: На гэтае пытаньне я дазволю сабе адказаць коратка. Упэўнены, што любы дыялёг шмат лепшы за самыя абгрунтаваныя санкцыі. Ціск звонку, як, зрэшты, і любая іншая форма гвалтоўнага ўзьдзеяньня, што сыходзіць хай нават ад такіх аўтарытэтных міжнародных інстытутаў як Эўрапейскі Зьвяз або такіх краін, як ЗША, будзе контрапрадукцыйная. Як мы ўжо добра ведаем, нават прымусовая зьмена кіруючых рэжымаў у асобных краінах ня здольная паскорыць працэсы дэмакратызацыі грамадзтва.

Telegraf.by: Якая будучыня рэжыму прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі?

Міронаў: Тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Рыгоравіча заканчваецца ў 2015 годзе.
Я б ня стаў называць усіх удзельнікаў пратэставых палітычных акцый палітвязьнямі.

За гэты час, на мой погляд, у яго ёсьць усе шанцы прадэманстраваць свой стваральны пачатак на шляху маштабных інтэграцыйных працэсаў паміж нашымі краінамі. Я ня буду выступаць у ролі аракула далейшага лёсу А. Г. Лукашэнкі, хай гэта зробіць сам беларускі народ у рамках існуючых дэмакратычных працэдур. Аднак не выключаю, што ягоны шматгадовы досьвед працы на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і моцныя асабістыя якасьці будуць запатрабаваныя і ў далейшым.

Telegraf.by: Ці будзеце Вы настойваць на вызваленьні беларускіх палітвязьняў?

Міронаў: Я б ня стаў называць усіх удзельнікаў пратэставых палітычных акцый палітвязьнямі. Сытуацыя неадназначная і таму патрабуе правядзеньня стараннага расьсьледаваньня. Мне таксама вядома, што тыя арыштаваныя, якія напісалі прашэньне аб памілаваньні, ужо выпушчаны на волю. Тым ня менш, лічу, што прэзыдэнт А. Г. Лукашэнка цалкам мог бы праявіць велікадушнасьць і амніставаць астатнюю частку беларускіх апазыцыянэраў.

У заключэньні хацеў бы дадаць: пройдуць гады, і прырода, як гаворыцца, возьме сваё, маючы на ўвазе, што ў нашых народаў няма іншага шляху, акрамя як жыць адзінай, дружнай сям’ёй, у якой няма моцных і слабых, галоўных і другарадных, а ёсьць правільныя арыенціры, жаданьне і сілы дамагчыся стабільнай будучыні для кожнага з нас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG