Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адным беларускім горадзе «праваслаўныя просяць адмяніць опэру «Ісус Хрыстос-супэрзорка».

Прачытаў навіну і засмуціўся: нядаўна ксёндз мне гэты твор пакінуў у кампе, каб я паглядзеў, трэба будзе. Але нейк уеліся з савецкіх часоў іранічныя куплеты, пераробка опэры гэтай, дзе рэфрэнам: «Наш Ільліч, наш Ільліч, наш дарагі Леанід Ільліч!» Наш савецкі «бог».

Днямі на менскім кніжным кірмашы пагартаў цікавага мне Нормана Мэйлера, раман «Эвангэльле ад Сына Божага». Аўтар піша ад імя Хрыста яго жыцьцёвую гісторыю. Словам, калі хто яшчэ сумняваўся ў ягоным існаваньні, вось вам мой асабісты аповед: я сапраўды быў, пачуйце пра гэта ад першай асобы… Добра, хоць тыя праваслаўныя не гарталі раман Мэйлера. Напэўна ж ён хацеў наблізіць Хрыста да сучасных людзей, зрабіць яго больш зразумелым. Мэта «Ісуса Хрыста-супэрзоркі» была такой жа. Але наўрад ці ім спадабалася б такая кніга.

Па-беларуску


Можа мала дзе бываю, але за апошні час у вялікай прысутнасьці людзей беларускую мову даводзілася чуць толькі на зьезьдзе пісьменьнікаў і ў касьцёле. Праваслаўныя таксама ў касьцёл ходзяць, дзеля мовы. Заплюшчыш вочы і слухаеш яе, партызанку, за якой карныя брыгады палююць, каб нідзе ніколі не адчувала сябе зусім у бясьпецы, каб ня мела спакою. А тут калі ласка, нават калі ксёндз не заўжды правільна гаворыць, гэта ўсё роўна па-беларуску.

Людзі розны маюць узровень, датычыць розуму і душы, зразумелая рэч. Кожны па-свойму на набажэнства ходзіць. Бабулька, якая некалі яшчэ дзіцём наведвала, адныя думкі, пачуцьці мае. Інтэлігент ходзіць да касьцёлу, бо ён трымаецца свайго, традыцыі. Абрад, які паўтараецца, завучаныя словы… Але яны гучаць як прысяга, як гімн, як вершы. Разам на гэтым трымаецца ў табе твая сьвядомасьць, карані, падмуркі, продкі.

Чалавеку часта патрэбная вера не як неакрэсьленае прадчуваньне, здагадка, а пазначаная канкрэтнымі словамі. Ты ў натоўпе альбо стаіш збоку: міма цябе рухаюцца чужыя табе людзі. Калі задумацца, задаць сабе пытаньне ў гэтую хвілю: ува што ты верыш? Што табе дапамагае трываць тут? Ты верыш у гэтак званую беларускую дзяржаву? Не. Ва ўладу, Закон? Ха-ха-ха! У народ гэты? Божа барані! І хацеў бы, але ну ніяк! Адчуць навокал сябе менавіта народ складана. Трэба прызнацца сабе: ты сярод натоўпу самотных людзей і сам такі ж самы. Калі спытаць — у што яны самі вераць? Адказы будуць прыблізна такія: у сябе, у свае сілы, у свае рукі альбо — ня веру ні ўва што больш.

Але многія спрабуюць яшчэ трымацца за ранейшую саломіну — веру ў добрага цара і дрэнных баяраў, хаця атрымліваецца гэта ўсё горш і горш, рукі апускаюцца ад такой веры «з душком», а выкінуць у сьметніцу боязна. Скажам шчыра: вера беларуская на ўзроўні, хай ужо не прыгонных, але — парабкаў. Вера несвабодных людзей. У краму схадзіць замяніць «тавар» не атрымаецца, у прадаўца ён увесь аднолькавы.

Не, не хачу так, ня буду, як іншыя. Бо дзеля чаго прыдумана, скажам, «Бог. Гонар. Айчына»? Або — «Жыве Беларусь!» А Пашкевіч Алаіза нашто з сэрца выкрасіла некалі «Веру беларуса»? Радкі папросту для шыхта армейскага: «Веру, братцы, у нашу сілу, веру ў волі нашай гарт», «Мы ня з гіпсу, мы — з каменьня, мы — з жалеза, мы — са сталі, нас кавалі у пламеньні, каб мацнейшымі мы сталі». Беларус не чытае вершаў, у лепшым разе са школьнай праграмы ўрыўкі ў галаве. Але ў снах неўсьвядомлена яму бачыцца ён сам-мацак, калі ня рыцар на кані, якога начальства жахаецца, як статуі Камандора, то хаця б герой-партызан, якому вельмі не даспадобы прысланы з Масквы энкавэдыст, каб кіраваць у лесе.

Твае тры сланы


Любому чалавеку важна знаць, на чым ён трымаецца, мець свой грунт. Урэшце цэлае жыцьцё мы дбаем пра сваю купіну. Але варта тады навучыцца быць мэтадычным у дзеяньнях, не мітусіцца, намацваць сваё не цапу-лапу, а спакойна, як падчас пошуку супрацьпяхотных мінаў. Так, гэта важна, бо ёсьць людзі, у якіх не адчуваецца трывалай глебы пад нагамі. Ня ведаю, ці ад чалавека самога больш залежыць, ці ад абставін, але застаецца ўражаньне плынных пяскоў у яго пад нагамі. Нічога ня зробіш: ён мусіць падаць крыжам і спрабаваць даць сабе рады, пакуль не зацягнула з галавой.

Мадзьярскі празаік Імрэ Кэртэш, як нямала іншых пісьменьнікаў, скептычна ставіцца да ідэі аб існаваньні Бога, да рэлігіі (у яго свае прычыны — прайшоў праз Бухэнвальд), але ён назірае за жыцьцём, па-філязофску асэнсоўваючы яго часта абсурдны зьмест. Аднойчы ён сказаў сабе: «У любым разе чалавек можа жыць толькі такім чынам, каб Бог нібы быў». Аднак дадаў пазьней: «Калі я кажу: Бог, відавочна гэта толькі мэтафара, як зрэшты ўсё, што гавару, альбо што магу сказаць, што ўдаецца сказаць словамі».

Аб чым гэта можа сьведчыць? Фундамэнтальныя пытаньні аб сэнсе жыцьця, Богу, чалавек так ці інакш мусіць задаваць сабе. Гэта адно. Другое: верыць чалавек жалезна ці, наадварот, ня верыць — у Бога, у сябе, у краіну, унутры адбываецца пастаяннае змаганьне — зь верай і няверай, з самім сабой, шалі пераважваюць то ў адзін, то ў другі бок. Урэшце можна імкнуцца быць з граніту, але нельга быць гранітам.

Мы выбіраем для сябе, адраджаем адны звычаі і традыцыі і адпрэчваем навязаныя нам. На чым стаіш, што цябе мацуе? — важныя рэчы. Той жа Кэртэш лічыць, што мы не да канца згубленыя, калі ведаем уласныя звычаі. Ён жа гаворыць пра вагу традыцыі. Нават калі ты вольны стралок, калі табе гідкі навакольны канфармізм, «недастаткова ні да чаго не належаць, трэба па магчымасьці ведаць, да чаго ты належыш».

Так, але чалавек не гадзіньнікавы мэханізм, немагчыма, каб усе колцы, шасьцярэнькі счапляліся ідэальна, адзіна магчымым чынам. Штосьці табе вядома больш дакладна, а ў іншае ты стараесься верыць інтуітыўна. Мы бярэм на веру, што плянэты круцяцца колам, але ня можам схадзіць спраўдзіць. Мы ведаем, як было прыдумана радыё, але ўбачыць, тым больш памацаць радыёхвалі ніяк ня можам. Адзін францускі кароль, якога хацеў выпрабаваць кардынал пытаньнем пра веру ў «чысьцец», адказаў дыпляматычна: «Я прымаю каталіцкае вучэньне, але не магу паверыць у тое, што вышэй за маё разуменьне».

Спраўдзіць час


Калі пішаш, паразмаўляць «за літаратуру» — гэта самае цікавае, але звычайна няма з кім, падоўгу варысься ў сваім соку. Выйсьце? Пастаянна паглыбляесься: рэцэнзіі, гутаркі з аўтарамі, пісьменьніцкія дзёньнікі, роздум аб рамястве. Размова пра жыцьцё таксама важная. Надарылася нейк добрая нагода: ксёндз наведваў «па Калядзе» кватэры. Паразмаўлялі па-беларуску, папілі гарбаты. Адчуваньне збольшага набытай духоўнай раўнавагі.

Чытаю сёньня: праваслаўныя наступнага беларускага гораду супраць «Ісуса Хрыста-супэрзоркі». Што ж, ім можна часам і пакапрызіць, яны на кані, у «бога» запазухай, да іх начальства на вялікія сьвяты прыяжджае ў сабор жыцьцю вучыць, давер аказвае. Забараніць «Хрыста», ён дрэнны, нянаскі! Прэч з такім «Хрыстом»!

У любое надвор’е стараюся ў канцы дня схадзіць спраўдзіць час. Пешаходная вуліца: па пяцьсот мэтраў туды і назад. Горад правярае свае гадзіньнікі па вежавым — высока ў небе. Гэта важна. Новы цыфэрблят, стрэлкі старога, магдэбурскага яшчэ дзыгара. Сёньня ён на званіцы каталіцкай Катэдры. Але насамрэч гэта ратушны гадзіньнік. Ратушу маскоўскія стральцы цара Аляксея Міхайлавіча зруйнавалі, але мэханізм сяк-так удалося захаваць. У савецкі час гадзіньнік маўчаў, сёньня ён кожныя чвэрць часу абзываецца звонам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG