Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль «стрымана ставіцца» да таго, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні


Ізраіль «вельмі стрымана ставіцца» да праблемаў з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі і не ініцыюе такіх пытаньняў. Пра гэта заявіў новы амбасадар Ізраілю ў Беларусі Ёсіф Шагал.

Журналісты пацікавіліся ў амбасадара Шагала: ці дзейнічае Ізраіль у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі ў тым жа самым рэчышчы, што і ягоны асноўны партнэр па зьнешняй палітыцы — Злучаныя Штаты Амэрыкі? Дыплямат адказаў, што на міжнароднай арэне Ізраіль пры абмеркаваньні становішча ў Беларусі стараецца быць «максымальна стрыманым»:

«Літаральна гадзіну таму мы гаварылі пра гэта ў Міністэрстве замежных спраў. Мы вельмі стрыманыя, максымальна стрыманыя ў гэтых пытаньнях. І ў рамках гэтай стрыманасьці мы ніколі не прад’яўлялі сур’ёзных прэтэнзіяў да Беларусі. Калі ж Ізраіль галасаваў, то гэта было дастаткова парытэтна з галасаваньнем Беларусі ў ААН па складаным комплексе ізраільска-палестынскіх дачыненьняў, калі Беларусь традыцыйна галасуе супраць Ізраілю.

Што ж тычыцца глябальнага падыходу, то Ізраіль стрымана ставіцца да тых пытаньняў, якія ініцыююць на міжнародным роўні адносна Беларусі Дзярждэп ЗША і Эўразьвяз. У нас ёсьць адпаведныя саюзьніцкія адносіны. І мы галасуем у міжнародных арганізацыях згодна зь імі. Аднак Ізраіль не ініцыюе такіх працэсаў. Гэтаксама як і Беларусь не ініцыюе антыізраільскія акцыі».

Такой пазыцыі Ізраіль прытрымліваецца ўжо даволі працяглы час — адзначае беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў, які на запрашэньне МЗС Ізраілю наведваў гэтую краіну:

Хоць нам у ёй сёе-тое і не падабаецца, але да нас гэта ня мае непасрэднага дачыненьня ...

«Гэта такая палітыка нэўтралітэту. Хоць нам у ёй сёе-тое і не падабаецца, але да нас гэта ня мае непасрэднага дачыненьня. Ізраіль не адносіцца да вялікіх краінаў, уплыў яго на Беларусь нязначны. І таму лезьці паперад іншых ён лічыць для сябе немэтазгодным. Але ж такая палітыка Ізраілю. Як кажуць, ёсьць як ёсьць».

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі прагучала і традыцыйнае пытаньне: калі ж нарэшце грамадзяне Беларусі і Ізраілю пачнуць езьдзіць адзін да аднаго бязь візы, так, як гэта робяць жыхары Расеі альбо Ўкраіны?

Амбасадар Шагал у адказ сказаў, што напрыканцы сваёй кадэнцыі ён спадзяецца вярнуцца ў Ізраіль зь Беларусі ўжо без афармленьня візаў. Пакуль жа ў амбасадара складаецца ўражаньне, што ізраільскі бок больш зацікаўлены ў бязьвізавым рэжыме:

«Я чуў тут такія рэплікі кшталту: адменім візавы рэжым, і ад гэтага выйграе толькі Ізраіль. Таму што ў Ізраіль хлынуць беларускія турысты, а да нас — хто? Гэта, я сказаў бы, такі павярхоўны погляд. Насамрэч, я думаю, тут выгоды двухбаковыя».

Ёсіф Шагал, якому 25 сакавіка споўніцца 63 гады, распавёў на прэсавай канфэрэнцыі, што лічыць сябе найперш журналістам. У гэтай галіне ён працаваў 36 гадоў. Дзяцінства і юнацтва правёў у Баку. Служыў у савецкім войску ва Ўруччы разам з кампазытарам Эдуардам Зарыцкім. Жонка новага амбасадара і ягоная радня па гэтай лініі — беларускія габрэі. Да знакамітага мастка Марка Шагала ніякага дачыненьня дыплямат ня мае.
XS
SM
MD
LG