Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць «Свабоды» — старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Соўсь: Амаль два месяцы за кратамі галадае віцебскі актывіст Сяргей Каваленка. Сёньня вы зьвярнуліся да яго з заклікам спыніць галадоўку. Яму могуць перадаць ваш заклік? Як вам падаецца, ці могуць мець вынік галадоўкі пратэсту ў сучаснай Беларусі?

Пазьняк: Да Каваленкі не падпускаюць ні жонку, ні маці, і стараюцца не пускаць і адваката, так што ёсьць цяжкасьці. Тым больш, што трэба сьпяшацца, бо настае крытычны момант — ён можа памерці. Але спадзяюся, што патрабаваньне людзей спыніць галадоўку да яго дойдзе. Свайго гонару ён ня страціць, бо галадоўку яму гвалтам спынілі турэмшчыкі, калі пачалі ўводзіць харчаваньне ў ягоны арганізм насільна. Сэнсу галадаць больш няма, бо турэмшчыкі стварылі сабе алібі. У выпадку сьмерці яны скажуць, што яго ратавалі, хаця ўсё якраз наадварот, яны нішчылі яго здароўе. Таму трэба разумна т асьцярожна выходзіць з галадоўкі. Каваленка ўжо перамог іх тым, што зграя ня вытрымала і накінулася на яго, пачала гвалтам карміць. Маральна ён ужо перамог. І спадзяюся, што меркаваньні такія да яго дойдуць.

Соўсь: У беларускіх турмах адбываецца шмат трагедый, драматычных сытуацый. Палітвязьні вымушаныя пад ціскам пісаць прашэньні аб памілаваньні, становяцца інвалідамі, пакутуюць сем’і, людзі ня маюць магчымасьць разьвітацца са сваімі памерлымі роднымі. Што бы вы сказалі сёньняшнім палітвязьням?

Пазьняк: Будучы на свабодзе, цяжка нешта казаць палітвязьням, таму я магу толькі выказаць некаторыя развагі. Па-першае, каб ведалі, што вольныя беларусы ў грамадзтве сочаць за імі, падтрымліваюць і натхняюцца на змаганьне. Гэта, дарэчы, і вынік галадоўкі, пра якую вы казалі ў пачатку. Сваімі пратэстамі гэтыя людзі гартуюць дух беларусаў, тых, хто не ў турме. Людзі сочаць, назіраюць за імі, іхная ахвяра не марнуецца. Такія людзі як Аўтуховіч, Каваленка — гэта прыклады моцнага духу. Гэта дзейнічае на людзей, схіляе іх да змаганьня.

Але павінна быць пакінута брама самазахаваньня. Кожны мусіць яе стварыць сам. Гэта ізноў жа не парада, гэта мае разважаньні, разважаньні з гісторыі, і ня толькі Беларусі. Бо чалавек, трапіўшы ў такія цяжкія ўмовы як нашыя беларусы, і пачынаючы галадоўку, павінен мець рэальныя патрабаваньні. Скажам, у Аўтуховіча, у Каваленкі яны абсалютна рэальныя. Як гэта чалавека засудзіць і мучыць за падняцьце сьцяга? Катаваць даваць яму тры гады за сьцяг, які быў дзяржаўным сьцягам Беларусі, якому тысяча гадоў. Што гэта такое? Зафіксавалі, што ён на хвіліну спазьніўся дахаты. Гэта ж зьдзек! Таму і маральнае, і юрыдычнае права на баку Каваленкі і Аўтуховіча. Тут рэальныя патрабаваньні.

І другое, канечне трэба мець на ўвазе, хто кіруе ўладай. Нельга мець ілюзіяў. Трэба разумець, што ўладай кіруе нікчэмнасьць. Калі гэтага ня мець на ўвазе, то можна памыліцца. Некалі ірляндзкія патрыёты, змагары за вольнасьць Ірляндыі, трапілі ў турму і аб’явілі галадоўку. Яны спадзяваліся, што Тэтчэр пойдзе на нейкія рашэньні ў сувязі зь іх гатоўнасьцю на сьмерць. Яны, відаць, падумалі, што Тэтчэр гэта ангельская каралева. Але ў Тэтчэр не было такога мысьленьня, якое павінна было быць у высокага дзяржаўнага дзеяча. Яна сказала, што гэта іхныя праблемы, і яны ўсе памерлі. Дык вось паўтаруся, што нельга паміраць за нікчэмнасьці. Кожны з нашых змагароў, з нашых герояў у турме павінны гэта памятаць. Зараз для Каваленкі ёсьць брама адыходу. Іхныя нэрвы ня вытрымалі, што яны пачалі яго насільна карміць. Ён павінны выйсьці з галадоўкі, маральная перамога за ім.

Яшчэ я хацеў бы сказаць у сваіх развагах: што б ні здарылася, чалавеку трэба памятаць, што ён не адзінокі, бо ёсьць Бог. Трэба зьвяртацца да яго ў думках і малітвах, стукацца ў яго дзьверы, і яны адчыняцца. Гэта ўмацуе чалавека. Гэта ня проста мае абстрактныя разважаньні. Ёсьць прыклады, якія я хачу прывесьці. Першым такім вязьнем быў фронтавец Валеры Сядоў. Яго арыштавалі ў 1990-м годзе, і ён некалькі месяцаў сядзеў, у 91-м ён быў у карцары, над ім зьдзекаваліся і ён аб’явіў галадоўку. Я гэта добра ведаю, бо асабіста займаўся гэтай справай, прайшоў «Валадарку» зьверху данізу, быў у камэрах, але ня здолеў дайсьці да яго, яго схавалі. Аднак тады падняўся ўвесь сьвет. Нават у Аўстраліі беларусы пратэставалі, зьбіралі грошы. І нам удалося Валеру выцягнуць з турмы. Ён быў скура і косьці.

І вось ён мне расказваў, што калі ён галадаў, яны хацелі яго зламаць і кінулі ў карцар — такі каменны мяшок, дзе ні ляжаш, ні сядзеш, холадна і цёмна, і няма ніякай арыентацыі ў прасторы.

Колькі ён там дзён сядзеў, ён ня ведаў, бо не арыентаваўся. Ён мне расказваў пра страшныя адчуваньні, тым больш што ён чалавек эмацыйны. І тады ён у цемнаце пачаў прасіць Госпада. Ён ніколі ня верыў, але тут ён адчуў яго прысутнасьць. Ён пачаў прасіць дапамогі, адчуў, што ён зь ім размаўляе, і гэта дало яму сілы. Вось вам жывы прыклад, што чалавек ня верыў у Бога, але апынуўшыся ў такіх цяжкіх абставінах, ён адчуў, што ён не адзінокі. Ён зьвярнуўся і атрымаў сілы.

Соусь: Некаторыя палітвязьні ня вытрымалі гэтага ціску і напісалі прашэньне аб памілаваньне, і ў беларускім грамадзтва ідзе дыскусія, ці гэта было слушнае рашэньне? Якой меркай людзі на свабодзе могуць ацэньваць гэтае рашэньне? Якое Ваша стаўленьне, і які будзе лёс палітвязьняў?

Пазьняк: Тут ёсьць два аспэкты. Адзін — палітычны аспэкт, гэта вельмі цяжкі аспэкт, бо ён поўны абсурду. Чалавека кінулі ў турму, над ім зьдзекуюцца і катуюць, каб ён напісаў прашэньне аб вызваленьні. Поўны абсурд! Але гэта абсурд мае пад сабой шызафрэнічную лёгіку. Ідзе барацьба за душу чалавека, каб потым самаісна распараджацца ягонай душой. Калі чалавек падпіша такое прашэньне, значыцца, кат мае пэўнае алібі — ён, як кажуць, свабодна можа прадаваць гэты тавар, у залежнасьці ад каньюнктуры. У якія яшчэ мазгі могуць прыйсьці такія паводзіны — кінуць людзей у камэру і пачынаць іх катаваць — «пішы мне прашэньне, каб я цябе вызваліў!». Дык вось, у гэтым сэнсе, у палітычным, трэба разумець, што падпісаньне такога прашэньня — гэта тое самае, што падпісаць ліст д’яблу. Гэта трэба разумець, якія з гэтага будуць вынікі і высновы.

Другі аспэкт вельмі істотны. Што людзей, якіх катуюць у турме, каб яны пісалі прашэньне і гэтак далей, — гэты абсурд датычыцца толькі іх. Яны не павінны, як кажуць, гуляць у напарстак з катам.

«Трэба табе прашэньне — калі ласка, бяры сваё прашэньне!». Бо ўсе бачаць, якім чынам выбіваюць гэтыя прашэньні. Яны ня маюць ніякай віны тут. Каб ад іх патрабавалі «закласьці» таварыша, нейкага выдаць, нейкага агаварыць — гэта іншая справа, тады трэба, як кажуць, стаяць моцна. Тут зусім іншае, тут цябе прымушаюць гуляць у напарстак. Ня трэба з катам гуляць у напарстак. І таму, тое, што гэтыя людзі гэта напісалі, калі ён выбіваў іхняе прашэньне — гэта якраз абсалютна рацыянальны і разумны ход. Іх ніхто іх за гэта не асудзіць. Яны нікога не прадалі, нікога ня выдалі, нікому дрэнна не зрабілі, акрамя як сабе. Ды і сабе ў дадзеным выпадку нічога дрэннага яны не зрабілі, акрамя таго, што вось падпісалі гэты ліст д’яблу. Таму што гэтым справа ня скончыцца, ён будзе гандлявацца, будзе гэта выкарыстоўваць, працягнецца далейшы ціск. Гэта трэба заўсёды памятаць. І грамадзкасьць, якая назірае за гэтым, павінна разумець такія рэчы.

Ведаеце што, я ўпершыню з такім спаткаўся, каб як кот з мышкам кат гуляў з людзьмі. Укінуць у камэру, катаваць — «пішы мне прашэньне!». Вось якая лёгіка гэтага абсурду і маразму. Трэба з гэтым разабрацца і грамадзтву, і, я думаю, самі вязьні з гэтым разьбяруцца. Гэта не выключае, безумоўна, вельмі небясьпечнай сытуацыі для іх у сувязі з гэтым падпісаньнем, але ў маральным сэнсе гэта абсалютна прымальна, пісаць такія цыдулкі, каб не гуляць зь ім у брудныя гульні.

Соўсь: Зянон Станіслававіч, Вы ніколі не задавалі сабе пытаньне, што бы вы адчувалі, рабілі, калі б трапілі ў беларускую турму?

Пазьняк: Ведаеце, на гэтае пытаньне адказаць цяжка. Таму што калі чалавек трапляе ў нейкія абставіны, ён дзейнічае згодна з канкрэтных абставінаў, і тут мне сказаць цяжка, бо трэба ведаць, што канкрэтна было б. Ва ўсякім разе, як і кожны чалавек, стараўся б трымацца годна, наколькі, як кажуць, дазволілі б сілы і здароўе.

Соўсь: Сёньня Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з супрацоўнікамі КДБ і заявіў, што галоўным прыярытэтам спэцслужбы на гэты год будзе «забесьпячэньне бясьпекі і свабоды волевыяўленьня беларускіх грамадзян на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах і абарона канстытуцыйнага ладу». Калі параўноўваць ролю КДБ у беларускім грамадзтве цяпер і 20 гадоў таму, то што зьмянілася і калі КДБ быў больш моцны і ўплывовы?

Пазьняк: Тое, што Лукашэнка паехаў у КДБ, і тое, што ён сказаў, азначае, што ён баіцца байкоту, і паставіў задачу перад гэбістамі, каб забясьпечылі прыгон насельніцтва на галасаваньне. Неўзабаве мы гэта ўбачым і адчуем.

Што датычыць моцнасьці КДБ, то КДБ быў моцны ў 1930-х гадах у Савецкім Саюзе, калі праводзіў масавыя рэпрэсіі, і моцны цяпер у Лукашэнкі ў гэтым рэжыме. Але цяпер ён фактычна выведзены з прававога поля і ператвораны ў паўкрымінальную структуру, якая абслугоўвае ўладу, абслугоўвае дыктатуру. Таму тое, якія функцыі цяпер выконвае КДБ, тое, чым КДБ займаецца, усё гэта будзе падлягаць крымінальным ацэнкам. Такая арганізацыя ў далейшым ня можа існаваць, яна павінна быць расфарміраваная, і гэтымі функцыянэрамі, не сумняваюся, будуць займацца і пракуратура, і судовы органы, таму што тое, што робіць цяпер Камітэт дзяржбясьпекі — гэта выкананьне рэпрэсіўнай палітыкі ўлады, суцэльнае парушэньне закону.

Як гэта можна ставіць задачу Камітэту дзяржбясьпекі займацца выбарамі? КДБ будзе займацца выбарамі? Забясьпечваць яўку людзей, адпаведныя галасы? І кіраўнік улады едзе ў КДБ ставіць такія задачы. Высновы з гэтага будуць, я спадзяюся, бо гэты рэжым ужо даходзіць да, так бы мовіць, унутранага абсурду ў сваіх паводзінах.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG