Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінігін: Сытуацыя з Купалаўскім — пад маім асабістым кантролем


У часе рэстаўрацыі тэатру імя Янкі Купалы ў Менску пры дапамозе цяжкай тэхнікі разбураная задняя частка будынка, дзе якраз месьцілася сцэна. Экспэрты Таварыства аховы помнікаў неадкладна заявілі, што ў адначасьсе зруйнавана ўсё, што было вартага ў гэтым будынку — сьведчаньне ягонай аўтэнтычнасьці. Між тым кіраўніцтва тэатру запэўнівае, што рэканструкцыя і рэстаўрацыя будынка адбываецца пад іх пільным кантролем і строга ў адпаведнасьці з праектнай дакумэнтацыяй.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што адносна мэтадаў «рэстаўрацыі», якія апошнім часам актыўна культывуюцца ў Беларусі, можна выказвацца толькі адным чынам...

«Толькі нецэнзуршчынай — у сувязі з тым, што праект, які спачатку разглядаўся на навукова-мэтадычных радах, прадугледжваў прыборку толькі наслаеньняў 1950-х гадоў, але аўтэнтыку трэба было захоўваць. Самае галоўнае, што пакуль я не магу дабіцца аб’ектыўнай інфармацыі. Адзін гаворыць, што ўсё паводле праекту, другі гаворыць, што нешта там „паехала“ і трэба дэмантаваць з інжынэрных меркаваньняў. Але, разумееце, я ў такім выпадку заўсёды рэагую аднолькава: гэта ўсё — лухта. Бо калі гаворка ідзе пра рэстаўрацыю, то першая задача пры гэтым — захаваньне аўтэнтыкі. І тут усё ж можна было пашукаць спосаб умацаваньня канструкцыі. Калі гэта немагчыма, то ёсьць варыянт рабіць дублюючыя нясучыя канструкцыі, а аўтэнтыку пакідаць без нагрузкі. У дадзеным выпадку можна сказаць толькі адно: гэта і ёсьць рэальны твар выкананьня дзяржпраграмы „Замкі Беларусі“. Бо калі на рэстаўрацыйную праграму даецца мінімум сродкаў — 15 мільярдаў рублёў на 6 гадоў — то і вынікі будуць адпаведныя».

Разам з тым мастацкі кіраўнік тэатру, рэжысэр Мікалай Пінігін запэўнівае, што нічога надзвычайнага ня здарылася, а разабраць сьцяну мусілі зь меркаваньняў бясьпекі як самога будынка, так і артыстаў, і будучых гледачоў. Спадар Пінігін раіць не турбавацца і ўсім астатнім:

«Гэта перабольшаньне, усё пад кантролем. Справа ў тым, што зараз разабралі сцэнічную пляцоўку, бо там былі вялікія шчыліны, таму што ўмацоўвалі падмурак тэатру. Паколькі сцэнічная пляцоўка будзе павялічвацца ў памерах, то гэта неабходна было зрабіць. Усе новыя падмуркі ўжо ёсьць і неўзабаве, калі марозы спадуць, пачнецца будаўніцтва. Пакуль толькі скончаная разборка будынка. Так што ўсё, што там адбываецца, пад маім асабістым кантролем, пад кантролем дырэктара тэатру, усё ўзгадняецца з намі. Тут задзейнічаныя і Міністэрства культуры, і Савет міністраў, таму яшчэ раз паўтараю: усё робіцца пад кантролем, нічога там такога няма звышнатуральнага, і я ня думаю, што трэба за нешта непакоіцца».

Карэспандэнт: «Усіх напалохала вялізная дзіра, дакладней, адсутнасьць сьцяны і, як вынік — страта аўтэнтычных фрагмэнтаў тэатру».

«Разумееце, ніхто, мабыць, ня ведае галоўнага: гэта ня проста рэстаўрацыя, гэта — рэстаўрацыя з рэканструкцыяй. А калі там падмуркі бутавыя — вялізныя камяні-валуны пакладзеныя на вельмі хісткі раствор — то ўзьнікае вельмі шмат праблемаў падчас рэстаўрацыі. Бо немагчыма сур’ёзнае сцэнічнае абсталяваньне пакласьці на тыя муры. То бок глядзельная заля засталася і будзе ў тым выглядзе, у якім і ёсьць, і фасад вяртаем гістарычны. Але тут цяжкасьць у тым, што напачатку трэба было рабіць трошкі інакш: неабходна было пакінуць гэты тэатар у спакоі, будаваць недзе новы, а потым вярнуцца ў гэты самы. Але зараз пра гэта гаварыць ужо немагчыма: гэта было яшчэ да мяне і вырашана, ня ведаю, гадоў 6–7 таму».

Тым ня меней асобныя экспэрты перакананыя, што фактам руйнаваньня Купалаўскага тэатру мусяць заняцца Камітэт дзяржкантролю і пракуратура.
Прыкладам, спадар Астаповіч лічыць, што цяпер ад знакамітай тэатральнай пляцоўкі застанецца ў лепшым выпадку толькі назва:

«Усё, дух Купалаўскага тэатру адышоў. У тэатры самае галоўнае — усё ж сцэна, а той сцэнавай каробкі ўжо няма. Бо тэатар, як вядома, пачынаецца зь вешака, а сканчаецца сцэнай. Але ж сцэны ўжо няма, вяшак толькі застаўся. Я асабіста такога радыкальнага бульдозэрнага рашэньня не чакаў. І нават калі гаварылі, што, маўляў, будзе закрывацца новымі канструкцыямі аўтэнтыка, я сам супакойваў людзей: а як па-іншаму зрабіць? Таму што і тэхнічнага начыньня трэба дадаць, і функцыю нармальную, бо нарматывы да тэатральных памяшканьняў таксама ж мяняюцца, людзям трэба чалавечыя ўмовы ствараць. Але так атрымалася, што падышлі так, як заўсёды. Я называю гэта нашым беларускім падыходам. У мяне сёньня ўжо нарадзілася адпаведнае параўнаньне: калі ў хрысьціянстве прынцып «не саграшыш — не пакаесься», то беларускі прынцып — «не зруйнуеш — не адрэстаўруеш».

Паводле аптымістычных прагнозаў Міністэрства культуры, абноўлены тэатар імя Янкі Купалы павінен прыняць першых гледачоў ужо ў верасьні 2012 году. Праўда, найбольшыя пэсымісты што да акрэсьленай даты — самі будаўнікі. Летась з-за крызісу фінансаваньне ўжо неаднаразова карэктавалася і няма ніякай гарантыі, што сёлета сытуацыя ў беларускай эканоміцы цалкам стабілізуецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG