Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэма беларуска-расейскіх адносінаў не знаходзіцца ў цэнтры цяперашняй расейскай выбарчай кампаніі і палітычнай барацьбы. Тым ня менш многія расейскія палітыкі не абыходзяць сваёй увагай гэтую тэму.

Напрыклад, у мінулыя выходныя адзін з лідэраў расейскай апазыцыі, змагар з карупцыяй Аляксей Навальны, выступаючы па ўкраінскім тэлебачаньні, заявіў:

«Я глыбока і абсалютна перакананы, што Украіна і Беларусь зьяўляюцца галоўнымі геапалітычнымі, якімі заўгодна саюзьнікамі Расеі. І наша зьнешняя палітыка павіньна быць максымальна накіраваная на інтэграцыю з Украінай і Беларусьсю... Я разумею, вядома, ўсе складанасьці, якія ёсьць зараз на Украіне. Вялікая колькасьць людзей, якія разыгрываюць нейкую антырасейскую карту. Вялікая колькасьць людзей у Расеі разыгрываюць нейкую антыўкраінскую карту і гэтак далей Але проста вось так атрымалася гістарычна. Фактычна мы адзін і той жа народ і мы павіньны ўзмацняць гэтую інтэграцыю».

Інтэрнэт-выданьне Telegraf.by зрабіла агляд пазыцый і выказваньняў пра Беларусь асноўных кандыдатаў у прэзыдэнты на сёлетніх расейскіх выбарах. Прапануем вам урыўкі з публікацыі.

Уладзімір Пуцін


Расійскі прэм’ер лічыць далейшую інтэграцыю дзьвюх краін адным з найважнейшых напрамкаў зьнешняй палітыкі Расеі. Пры гэтым ён заявіў, што адраджэньне СССР сёньня «немагчыма і не трэба».

Разам з тым яшчэ ў 2002 годзе Уладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі або ў якасьці асобнага суб’екта фэдэрацыі, або ў якасьці сямі суб’ектаў фэдэрацыі. «Катлеты асобна, а мухі — асобна», — адзначыў тады ён.

Характэрна таксама, што менавіта пры Пуціне паўсталі розныя «войны» паміж афіцыйным Менскам і Масквой: газавыя, нафтавыя, малочныя, інфармацыйныя, прычынай якіх былі рознагалосьсі паміж кіраўніцтвам дзьвюх краін.

У выпадку, калі Уладзімір Пуцін захавае за сабой уладу, Беларусь чакае чарговы віток інтэграцыі з яе ўсходняй суседкай. У сувязі з гэтым, а таксама ў сувязі з ахалоджваньнем адносінаў Масквы з Брусэлем і Вашынгтонам ізаляцыя афіцыйнага Менску ад краін Захаду можа толькі ўзмацніцца. Не выключана таксама, што пры Пуціне ў адказ на больш-менш незалежную ад Масквы палітыку беларускіх уладаў паміж Беларусьсю і Расіяй можа разгарэцца чарговы інфармацыйна-эканамічны канфлікт.

Уладзімір Жырыноўскі

Ідэолягам найбольш агрэсіўнай зьнешняй палітыкі Расеі, у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі, зьяўляецца кандыдат у прэзыдэнты ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Жырыноўскі. Як і большасьць іншых расійскіх палітыкаў, ён выступае за ўзьяднаньне краін-рэспублік былога СССР. Разам з тым ён зьяўляецца зацятым праціўнікам любых канфэдэрацый, паколькі яны, па словах Уладзіміра Жырыноўскага, па сваёй прыродзе нясуць у сабе патэнцыял сэпаратызму. Таму палітык выступае за ўваходжаньне іншых дзяржаў у склад Расеі новымі фэдэральнымі акругамі. Пры гэтым краінам прапаноўваецца нават адмовіцца ад іх назваў:

«Цяпер у нас 8 фэдэральных акругаў. Калі ласка. Дзевятая — Менская фэдэральная акруга, дзесятая — Кіеўская, 11-я — Адэская, 12-я — Харкаўская, 13-я — Астанінская, 14-я — Ташкенцкая, 15-я — Бакінская. Але акругі абавязкова павінны быць часткай адной дзяржавы. Можна выкарыстоўваць не толькі рускую мову, але і іншыя, аднак руская мова павінна быць супольнай», — заявіў ён на прэсавай канфэрэнцыі 16 студзеня 2012 году.

Генадзь Зюганаў

Генадзь Зюганаў зьяўляецца прыхільнікам разрыву Белавескіх пагадненьняў і шчыльнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. У прыватнасьці, ён выступае за аб’яднаньне Расеі, Украіны і Беларусі, лічачы, што такім чынам былыя саюзныя рэспублікі будуць больш канкурэнтаздольнымі ў Эўропе і ў сьвеце ў цэлым.

«Я лічу — наша агульная трагедыя, што ў 1991 годзе мы не зьбераглі адзіную краіну Для мяне рускія — гэта вялікаросы, маларосы і беларосы. Я лічу, што галоўная трагедыя нашых народаў — падзел, які тады адбыўся. Ён ненатуральны, анамальны, амаральны, а шмат у чым — злачынны. Таму ўзьяднаньне і ўзаемадзеяньне Расеі, Ўкраіны і Беларусі для мяне зьяўляецца галоўнай стратэгічнай задачай. Невыпадкова я кожны год прыяжджаю ў Крым, ва Ўкраіну, у Беларусь і ўсё раблю для таго, каб зрасьціць парваныя сасуды, вузлы і нікому не плаціць свайго роду даніну. На жаль, за той развал мы ўсе плацім жудасную, страшную даніну », - сказаў лідэр КПРФ у жніўні 2010 года.

Найбольш выразную заяву ў дачыненьні да Беларусі Генадзь Зюганаў зрабіў 27 студзеня 2011 года ў Страсбуры ў ходзе дыскусіі ПАРЭ па Беларусі. Паводле яго ў Беларусі «захаваўся палепшаны СССР».

«Ва ўсіх гарадах, дзе я быў, пабудаваныя новыя стадыёны, пры кожнай школе ёсьць спартовыя пляцоўкі. Ходнікі настолькі чыстыя, што дома можна хадзіць у вулічным абутку. У Беларусі не бывае тэрарыстычных актаў, пасьля развалу Саюзу яна ні з кім не ваявала. У ёй няма такой колькасьці маладых наркаманаў, як у Расіі. Тут няма алігархаў, якія ўплываюць на палітыку ўлады. Няма хросных бацькаў і паханоў, якія трымаюць у страху правінцыю. Зараз прыбалты езьдзяць у Беларусь за бэнзінам, за прадуктамі. І вязуць адтуль, (а не з Эўропы!) — ніжнюю бялізну. Часам мне наогул здаецца, што Беларусь -. адзіная краіна, якую не закрануў сусьветны крызіс», — заявіў тады ён.

Лідэр расейскіх камуністаў таксама заявіў, што арганізатары акцыі апазыцыі ў Менску 19 сьнежня 2010 года павінны адказаць за «Плошчу» па ўсёй строгасьці закона. «Тыя, хто ўдзельнічаў і плаціў, арганізоўваў, быў завадатарам, тут трэба да канца давесьці сьледзтва, і яны павінны атрымаць па поўнай», — адзначыў ён. На думку старшыні КПРФ, падзі, якія адбыліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску, былі «добра зрэжысыраваныя» заходнімі краінамі.

Сяргей Міронаў


Кандыдат у прэзыдэнты ад партыі «Справядлівая Расія» Сяргей Міронаў, калі быў старшынём Савету Фэдэрацыі ў 2001-2011 гадах, неаднаразова сустракаўся з беларускім лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам, як асабіста, так і ў складзе расейскіх урадавых дэлегацый.

Маронаў зьяўляецца пасьлядоўным прыхільнікам аб’яднаньня Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву. «Да Беларусі заўсёды было, ёсьць і будзе станоўчае стаўленьне. Гэта нашы браты-славяне. Мы павінны быць разам у рамках саюзнай дзяржавы, Фэдэрацыі, як заўгодна», — адзначыў ён у чэрвені 2011 года.

«Спрыяць інтэграцыйным працэсам на постсавецкай прасторы разам з узмацненьнем працы па стварэньні Эўразійскага саюзу, імкнуцца да стварэньня канфэдэрацыі славянскіх дзяржаваў ускладзе Расеі, Ўкраіны, Беларусі», — гаворыцца ў праграме кандыдата.

Міронаў падтрымаў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе, праўда, выказаўшы сумнеў у рэальнасьці агучаных беларускім ЦВК лічбаў. «Я ўжо не ведаю, як там наконт 78%, але тое, што больш за палову беларусаў шчыра прагаласавала за Лукашэнку, гэта праўда. Так, і тое, што ён перамог у першым туры, гэта не вынік нейкіх фальсыфікацый, нейкіх нацяжак. Я яшчэ раз хачу сказаць, магчыма, там рэальныя працэнты не 79, можа 59 ці 69, але тое, што большасьць грамадзян Беларусі шчыра галасуе за Лукашэнку, для мяне відавочна, хоць бы паводле прынцыпу — ад дабра дабра не шукаюць. Калі вы паглядзіце, калі хтосьці бываў у Менску, вы паглядзіце, як спакойна на вуліцах, як там жывуць людзі, то тады вы атрымаеце адказ, чаму яны галасуюць за Лукашэнку », - заявіў ён адразу пасьля выбараў.

Міхаіл Прохараў


У 2011 годзе Міхаіл Прохараў ўклаў грошы ў «Ё-мабіль», лягатып і двухколерную афарбоўку якога прыдумаў вядомы беларускі мастак Уладзімір Цэслер. Яго партнэрамі ў дадзеным праекце былі беларускі бізнэсовец Андрэй Бірукоў, выхадцы з Беларусі галоўны канструктар «Ё-мабілю» Андрэй Гінзбург і шэф-дызайнэр праекту Андрэй Трафімчук.

У перадвыбарнай праграме мільярдэра ні разу не згадваецца Беларусь. У зьнешняй палітыцы Міхаіл Прохараў выступае за шчыльнае супрацоўніцтва Расеі з ЭЗ. У прыватнасьці, алігарх плянуе ў выпадку свайго абраньня ўвесьці агульную з ЭЗ валюту на базе эўра і расейскага рубля, сумясьціць прававыя, эканамічныя і візавыя сыстэмы, стварыўшы ў выніку адзіны геаэканамічны цэнтар. Пры гэтым ён мае намер захаваць мытны саюз, увёўшы візавы рэжым з постсавецкімі рэспублікамі, якія ў яго не ўваходзяць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG