Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэміі «Люблю Беларусь» раздалі пад наглядам спэцназу міліцыі


У памяшканьні Беларускага ПЭН-цэнтру адбылася цырымоніі ўзнагароджаньня ляўрэатаў прэміі «Люблю Беларусь», якую заснаваў «Малады фронт». Пераможцы: Ігар Случак, Вячаслаў Дыянаў, Арцём Шаркоў, Раман Бязьсьмертны, Марына Коктыш, Ігар Жукоўскі, Юлія Ляшкевіч.

18.30 «Прэмія адметная тым, што сёлета ўпершыню пераможцаў вызначала журы — пераможцы мінулых гадоў. Таксама адметная тым, што ў намінацыі „Змагар году“ прэмію не атрымала пэўная асоба, бо змагарамі зьяўляюцца ўсе тыя мужныя людзі, якія цярпелі перасьлед падчас выбараў, якія выйшлі на вуліцы, працягваюць грамадзкую дзейнасьць. І, безумоўна, гэта тыя блізкія і дарагія нам людзі, якія і да сёньня знаходзяцца за кратамі. Таму „Змагар году“ будзе чакаць сваіх пераможцаў на волі, гэтая прэмія будзе чакаць іх тут», — кажа Наста Палажанка.

«Выпадкова пабачыў сваё імя сярод намінантаў гэтай прэміі і мне было вельмі прыемна, я ганарыўся гэты. Буду і надалей працаваць над тым, каб беларуская мова атрымала годнае месца ў Беларусі», — заявіў ляўрэт Ігар Случак.

Прывітаць ляўрэатаў прэміі прыйшлі таксама пераможцы мінулых гадоў і сярод іншых — былы палітвязень Андрэй Бандарэнка: «Тыя намінанты, якія атрымалі прэміі — сапраўды годныя, цудоўныя людзі, якія змагаюцца, каб мы былі вольныя і не залежылі ад кагосьці, хто трымае ўладу ў сваіх руках».

Летась спэцслужбы канфіскавалі ўзнагароды, сёлета арыштавалі аднаго зь заснавальнікаў прэміі Івана Шылу.

«Вельмі балюча, што Івана Шылы зараз тут няма і — гэта адна з тых брудных спраў, якія працягваюцца штогод. Улады робяць усё, каб любую сваю імпрэзу мы праводзілі ў межах кансьпірацыі. Хаця, безумоўна, прэмія „Люблю Беларусь“ — вартая імпрэза, яка павінна праходзіць у прысутнасьці тысячы чалавек. І я вельмі спадзяюся, што мы выйдзем на гэты ўзровень», — адзначыла Палажанка.




17.45 Пераможцы:

Намінацыя «Беларусізацыя» — гамяльчук Ігар Случак, які на заканадаўчым узроўні дамогся, каб чыноўнікі адказвалі на беларускамоўныя пісьмовыя звароты па-беларуску.

«Палітыка» — Вячаслаў Дыянаў за ініцыятыву маўклівых акцый пратэсту.

«Грамадзкая дзейнасьць» — Арцём Шаркоў за акцыі «Стоп-бэнзін».

«Pro-Belarus» — былы амбасадар Ўкраіны ў Беларусі Раман Бязьсьмертны за пасьлядоўную пазыцыю ў адстойваньні дэмакратыі ў Беларусі.

«Журналістыка» — намесьнік рэдактара газэты «Народная воля» Марына Коктыш.

«Спорт» — трагічна загінулы трэнер Ігар Жукоўскі, за папулярызацыю беларускай мовы ў спорце.

«Культура» — рэклямістка Юлія Ляшкевіч ў рамках кампаніі «Будзьма беларусамі!».


«Змагар году» — віртуальная прэмія ўсім палітзьняволеным, якія зараз застаюцца за кратамі, а таксама тым, хто летась прайшоў праз выпрабаваньні турмой.




17.00 Імпрэза праходзіць пад пільным вокам спэцназаўцаў міліцыі, аўтобус зь якімі прыпаркаваны побач з будынкам.

Незадоўга да пачатку мерапрыемства быў затрыманы і зьвезены ў невядомым напрамку адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Іван Шыла.



Аўтоус са спэцназам міліцыі ля будынку, дзе адбываецца імпрэза. Здымак з Faceebook'у Міхала Пашкевіча

Штогадовую прэмію «Люблю Беларусь» заснавала незарэгістраваная арганізацыя «Малады фронт». Сёлета яна ўручаецца трэці раз.

«Малады фронт» вызначыў намінантаў у катэгорыі «Змагар году» — Андрэй Пачобут, Мікіта Ліхавід, Андрэй Бандарэнка, Зьміцер Галко, усе 16 палітычных зьняволеных, якія застаюцца за кратамі.

Сёлетніх пераможцаў абірала журы, якое складалася з ляўрэатаў мінулых гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG