Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі рыэлтарскіх кантораў неафіцыйна пацьвярджаюць, што былы кіргіскі лідэр Курманбек Бакіеў купіў за 2 мільёны даляраў элітны катэдж у Раўбічах пад Менскам, аднак падрабязнасьці зьдзелкі падаваць баяцца — непакояцца, што гэта нэгатыўна адаб’ецца на бізнэсе.

Як кажуць супрацоўнікі агенцтваў нерухомасьці, ня так даўно зрынуты кіргіскі лідэр займеў у Беларусі ўласны кут. Адпачатку Бакіеў з маладой жонкай і двума малымі дзецьмі жыў у адным з санаторыяў у Бярэзінскім біясфэрным запаведніку, аднак ці то беларускі бок перастаў задавальняць спэцыфічны кватарант, ці то Бакіеў сабраўся пусьціць у Беларусі карані надоўга, але сытуацыя зьмянілася.

На ўмовах ананімнасьці адзін з рыэлтараў распавёў, што Бакіеў аформіў досыць адметную па беларускіх мерках зьдзелку: «У Раўбічах катэдж — цагляны, трохпавярховы, з цэнтральнымі камунікацыямі. Кошт — 2 мільёны 50 тысяч даляраў. Зразумела, што падобны кошт мае на ўвазе наяўнасьць усіх выгодаў, якія толькі можна сабе ўявіць».


Глядзецьвялікую мапу

Праўда, пры гэтым рыэлтар удакладняе, што кошт урэшце мог быць «зьбіты» да 1 мільёна 700 тысяч даляраў, бо такая папярэдняя дамоўленасьць з гаспадаром была. Таксама пакуль няма зьвестак, калі канкрэтна навасёлы мяркуюць перасяліцца ў новае жыльлё. Дарэчы, трапіць на тэрыторыю, дзе ў Раўбічах месьцяцца элітныя катэджы, досыць складана: уезд у ахоўную зону — праз шлягбаўм, які адкрываецца адмысловым чыпам.

У тым, што ён пасьпеў вывезьці грошы, мы ніколі не сумняваліся. 2 мільёны ці 1 мільён 700 тысяч даляраў для сям’і Бакіевых — гэта проста драбніца. У іх сотні мільёнаў даляраў

Вось ужо амаль два гады з асабістага дазволу Аляксандра Лукашэнкі Курманбек Бакіеў хаваецца ад кіргіскага правасудзьдзя ў Беларусі. Народныя хваляваньні ў Кіргізстане ўвесну 2010 году, якія прывялі да шматлікіх чалавечых ахвяраў, скончыліся зьвяржэньнем тагачаснага прэзыдэнта краіны і абвінавачваньнем яго ва ўжываньні сілы супраць мірных грамадзянаў. Бакіева і ягоных бліжэйшых паплечнікаў абвясьцілі ў вышук, аднак Генэральная пракуратура Беларусі адмаўляецца выдаць уцекача на радзіму.

Колішні кіраўнік выканаўчага камітэту Часовага ўраду Кіргізстану Эдыль Байсалаў кажа, што пара мільёнаў даляраў для Бакіева — гэта мізэр. Па яго зьвестках, сям’я апальнага кіргіскага лідэра акумулявала на рахунках і ў нерухомасьці сотні мільёнаў даляраў. На думку суразмоўцы, рашэньне ўкінуць у абарот беларускай эканомікі некалькі мільёнаў — своеасаблівая падзяка за цёплы прыём у Беларусі:

«У тым, што ён пасьпеў вывезьці грошы, мы ніколі не сумняваліся. 2 мільёны ці 1 мільён 700 тысяч даляраў для сям’і Бакіевых — гэта проста драбніца. У іх сотні мільёнаў даляраў як у выглядзе ліквіднага капіталу, так і ў выглядзе нерухомасьці. Але мы адразу ж заявілі, што ня хочам псаваць адносіны зь беларускай дзяржавай, з народам Беларусі і канфліктаваць з-за нейкіх прэзыдэнтаў. Мы дакладна ведаем, у якім стане знаходзіцца народ Беларусі, і таму звычайныя беларусы тут абсалютна ні пры чым. Сяброўства дыктатараў ні ў якім разе не павінна перашкаджаць сяброўству народаў Кіргізстану і Беларусі. Пры гэтым цалкам зразумелая пазыцыя спадара Лукашэнкі ў гэтым пытаньні. Так, мы паважаем права Рэспублікі Беларусь даваць прытулак, гэта сувэрэннае права, і мы ня можам прыцягваць Беларусь да адказнасьці за гэта. Але мы бачым, што гісторыя мяняецца, усё цячэ, і, магчыма, Курманбеку Бакіеву вельмі нават хутка давядзецца шукаць сабе новае месца прытулку. Хачу сказаць шчыра: мы вельмі гэтага жадаем, і як мага хутчэй».

Адметна, што на леташняй прэсавай канфэрэнцыі Курманбек Бакіеў запэўніваў журналістаў — ён ледзьве ўратаваўся ад разьюшанага натоўпу і ні пра якія грошы, якія можна было б з сабой «захапіць», нават ня думаў. Варта нагадаць, што неўзабаве пасьля ўцёкаў Бакіева новыя ўлады заявілі пра зьнікненьне зь дзяржаўнай казны больш як 200 мільёнаў даляраў:

«Найперш, вы павінны ясна ўяўляць, як я адтуль выяжджаў, і тады зразумееце, што ніякія даляры, ніякія грошы ў галаву не прыходзяць. Асабліва калі абстрэльваюць тваю машыну. Ідзе напад на Белы дом: страляюць з аўтаматаў, з кулямётаў, з БТРа страляюць. Вы што думаеце, я ў той момант разважаў, як і адкуль грошы вывезьці, седзячы ў сваім кабінэце? Пад кулямётным, пад аўтаматным агнём я выехаў зь Белага дому. Паехаў у аэрапорт, сеў у свой самалёт і пераляцеў у горад Ош. І ўсё, больш я не вяртаўся туды».

Курбанбек Бакіеў не выключаў, што можа прапанаваць свой досьвед і здольнасьці «вопытнага гаспадарніка» вытворчай сфэры Беларусі, але пра ягонае працаўладкаваньне ніякіх зьвестак пакуль няма.
XS
SM
MD
LG