Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абласная пракуратура праігнаравала скаргу Тацяны Севярынец


Спадарыні Севярынец адмовілі ў правядзеньні пракурорскай праверкі ў Багушэўскім шпіталі для хворых на сухоты, дзе ў псыхіятрычным аддзяленьні ўтрымліваюць прыхільніка ідэі стварэньня партыі БХД Валера Ганчарэнку.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Тацяна Севярынец атрымала адказ зь Віцебскай абласной пракуратуры на просьбу праверыць сытуацыю ў шпіталі, дзе багата хворых скардзяцца на ўмовы ўтрыманьня і стаўленьне лекараў. Хранічна хворы на адкрытую форму сухотаў Валеры Ганчарэнка паведаміў пра тое, што яго абурае ў лекавай установе, незалежным журналістам. І з тае пары на яго пачаўся ціск — яго перавялі ў псыхіятрычнае аддзяленьне і трымаюць пад вартай. Іншым пацыентам, паводле іхных словаў, строга забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі і прыладамі для пісьма.

Пра ўсё гэта Тацяна Севярынец напісала ў скарзе, дасланай у пракуратуру. І атрымала адказ, што ніякай праверкі ня будзе, бо яна «ня мае права зьвяртацца ў пракуратуру наконт Валера Ганчарэнкі, паколькі ў яе няма даверанасьці на права прадстаўляць яго інтарэсы ці пасьведчаньня яго апекуна». Скардзіцца можна хіба толькі ў абласную ўправу аховы здароўя, напісана ў афіцыйнай паперы за подпісам супрацоўніцы пракуратуры Алены Казловай.

«Мы зьвернемся ўва ўправу аховы здароўя. Але змарнавана столькі часу! Калі я падавала заяву, пракурорскі работнік мне патлумачыў, што абласная пракуратура, упраўленьне аховы здароўя ці Сеньненская раённая пракуратура мусяць адрэагаваць. Але маю скаргу нават не пераслалі ў іншую адказную інстанцыю — проста адмахнуліся», — сказала Тацяна Севярынец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG