Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі атрымліваць такія заробкі, то цярпеньне лопае...»


У панядзелак мы паведамлялі, як раніцай рабочыя Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня (БАТЭ) часова перапынілі працу на знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў. У прыватнасьці, пратэставалі першая й другая вытворчыя пляцоўкі, дзе працуюць зборшчыкі аўтатрактарных электрагенэратараў і стартэраў. Пра падзеі сёньняшняга дня на БАТЭ даведваўся карэспандэнт "Свабоды".

Кіраўніцтва заводу забараніла працаўнікам распаўсюджваць інфармацыю пра ўчорашні інцыдэнт. Таму людзі з насьцярогай ставяцца да пытаньняў журналістаў. Прыклад гэтага — сёньняшняя гутарка з электрыкам спадаром Віктарам:

Карэспандэнт: «Што сёньня адбываецца на БАТЭ?»

Сяргей: «Нічога... усё добра. Ну, я не магу вам нічога сказаць...»

Карэспандэнт: «Таму што цяперашняя сытуацыя не паўплывала на ваш заробак?»

Сяргей: «На наш — не. Усё ў нас нармальна. Так што я нічога вам новага не паведамлю».

Іншы працаўнік БАТЭ, спадар Павал, тлумачыць, чаму нешматслоўны яго калега. «Я ўжо за гэта меў непрыемнасьці ад дырэктара Капскага (Анатоль Капскі — генэральны дырэктар БАТЭ). Ён нават лаяўся».

І ўсё ж спадар Павал расказаў пра прычыны ўчорашняга спыненьня працы:

«Размовы пра тое, што заробкі на БАТЭ ня дужа добрыя, ужо даўно ішлі, бо не сакрэт, што тутэйшае кіраўніцтва атрымлівае нашмат больш за шараговых працаўнікоў. Тут у цэхах жанчыны працуюць пераважна. Мужчыны — гэта наладчыкі або электрыкі. А жанчын — большасьць. І ў жанчын ёсьць дзеці, якіх трэба карміць. І, безумоўна, калі атрымліваць такія невялікія заробкі, то цярпеньне лопае...»

Карэспандэнт: «Заробкі цяпер зваліліся... Як людзі кажуць, да 1 300 000–1 500 000 рублёў».

Павал: «Людзі за студзень зарабілі мала, бо працяглыя сьвяты былі ў Расеі. Таму тут не было звышурочных. А зь іншага боку, працаваць звыш нармаванага часу — таксама няправільна....»

Якім чынам будзе ўладжаны канфлікт на БАТЭ, пакуль невядома. Эканаміст Леў Марголін, які таксама жыве ў Барысаве, лічыць, што пагаршэньне эканамічнай сытуацыі на прадпрыемствах у рэгіёнах будзе працягвацца:

«Канечне, будзе працягвацца рух да горшага, бо ніякіх зрухаў да лепшага ў эканоміцы няма. А зьмяншэньне заробкаў адбываецца ня толькі на БАТЭ. Вось літаральна ўчора сустракаўся з рабочым барысаўскага прадпрыемства „Полимиз“, якое нават добра перажыло 1990-я гады, а цяпер 4 дні на тыдзень працуе... І пэрспэктываў ніякіх няма».

Я яшчэ пацікавіўся, а ці не палепшыцца становішча прадпрыемства з-за таго, што ў Беларусі з Расеяй агульны рынак. «Не, аніякіх спадзяваньняў на гэта ў нас няма...», — адказаў мне знаёмы рабочы.

Так што, я мяркую, дрэнная эканамічная сытуацыя будзе працягвацца і, як кажуць, валіцца ўніз з паскарэньнем. А тое, што Лукашэнка абяцаў заробак нібыта ў 500 даляраў — гэта, на мой погляд, голая прапаганда..."
XS
SM
MD
LG