Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя апазыцыйныя актывісты абвясьцілі пачатак акцыі салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам, які з 19 сьнежня трымае галадоўку пратэсту.

14 лютага бел-чырвона-белы сьцяг быў вывешаны на мосьце ў раёне вуліцы Максіма Горкага. Паводле ініцыятараў акцыі, сьцягі яны будуць імкнуцца вывешваць рэгулярна ў розных раёнах гораду. Галоўная мэта — выказаць салідарнасьць з усімі палітвязьнямі, і ў першую чаргу зь земляком Сяргеем Каваленкам, зьняволеным у віцебскім СІЗА.

Сябар КХП БНФ трапіў у СІЗА, калі супраць яго распачалі крымінальную справу за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня — «хатняй хіміі», прысуджанай яму за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ў 2010 годзе на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Справу ініцыявала крымінальна-выканаўчая інспэкцыя Першамайскага раёну, але Сяргей Каваленка лічыць, што гэта помста за тое, што ён неаднаразова скардзіўся на некарэктныя адносіны з боку супрацоўнікаў інспэкцыі.

На знак пратэсту ён распачаў доўгатэрміновую галадоўку.

21 лютага Сяргея Каваленку будуць судзіць у Першамайскім райсудзе Віцебску. Працэс распачнецца ў 10.30, яго будзе весьці судзьдзя Алена Жук. Актывісту пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG