Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ зоймецца выбарамі

абноўлена

Падчас паседжаньня калегіі КДБ з удзелам Аляксандра Лукашэнкі было заяўлена, што галоўным прыярытэтам спэцслужбы на гэты год будзе «забесьпячэньне бясьпекі і свабоды волевыяўленьня беларускіх грамадзян на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах і абарона канстытуцыйнага ладу». Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў пра сур’ёзныя зьмены ў зьнешнепалітычных і зьнешнеэканамічных пазыцыях дзяржавы.

Калі перакласьці агучаны прыярытэт КДБ на звычайную мову, то можна зразумець: спэцслужбы зробяць усё, каб захаваць цяперашнюю ўладу. І гэта незалежна ад таго, ці падтрымаюць яе выбарцы, ці не — сказаў «Свабодзе» былы вязень КДБ, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Гэтым разам трэба падзякаваць КДБ за адкрытасьць і шчырасьць. Пасьля адной з выбарчых кампаніяў тагачасны старшыня КДБ Сухарэнка на адкрыцьці помніка Дзяржынскаму заявіў у тэлекамэру, што „гэта мы выйгралі выбары“. Ён меў рацыю. У нашай краіне рэальна арганізуе, праводзіць і кантралюе выбары Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. І тое, што гэта адкрыта прызнаюць сёньня беларускія чэкісты, з аднаго боку, трэба прыняць да ведама. А з другога, гэта сьведчыць пра тое, што ўжо няма ніякіх бар’ераў для фальшаваньня і маніпуляцыяў.

Я нядаўна заяўляў, што дэмакратычнай апазыцыі трэба зрабіць усё, каб у Палаце прадстаўнікоў не зьявілася „фракцыя генэрала Зайцава“, то бок псэўдадэмакратаў, якіх туды прывядзе КДБ. Бо зьяўленьне такой фракцыі стане рэальнай пагрозай для непрызнаньня выбарчай кампаніі на міжнароднай арэне».

У галоўнай задачы КДБ на сёлетні год — забесьпячэньні волевыяўленьня народу — нічога дзіўнага і новага няма, адзначае былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка: «Гэта запісана ў Канстытуцыі. І, як пішуць у Бібліі, спачатку было слова. А вось як сваё слова па забесьпячэньні свабоднага волевыяўленьня насельніцтва і падтрыманьні канстытуцыйнасьці КДБ выканае, гэта мы ўжо пабачым з вынікаў выбарчай кампаніі. Бо Канстытуцыя патрабуе ня проста выбараў, а выбараў чыстых, празрыстых, адкрытых, дэмакратычных. Але для гэтага найперш трэба зьмяніць заканадаўства. Таму Камітэт першым крокам павінен прадэманстраваць, што ён унёс прапановы, каб зьняць усякія падазрэньні адносна выбараў. А калі гэтага ня будзе, то, значыць, усё пойдзе па накатанай схеме».

На паседжаньні калегіі КДБ Аляксандар Лукашэнка заявіў пра сур’ёзныя зьмены ў зьнешнепалітычных і зьнешнеэканамічных пазыцыях дзяржавы, што наўпрост уплывае на сытуацыю ўнутры краіны: «Пэўная дынаміка — ня новая для чэкістаў, кіраўніцтва краіны — у нас адбываецца ў стасунках з Захадам, ЗША, іншымі дзяржавамі. Гэта ня можа не ўплываць на сытуацыю ўнутры нашай краіны, і гэта ня можа не ўваходзіць у кампэтэнцыю галоўнай спэцслужбы нашай дзяржавы».

Палітоляг Андрэй Фёдараў у размове са «Свабодай» зьвяртае ўвагу на тое, што кіраўнік дзяржавы, разьвіваючы гэтую тэзу, казаў выключна пра ўсходні вэктар — Беларусь увайшла ў Адзіную эканамічную прастору, пад настойлівым уплывам Беларусі адбываюцца вельмі сур’ёзныя зьмены ў АДКБ:

«За апошні год палітычныя дачыненьні з Захадам сапсаваліся вельмі моцна. І хоць па адным выказваньні рабіць высновы цяжкавата, але нельга выключаць, што беларускае кіраўніцтва насамрэч вырашыла асноўным арыенцірам сваёй зьнешняй палітыкі зрабіць выключна Ўсход. А з Захадам стасункі будуць будавацца паводле прынцыпу — так, як будзе атрымлівацца. Гэта цалкам можа быць. Хоць сказаць, што гэта ўжо адбылося, я б асьцярогся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG