Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагачоўскаму актывісту пагражаюць перасьледам за артыкулы на сайце


Раніцай 14 лютага актывіста партыі БХД з Рагачова Дзяніса Дашкевіча пад прымусам прывезьлі ў мясцовы райаддзел міліцыі, дзе ўручылі позву — зьявіцца ў РАУС аб 11 гадзіне. Пра вынікі размовы Дзяніс Дашкевіч паведаміў «Свабодзе», калі празь дзьве гадзіны выйшаў з РАУС.

«Выклікалі мяне нібыта ў якасьці сьведкі, але так і не сказалі, сьведкам чаго я зьяўляюся. Затое папярэдзілі, што могуць завесьці супроць мяне крымінальную справу. Маўляў, ёсьць на мяне ажно 4 заявы. Толькі яшчэ выбіраюць, па якім артыкуле заводзіць справу: за паклёп на прадстаўніка ўлады ці за тое, што нібыта „краду“ інфармацыю ў мясцовай раёнцы», — паведаміў Дзяніс Дашкевіч.

Актывіст зьвязвае свой выклік у РАУС і затрыманьне зь дзейнасьцю мясцовага грамадзка-палітычнага навінавага сайту http://vrogacheve.ru/. Паводле Дашкевіча, сайт, хоць і ўзнік ня так даўно, стаў самым папулярным рэсурсам навінаў у Рагачове. Яго наведвальнасьць — каля 400 чалавек за дзень супраць 80–90 наведвальнікаў сайту праўладнай раённай газэты «Свабоднае слова». На сайце неаднаразова ўздымаліся мясцовыя праблемы (з транспартам, ЖКГ і іншым), крытыкаваліся дзеяньні ўладаў. У міліцыі Дзяніс Дашкевіч адмовіў, што рэдагуе гэты сайт, але прызнаў, што ён адзін з аглядальнікаў мясцовых падзей.

«Безумоўна, гэта ціск на незалежныя мэдыі. Эканамічная сытуацыя вельмі цяжкая, вось і спрабуюць заглушыць голас тых, хто незадаволены. Таксама ціснуць за тое, што на гэтым сайце выкладзеная агульная пазыцыя рагачоўскіх апазыцыянэраў пра байкот будучых парлямэнцкіх выбараў, калі ня будуць вызваленыя палітвязьні і не дэмакратызуюць выбарчы закон», — пракамэнтаваў ціск Дзяніс Дашкевіч.

Карэспандэнт «Свабоды» пазваніў у Рагачоўскі РАУС па нумары, які быў пазначаны ў позьве Дзяніса Дашкевіча.

«Гэта аддзел участковых. Мне нічога невядома пра завядзеньне крымінальнай справы супроць Дашкевіча, якога сёньня сюды выклікалі. А да сьледчых яго не вадзілі. Калі магчыма справа, то паводле адміністрацыйнага артыкула, але якога, ня ведаю», — адказаў міліцыянт Кавалёў.
XS
SM
MD
LG