Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк у сваім звароце да Сойму КХП-БНФ заклікае сябра партыі Сяргея Каваленку спыніць галадоўку, якую ён трымае за кратамі ўжо амаль два месяцы.

Зянон Пазьняк кажа ў звароце:

«Я хацеў бы зьвярнуцца да Сяргея Каваленкі, каб спыніў галадоўку, якая адбываецца пад гвалтам прымусовага кармленьня. Сэнс галадоўкі скончыўся тады, калі лукашысты, парушыўшы ягонае права і закон, сілай яго зьвязалі і пачалі (насуперак яго волі) уводзіць яму харчаваньне ў арганізм. Прымусовае харчаваньне галадоўніка руйнуе яго здароўе.

Нішчачы чалавека, каты ствараюць сабе бандыцкае алібі ў выпадку лятальнага зыходу. Маўляў, а мы яго ратавалі. Галадоўку гвалтам спынілі Каваленку яны — ягоныя турэмшчыкі-гвалтаўнікі. Таму цяпер трэба прыняць рашэньне разумна выходзіць з галаданьня самому і рыхтаваць зварот у пракуратуру аб зьдзеках над яго асобай у турме, аб парушэньні яго права на галадоўку пратэсту. Гэта трэба рабіць, каб ніхто з катаў і абслугі рэжыму потым ня здолеў адмыцца».

Сяргей Каваленка галадае з 19 сьнежня. Гэта ягоны пратэст супраць крымінальнага абвінавачаньня. Актывіста вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадзкой навагодняй ёлцы ў цэнтры Віцебску.

Сябру КХП БНФ пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Судзіць Сяргея Каваленку будуць 21 лютага а 10:30 у Першамайскім райсудзе Віцебску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG