Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас накіраваў старшыні калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктару Хрысьценку ліст з просьбай выпрацаваць кансалідаваную пазыцыю сяброў адзінай эканамічнай прасторы па пытаньні санкцыяў адносна афіцыйнага Менску з боку Эўразьвязу і ЗША.

Беларускія ўлады лічаць, што на чарговым пасяджэньні рады Эўразійскай эканамічнай камісіі трэба сумесна адрэагаваць на ўвядзеньне санкцыяў адносна Беларусі.

У апараце беларускага ўраду Інтэрфаксу пацьвердзілі, што Румас напісаў Хрысьценку, але ад камэнтароў устрымаліся.

У Эўразійскай эканамічнай камісіі ліст зь Менску пакуль не атрымлівалі, паведаміў БелаПАН прадстаўнік калегіі ЭЭК Станіслаў Зуеў. Бліжэйшае пасяджэньне рады павінна прайсьці ў Маскве 22 лютага.

Рада Эўразьвязу прыняла пастанову, якая пашырае магчымасьці ўжываньня санкцыяў у дачыненьні да беларускіх фізычных і юрыдычных асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньняў асноўных правоў і свабодаў. Прынятыя папраўкі пашыраюць крытэры для ўжываньня абмежавальных захадаў і замарожваньня актываў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, разглядаецца пытаньне аб уключэньні ў сьпіс яшчэ 135 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ і чые актывы павінны быць замарожаныя. Раней у гэты сьпіс трапіла каля 200 беларускіх чыноўнікаў. Таксама ЭЗ увёў санкцыі супраць кампаніяў «Белтэхэкспарт», «БТТэлекам» і «Спорт-Пары».

Эканамічныя санкцыі ЗША ў асноўным тычацца беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у канцэрн «Белнафтахім» («Лякафарба», «Полацак Шкловалакно», «Гродна Азот», «Белшына», «Нафтан», «Гродна Хімвалакно»). Амэрыканцам забаронена падтрымліваць з гэтымі прадпрыемствамі дзелавыя адносіны. Акрамя таго, амэрыканскія банкі павінны замарозіць актывы гэтых кампаніяў. Санкцыі ЗША пашыраюцца таксама на адзін зь беларускіх банкаў — «ТК Банк», які створаны іранскім банкам «Таджэрат». Улады ЗША абвінавачваюць «Таджэрат» у фінансаваньні іранскай ядзернай праграмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG