Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энэргія здароўя: 29 парадаў у лютым

Амэрыканскія экспэрты прааналізавалі найбольш шматабяцальныя дасьледаваньні 2011 году ў галіне здароўя, мэдыцыны і ладу жыцьця. Кожны лютаўскі дзень мы друкуем адну кароткую параду, якая дапаможа вам скінуць лішнюю вагу, змагацца са стомай, палепшыць сацыяльныя кантакты — жыць лепш і заставацца здаровым.

Сардэчна-судзінныя захворваньні зьяўляюцца вельмі частай прычынай заўчасных сьмерцяў.

Карэн Фабіян, амэрыканская настаўніца ёгі, лічыць, што ня толькі заняткі ёгай здымаюць стрэс, які можа весьці да павышанага ціску і захворваньняў сэрца.

Паводле яе, рэгулярныя фізычныя практыкаваньні любога характару, уключна са штодзённымі хуткімі шпацырамі ці невялікімі прабежкамі, могуць быць карыснымі для здыманьня стрэсу і паніжэньня рызыкі гіпэртаніі.

Акрамя фізычных практыкаваньняў, Карэн Фабіян раіць дзеля дасягненьня лепшай кандыцыі для свайго сэрца есьці шмат садавіны і гародніны, абмежаваць спажываньне мяса, пасядзець кожны дзень у супакоі і пазаймацца мэдытацыяй, кінуць курыць (калі вы гэтага яшчэ не зрабілі) ды не паленавацца схадзіць да доктара і зрабіць мэдычны агляд.

Варта таксама «разраджаць» эмацыянальныя напружаньні: калі вы на кагосьці зазлавалі, пастарайцеся яму прабачыць і забыць пра злосьць; калі вам трэба прыняць нейкая цяжкае рашэньне, не адкладвайце гэтага на пазьнейшы тэрмін; калі вам нешта не ўдалося, не бярыце гэтай няўдачы да сэрца, а пастарайцеся пра яе як мага хутчэй забыць.
XS
SM
MD
LG