Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпром-Медиа» мяняе кіраўніцтва «Эха Москвы»


Галоўны рэдактар ​​радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў
Галоўны рэдактар ​​радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў

Галоўны рэдактар ​​радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў раніцай 14 лютага паведаміў у сваім твітэр-акаўнце, што кіраўніцтва холдынгу «Газпром-Медиа», у які ўваходзіць радыёстанцыя, запатрабавала датэрміновай адстаўкі Рады дырэктараў «Эха Москвы».

Аляксей Венядзіктаў адзначыў, што зьмены ў Радзе дырэктараў не азначаюць зьменаў у палітыцы радыёстанцыі, бо за рэдакцыйную палітыку радыёстанцыі адказвае ня Рада дырэктараў, а галоўны рэдактар, пытаньне аб адстаўцы якога, паводле Венядзіктава, у «Газпром-Медиа» ня ставілі.

Крыху пазьней у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс» Аляксей Венядзіктаў яшчэ раз пацьвердзіў гэтую інфармацыю. Паводле статуту радыёстанцыі Аляксей Венядзіктаў можа яшчэ два гады заставацца яе галоўным рэдактарам.

Між тым, на паведамленьне аб перастаноўках у кіраўніцтве радыёстанцыі «Эхо Москвы» ужо адрэагаваў прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў, які заявіў, што рашэньне «Газпром-Медиа» ня можа быць зьвязанае з крытыкай на адрас Уладзіміра Пуціна, а тлумачыцца, хутчэй за ўсё, унутрыкарпарацыйнымі зьменамі.

Аляксей Венядзіктаў працуе на радыёстанцыі «Эхо Москвы» з 1990 году — году заснаваньня, галоўным рэдактарам — з 1998 году. Неаднаразова пераабіраўся калектывам на гэтую пасаду. Пасьля пераходу радыёстанцыі пад кантроль «Газпрому», а затым у структуру «Газмпром-Медиа» рэгулярна перазацьвярджаўся ў Раду дырэктараў радыёстанцыі.

На сёньняшні дзень у Раду дырэктараў ЗАТ «Эхо Москвы» ўваходзілі 9 чалавек, у тым ліку чатыры прадстаўнікі кампаніі «Газпром-Медиа», тры прадстаўнікі журналісцкага калектыву радыёстанцыі «Эхо Москвы» і два незалежныя дырэктары.

Мэдыяголдынг «Газпром-Медиа» валодае 66% ЗАТ «Эхо Москвы» — інфармацыйна-гутарковай радыёстанцыі з кругласутачным вяшчаньнем. Упершыню «Эхо Москвы» выйшла ў эфір 22 жніўня 1990 г., аўдыторыя радыёстанцыі складае, паводле «Газпром-Медиа», 900 тысяч чалавек штодня, 46 мільёнаў чалавек штотыдня. ЗАТ «Эхо Москвы» ўваходзіць у Нацыянальную асацыяцыю тэлерадыёвяшчальнікаў (НАТ). Генэральны дырэктар ЗАТ Юрый Фядуцінаў уваходзіць у склад праўленьня НАТ.

«Газпром-Медия» пазыцыянуе сябе як адзін з найбуйнейшых голдынгаў Расеі і Эўропы. Утварыўся ў 1998 годзе. Асноўны напрамак дзейнасьці — «акумуляваньне і разьвіцьцё мэдыйных актываў».

У голдынг «Газпром-Медиа» ўваходзяць:

— Тэлекампаніі НТВ, ТНТ, спадарожнікавая тэлекампанія НТВ-ПЛЮС
— Радыёстанцыі «Эхо Москвы», Первое популярное радио, CИТИ-FM, Relax-FM, Детское радио
— Выдавецтва «Семь дней»: часопісы «Итоги», «Семь дней — Телепрограмма», «Караван историй», «Коллекция Каравана Историй»; газэта «Трибуна»; часопіс-тэлегід «Панорама TV»
— Кінакампанія НТВ-Кино
— Кінатэатры «Октябрь», «Кристалл-Палас»
— Інтэрнэт-партал RuTube
— ТАА «Газпром-Медиа» (продаж рэклямы)
— ААТ «Телебазис», ТАА «Рекламная компания СМС », ТАА «КОМСТЭК» (кіраваньне і валоданьне нерухомасьцю)

Паводле СМІ, голдынгам «Газпром-Медиа» праз Газпромбанк кіруе кампанія «Лидер», зьвязаная зь Юрыем Кавальчуком, банкірам і суўладальнікам Нацыянальнай медыягрупы. Многія СМІ называюць Юрыя Кавальчука блізкім знаёмым прэм’ер-міністра Расеі і кандыдата ў прэзыдэнты краіны Уладзіміра Пуціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG