Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я думаю, улада паспрабуе ўлагодзіць рабочых БАТЭ»


Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк

У пянядзелак раніцай рабочыя БАТЭ правялі папераджальны страйк. Працаўнікі заводу перапынілі працу на знак пратэсту супраць налічэньня нізкіх заробкаў, якія ў студзені склалі 1,3–1,5 мільёна рублёў. Ці можна сказаць, што стыхійныя і спарадычныя акцыі пратэсту на вытворчасьці пераўтвараюцца ў тэндэнцыю? Якімі сродкамі ўлады гасяць гэтыя праявы незадаволенасьці? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар газэты «Товарищ» Сяргей Вазьняк.

Цыганкоў: Апошнія месяцы адбываюцца спарадычныя, стыхійныя выступы рабочых розных прадпрыемстваў. Але ці не ўпершыню такія выступы адбыліся на такім важным і вялікім прадпрыемстве, як БАТЭ. Ці кажа гэты чарговы выпадак пра нейкую тэндэнцыю?

Вазьняк: Дадзены факт выкрывае тыя глупствы, якія нагаварыў кіраўнік дзяржавы на апошняй нарадзе, называючы нейкія фантастычныя лічбы заробку на прадпрыемствах. Рэальная сытуацыя ў эканоміцы зусім іншая. Ці вырасьце гэта ў тэндэнцыю? Узгадваю папярэдні страйк у Барысаве, калі восеньню пратэставалі камунальшчыкі. Дарэчы, яны ж перамаглі, іхнія патрабаваньні ў цэлым выканалі. Добра было б, калі б футбалісты БАТЭ застрайкавалі. Пакуль жа гэта толькі эпізоды, якія не складаюцца ў тэндэнцыю.

Цыганкоў: Уцякаючы ад беларускага крызісу, будаўнікі, напрыклад, вельмі лёгка могуць зьехаць у Расею. А вось працаўнікам такога заводу, як БАТЭ, ня вельмі лёгка знайсьці працу дзе-небудзь за мяжой на адпаведнай вытворчасьці.

Вазьняк: Так, ім няма куды ехаць.

Цыганкоў: Дык ці можна меркаваць, што менавіта такія ўнікальныя прадпрыемствы стануць патэнцыйным кропкамі канфліктаў?

Вазьняк: Я думаю, мы сутыкнемся ў найбліжэйшы час з праблемай малых і сярэдніх гарадоў. Калі ў Менску ці абласных цэнтрах улада яшчэ можа неяк падтрымаць прадпрыемства, то на сярэднія і малыя гарады рэсурсаў ужо няма. Менавіта там людзі, якія раней былі апірышчам улады побач зь сельскімі жыхарамі, будуць станавіцца апанэнтамі ўлады.

Цыганкоў: Калі ўлада сутыкалася з такімі стыхійнымі пратэстамі, то яна паводзіла сябе наступным чынам: спрабавала неяк задаволіць матэрыяльныя патрабаваньні страйкоўцаў і пры гэтым пакараць завадатараў, актывістаў. Ці будзе працаваць такая матрыца і надалей?

Вазьняк: У мяне матрыца склалася трошкі іншая: калі да страйку датычныя нейкія апазыцыйныя, незалежныя структуры, то гэты страйк жорстка разганяўся АМАПам. Калі гэта ўзьнікала стыхійна, без палітычных ці прафсаюзных структураў, то ўлада спрабавала гандлявацца, ісьці на кампрамісы. Я думаю, на БАТЭ ўлада паспрабуе ўлагодзіць рабочых.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG