Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Параненыя лібійцы сапраўды лечацца ў Беларусі


Лібійскае пасольства ў Менску.

Лібійскае пасольства ў Менску.

Ня першы раз зьяўляецца інфармацыя пра тое, што ў Беларусі лечацца грамадзяне Лібіі, якія пацярпелі ад ваенных дзеяньняў. Міністэрства аховы здароўя стараецца захаваць гэта ў сакрэце і ня хоча камэнтаваць, хоць у клініках спэцыялісты пацьвярджаюць, што лібійцы атрымліваюць мэдычныя паслугі на платнай аснове і што плаціць за сваіх грамадзянаў амбасада Лібіі.

Лекарка адной са сталічных клінік пацьвердзіла, што лібійцы сапраўды праходзяць лячэньне:

«Гэта праўда. Так, лечацца».

Карэспандэнтка: «І шмат іх?»

«Колькі прывозяць, столькі і лечым. Пра колькасьць празь Міністэрства аховы здароўя трэба даведвацца. У асноўным гэта наступствы ваенных траўмаў. Заключыла Міністэрства, напэўна, дамову. Яны да нас прыходзяць, прыносяць гарантыйны ліст на лячэньне, і мы іх лечым на платнай аснове. За іх плаціць амбасада. Усё гэта робіцца празь Мінздраў, яны рэгулярна цікавяцца, колькі хворых ляжыць, як і што».

Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Стружынская цягам дня спрабавала высьветліць у свайго кіраўніцтва, што за дамовы заключаныя, але безвынікова. Параіла зьвярнуцца ў дыппрадстаўніцтва Лібіі:

«Па гэтым пытаньні ў амбасаду трэба зьвяртацца. Я памятаю, калі яны яшчэ ў першы раз прыяжджалі, мы ў амбасаду ўсіх накіроўвалі. Яны адказвалі на ўсе пытаньні».

Такім чынам, са словаў прэсавага сакратара Міністэрства аховы здароўя вынікае, што гэта ня першая партыя лібійцаў, якія лечацца ў Беларусі.

Але амбасада Лібіі ў Беларусі, якая афіцыйна называецца Народнае бюро вялікай сацыялістычнай Лібійскай арабскай Джамахірыі, ніякай інфармацыі наконт грамадзянаў Лібіі, якія лечацца ў беларускіх клініках, не дае:

«Амбасада нічога не камэнтуе. Не ка-мэн-ту-е».

Карэспандэнты «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» знайшлі лібійцаў у гатэлі «Эўропа» і нават даведаліся пра пастаяльцаў гатэля ў супрацоўнікаў рэстарану і прадавачкі кіёска. Але ў панядзелак адміністратар гатэля «Эўропа» не пацьвердзіла інфармацыю, што ў іх жывуць параненыя лібійцы:

«Не, у нас ніхто не жыве з такіх. Гэта нейкая непраўдзівая інфармацыя».

Карэспандэнтка: «То бок у нас лібійцы не жывуць?»

«На дадзены момант — не. Тым больш перавязаныя і параненыя».

Карэспандэнтка: «А жылі?»

«Не, не, не. Дакладна, дакладна. Я вас магу запэўніць, што ў нас лібійцы не жывуць».
Яны ў нас ніколі і не харчуюцца разам з нашымі хворымі, ім прывозяць ежу.

А вось лекарка сталічнай клінікі кажа, што грамадзяне Лібіі атрымліваюць мэдычныя паслугі ў некалькіх клініках:

«Гэта ня толькі ў нас, іх лечаць у розных клініках».

«Але яны не ляжаць у аддзяленьні?»

«Усё бывае. Бывае, што ляжаць, у залежнасьці ад дыягназу. Часам і ў нас у аддзяленьні ляжаць, але няшмат. Канечне, калі яны ў „Эўропе“ жывуць — я нават і ня ведала, у якім яны гатэлі жывуць… Безумоўна, у гатэлі „Эўропа“ ўмовы лепшыя, чым у нашых клініках. Яны ў нас ніколі і не харчуюцца разам з нашымі хворымі, ім прывозяць ежу. Так што лечым. Дзяржава забясьпечвае экспарт платных паслуг, мы лечым».

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, лібійцы лечацца прынамсі ў трох сталічных клініках — у трэцяй, шостай і дзясятай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG