Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскай электраэнэргіі ня будзе як мінімум да 15 лютага


Аднаўленьне паставак у Беларусь электраэнэргіі з Украіны адтэрміноўваецца як мінімум да сярэдзіны тыдня.

У канцэрне «Белэнэрга» нагадваюць, што пастаўкі ў аднабаковым парадку былі прыпыненыя яшчэ 1 лютага, паколькі з-за моцных маразоў істотна павялічыліся аб’ёмы спажываньня электраэнэргіі ў самой Украіне. А дадатковых аб’ёмаў электраэнэргіі для экспарту Ўкраіна ня мае. Мала за тое, Украіна пачала імпартаваць электраэнэргію з Расеі, адначасова спыніўшы яе пастаўкі ня толькі ў Беларусь, але і ў Малдову.

Адпачатку меркавалася, што ўкраінскае прадпрыемства «Ўсходэнэрга» адновіць экспарт электраэнэргіі беларускім спажыўцам 3 лютага, аднак пасьля час пастаянна пераносіўся — 6, 8, нарэшце, 10 лютага. Цяпер акрэсьлены новы тэрмін — 15 лютага.

Разам з тым, у «Белэнэрга» заяўляюць, што прыпыненьне Ўкраінай электрапаставак у Беларусь не адаб’ецца на працы нацыянальнай энэргасыстэмы. Па словах прадстаўнікоў ведамства, энэргасыстэма мае дастаткова магутнасьцяў, каб забясьпечыць патрэбы краіны ў электраэнэргіі ў поўным аб’ёме, а дадатковы імпарт ажыцьцяўляецца перадусім дзеля дывэрсыфікацыі паліўна-энэргетычнага балянсу краіны.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, Украіна ўваходзіць у дваццатку найбуйнейшых вытворцаў электраэнэргіі ў сьвеце. На яе тэрыторыі працуюць 4 атамныя электрастанцыі і блізу трох дзясяткаў гідра- і цеплаэлектрастанцый.
XS
SM
MD
LG