Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масква будзе фінансаваць войска Беларусі»


На мінулым тыдні Лукашэнка паведаміў, што Расея пагадзілася даць Беларусі сродкі для павелічэньня заробкаў вайскоўцам.

Пра наступствы гэтага ў нямецкім часопісе Der Spiegel піша аглядальнік выданьня Бэньямін Бідэр.

Вось так краіна крок за крокам губляе сувэрэнітэт. Ужо зараз Расея кантралюе газатранспартную сетку і банкі Беларусі, а цяпер Крэмль плянуе фінансаваць і беларускае войска. Масква выкарыстоўвае фінансавыя праблемы суседняй дзяржавы, каб яшчэ мацней узяць яе ў абцугі.

Расею і Беларусь аб'ядноўваюць агульныя ваенныя мэты, заявіў дыктатар Аляксандар Лукашэнка – і папрасіў Маскву аб фінансавай падтрымцы беларускай арміі. З-за хранічнага недафінансаваньня афіцэры ў чыне лейтэнанта атрымліваюць каля 65 эўра ў месяц.

Апазыцыя між тым асьцерагаецца, што Масква можа скарыстацца магчымасьцю, каб узяць пад кантроль беларускія ўзброеныя сілы. Лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч выказаў перасьцярогу, што беларускія вайскоўцы могуць быць задзейнічаныя ў такіх крызісных рэгіёнах, як Паўночны Каўказ або Цэнтральная Азія.

Расея выкарыстоўвае дыпляматычны «ледніковы пэрыяд», які ўсталяваўся ў адносінах паміж Менскам і Брусэлем, каб яшчэ мацней прывязаць да сябе Беларусь.

Масква ўжо мае значны ўплыў на свайго суседа, 7 з 32 беларускіх банкаў знаходзяцца пад расейскім кантролем, разам з асноўнымі страхавымі кампаніямі.

Уладзімер Пуцін, які хоча быць пераабраным прэзыдэнтам Расеі, высунуў ідэю стварэньня Эўразійскага саюзу, ён прапануе Беларусі перайсьці на расейскі рубель. «Газпром» кантралюе сетку газаправодаў, якія ідуць празь Беларусь. Масква таксама фінансуе будаўніцтва ў Беларусі АЭС.

Гэтая дапамога мае сваю цану: Крэмль чакае ад Менску паслухмянасьці. Нядаўна было абвешчана пра пляны пабудаваць у Беларусі кітайскі аўтазавод. Расейскі пасол выступіў з пагрозай, што Масква будзе перашкаджаць дастаўцы кітайскіх камплектуючых у Беларусь.

Улічваючы ўсё большы ўплыў Расеі, вядомы амэрыканскі глябальны стратэг Зьбігнеў Бжэзінскі назваў Беларусь «выміраючым геапалітычным відам», маючы на ўвазе, што незалежнасьць гэтай краіны знаходзіцца пад пагрозай.

Рост уплыву Расеі не супадае з вэктарам грамадзкіх настрояў у Беларусі. На працягу многіх гадоў беларусы выказвалі вялікія сымпатыі да Расеі, у 1999 годзе ў апытаньні 47% беларусаў выказваліся за аб'яднаньне з Расеяй. Зараз пераважаюць іншыя настроі, усё больш беларусаў бачаць будучыню сваёй краіны ў Эўразьвязе, а за аб'яднаньне з Расеяй выступаюць 29%.

* * *

Словы Лукашэнкі, якія далі нагоду для гэтага артыкулу, зьняпраўдзіў міністар абароны Юры Жадобін. «Белорусская военная газета» 9 лютага цытуе міністра:

«СМІ растыражавалі насельніцтву некарэктную інфармацыю, што датычыцца пытаньня падвышэньня грашовага забесьпячэньня вайскоўцаў... Магло скласьціся ўражаньне, што на той сустрэчы размова ішла аб неабходнасьці пошуку для беларускіх вайскоўцаў дадатковых сродкаў зь бюджэту Расеі. На самай справе падкрэсьлівалася: пасьпяховае ваеннае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі можа стаць адным з аргумэнтаў пры атрыманьні прэфэрэнцый у эканамічных пытаньнях, напрыклад, у дачыненьні да мыта на нафту або газ, якія дазволяць папоўніць бюджэт краіны і даць магчымасьць падвысіць грашовае ўтрыманьне нашых вайскоўцаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG