Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне ў нядзелю заявіла, што польскае МЗС нібыта плаціла грошы беларускай апазыцыі для арганізацыі падзей на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году ў Менску.

Пры гэтым рабіліся спасылкі на дакумэнты, здабытыя праз Wikileaks. У якасьці атрымальніка грошай быў названы лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў. І спадар Някляеў, і МЗС Польшчы фільм БТ назвалі фальшыўкай.

Фільм тэлеканалу «Беларусь-1» называецца «Ўрокі польскай», відаць, па аналёгіі зь вядомым фільмам польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага пра менскія пратэсты 2006 году «Ўрокі беларускай».

Аўтар фільму БТ Юры Пракопаў грунтуе сваё расьсьледаваньне на матэрыялах беларускіх спэцслужбаў, у тым ліку выкарыстоўвае кадры допытаў экс-кандыдатаў у прэзыдэнты ў СІЗА КДБ. Апрача таго, ён спасылаецца на нейкі дакумэнт, нібыта здабыты праз сайт Wikileaks:

«У дакумэнце наўпрост гаворыцца, што беспарадкі на плошчы Незалежнасьці ў Менску былі аплочаныя з Варшавы. Цытата: «Інфармуем, што паводле распараджэньня міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча Сікорскага вам неабходна выдаць лідэру руху „Наперад“ Някляеву 80 тысяч эўра з фонду пасольства на падрыхтоўку да правядзеньня акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году».

На дадатак была названая яшчэ сума ў 28 тысяч эўра, якую нібыта выдзеліў Уладзімеру Някляеву пасол Польшчы Лешак Шарэпка.

Прэсавы сакратар польскага МЗС Марцін Басацкі гэтак пракамэнтаваў «Свабодзе» абвінавачаньні БТ:

Мы шкадуем, што ўлады Беларусі ўсьцяж атакуюць суседнюю і прыязную беларусам краіну ...

«Мы шкадуем, што ўлады Беларусі ўсьцяж атакуюць суседнюю і прыязную беларусам краіну, замест таго каб паляпшаць умовы жыцьця грамадзян Беларусі, хаця б, напрыклад, праз ажыцьцяўленьне дамовы аб малым памежным руху з Польшчай. Больш камэнтароў наконт гэтых чарговых абсурдных і заснаваных на фальшыўках абвінавачаньняў польскае МЗС ня мае».

Уладзімер Някляеў перакананы, што цытаваны БТ «віртуальны» дакумэнт зь нейкімі сумамі ў эўра — фальшыўка:

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«Усе гэтыя лічбы скіраваныя толькі на тое, каб абудзіць фантазіі ва ўяўленьні беларусаў, якія, канечне ж, не зарабляюць такіх грошай: маўляў, вось як гэтыя ворагі рэжыму ўзбагачаюцца... Усё ад пачатку да канца непрафэсійна, а галоўнае, проста фальшыва. А прычына тут адна, прычына ў пазыцыі Польшчы ў адносінах да беларускай дыктатуры, цяперашняга беларускага рэжыму. Гэта фільм ня супраць кампаніі „Гавары праўду“ і Някляева, а супраць Польшчы як краіны, якая прынцыпова ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі, і найперш да праблемы палітзьняволеных».

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што беларускія ўлады сапраўды баяцца каляровай рэвалюцыі і таго, што блізкая геаграфічна і мэнтальна Польшча можа паўплываць на беларусаў, у тым ліку прыкладам «Салідарнасьці». Каб такога не дапусьціць, беларуская прапаганда і стварае з Польшчы вобраз ворага, кажа спадар Фёдараў:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Я ня думаю, што справа дойдзе да разрыву дыпляматычных адносін, але пакуль бакі займаюць такія пазыцыі, чакаць прымірэньня і ўзаемапаразуменьня, істотнага паляпшэньня адносін не выпадае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG