Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова скарачае набор студэнтаў на некаторыя гуманітарныя факультэты. Сярод іх называюцца і беларускамоўныя. Сытуацыя тлумачыцца недаборам студэнтаў.

Скарачэньне, паводле супрацоўніцы факультэту падрыхтоўкі да ВНУ й прафарыентацыі, закранула моўныя спэцыяльнасьці. Расейская мова засталася на дзённай форме навучаньня, а беларуская — на завочнай.

«Раней у нас на факультэце славянскай філялёгіі былі дзьве спэцыяльнасьці — „Руская мова і беларуская мова“ й наадварот: „Беларуская мова й руская мова“. На гэты год у нас засталася толькі адна спэцыяльнасьць — „Руская мова й літаратура і беларуская мова й літаратура“. А на завочным зрабілі наадварот: „Беларуская мова й літаратура і руская мова й літаратура“. Гэтую спэцыяльнасьць зь дзённай прыбралі. Набор дужа малы. Пакуль недаборы», прызнала супрацоўніца факультэту.

Як зазначыла суразмоўніца, ня выключана, што зьмены па наборы студэнтаў часовыя. Калі ахвотных паступаць на беларускамоўныя факультэты паболее, то пазыцыя кіраўніцтва вышэйшай навучальнай установы зьменіцца.

Вядома, што паводле рэкамэндацыі Міністэрства адукацыі Ўнівэрсытэт імя Куляшова плянуе скараціць колькасьць бюджэтных месцаў для эканамістаў, юрыстаў, журналістаў і настаўнікаў фізкультуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG