Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 лютага — разгляд касацыі Стэфановіча


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Скаргу праваабаронцы Валянціна Стэфановіча на судовую пастанову пра спагнаньне зь яго падаткаў павінен разгледзіць Менскі гарадзкі суд.

У сваёй скарзе ў Менгарсуд Стэфановіч пералічвае падставы, каб скасаваць рашэньне раённага суду. «Суд прыходзіць да высновы, што грашовыя сродкі, атрыманыя мной на разьліковы рахунак у банку SEB Літоўскай Рэспублікі ад крыніцаў за межамі Рэспублікі Беларусь у 2009, 2010 гадах, падлягаюць падаткаабкладаньню. Аднак пры гэтым судом не былі ўлічаныя ўсе факты, якія ўваходзяць у прадмет даказваньня па гэтай справе», — напісана ў скарзе.

Гаворка ідзе пра афіцыйны дакумэнт зь Міністэрства юстыцыі Літвы, згодна зь якім перададзеная ў Беларусь інфармацыя пра рух грашовых сродкаў на рахунку Стэфановіча ў названыя гады не адпавядае рэчаіснасьці.

На працэсе Стэфановіч хадайнічаў, каб суд зрабіў пісьмовы запыт у Мін’юст Літвы, якая канкрэтна інфармацыя пра рух сродкаў па рахунку Стэфановіча не адпавядае рэчаіснасьці. Супраць гэтага хадайніцтва не пярэчылі і прадстаўнікі падатковай інспэкцыі.

«Аднак суд адмовіў у задавальненьні заяўленага хадайніцтва, адзначыўшы, што дасьць ацэнку гэтаму дакумэнту пры вынясеньні рашэньня па справе. Пры гэтым у вынесеным судом рашэньні гэтаму доказу ацэнка дадзеная не была», — гаворыцца ў скарзе.

Судзьдзя не ўлічыла тлумачэньне праваабаронцы, які сьцьвярджаў, што грошы, што пералічваюцца на ягоны рахунак у літоўскім банку, не былі яго прыбыткам, а таму не падлягаюць падаткаабкладаньню. Сродкі, якія паступалі на рахунак, прызначаліся на праваабарончую дзейнасьць і каб перадаць трэцім асобам, тлумачыў Стэфановіч.

16 сьнежня 2011 году суд Партызанскага раёну пастанавіў задаволіць пазоў інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў па Партызанскім раёне Менску і спагнаць са Стэфановіча падаходны падатак на 54,3 млн рублёў, а таксама дзяржпошліну ў суме 2,7 млн рублёў.

Інфармацыя пра замежныя банкаўскія рахункі яшчэ аднаго беларускага праваабаронцы, Алеся Бяляцкага, перададзеная ў Менск прадстаўнікамі Літвы і Польшчы, стала падставай для яго крымінальнага перасьледу.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG