Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі Чырвоны крыж» працуе ў надзвычайным рэжыме


Пункт абагрэву ў двары шпіталю №2
Пункт абагрэву ў двары шпіталю №2

Беларускі Чырвоны крыж у гэтыя выходныя дні працуе ў надзвычайным рэжыме: у зьвязку з моцнымі маразамі адкрытыя кругласуткавыя пункты дапамогі бяздомным у Менску і іншых гарадах краіны. Па цёплае адзеньне, гарачую ежу і гарбату туды ўжо зьвярнуліся дзясяткі чалавек.

Галоўнае месца збору бяздомных у Менску гэтымі днямі — у двары былога шпіталю № 2 на вуліцы Багдановіча. Тут разьмешчаны перасоўны пункт па зборы цёплых рэчаў, дзе пацярпелыя ад холаду таксама могуць выпіць гарачай гарбаты. Гутару з валантэркай Галінай Уладзімераўнай:

Карэспандэнтка: «Ці даўно вы тут стаіцё?»

«Я з адзінаццаці стаю і буду да другой гадзіны, пасьля мяне зьменяць іншыя — такі ў нас расклад працы — мы тут валантэры».

Карэспандэнтка: «Ці прыходзяць людзі?»

«Так, пры мне толькі чалавекі чатыры цёплую вопратку прынесьлі, але яна адразу разьбіраецца. Бо бамжы патрабуюць цёплыя рэчы — курткі, шапкі, пад вопратку таксама нешта апрануць. Ну і кормім іх: „ролтаны“, супчыкі будзем даваць, гарачую гарбату — на два дні харчаваньне разьлічанае».

Карэспандэнтка: «А тым, каму патрэбная дапамога, ці прыходзяць?»

«Прыходзяць паесьці, гарбаты папіць».


Літаральна падчас нашай гаворкі да валантэрскага пункту на легкавіку пад’ехаў сталага веку чалавек, які пачаў выгружаць торбы зь цёплымі рэчамі. Нічога сказаць з гэтай нагоды, аднак, не пажадаў. Больш ахвотна пра сваю дзейнасьць апавёў кіраўнік мабільнай групы Чырвонага крыжа і ўсёй апэрацыі «Беларусь — экстрэмальныя зімнія ўмовы» Дзьмітрый Русакоў, які таксама на дзяжурным аўтамабілі падвёз цёплую вопратку:



«З 2 лютага Беларускі Чырвоны крыж пераведзены на працу ў надзвычайным рэжыме, які доўжыцца да заўтрашняга дня. Усе нашыя раённыя і абласныя арганізацыі працуюць без выходных. У абласных і частцы раённых гарадоў працуюць пункты абагрэву, у Менску мы таксама адкрылі Дом часовага знаходжаньня. Што тычыцца якіхсьці цікавых момантаў, то зараз разам зь Аўтаканалам мы патрулюем аб’язную дарогу і дапамагаем аўтааматарам. Тым, чые машыны заглохлі, даём гарачую гарбатку, абаграём. Маем адмысловае абсталяваньне, дапамагаем завесьці. Мы штогод працуем падчас маразоў, але ў такім аб’ёме толькі сёлета. Ці патрэбная такая праца? Патрэбная. Нам ужо ідуць падзякі і да кіраўніцтва, і нам непасрэдна: і ад бяздомных, і проста ад звычайных людзей, якія атрымалі кубак гарачай гарбаты ў такія маразы».

Дом часовага знаходжаньня адкрыты ў самім будынку былога менскага шпіталю ў выглядзе некалькіх палат. Да 1 красавіка тут знойдуць прытулак тыя, хто яго зусім ня мае. Зараз такіх каля дзясятка чалавек. Аднак пагутарыць зь імі і пабачыць умовы іх часовага пражываньня не дазволіў міліцыянт, які дзяжурыць пры ўваходзе, спаслаўшыся на розныя абставіны.


Затое не было цяжкасьцяў паразмаўляць з наведнікам перасоўнага пункту, які й прыйшоў па дапамогу:

«Я грамадзянін Сяргей Спон, я вызваліўся зь месцаў пазбаўленьня волі 30 сьнежня. Тут я ўпершыню».

Карэспандэнтка: «Вы сюды прыйшлі чаго?»

«Гарбаткі папіць. Паесьці таксама — вось чыпсаў мне далі. Дапамагаюць, прынамсі ня кідаюць людзей, дапамагаюць як могуць. Я падтрымліваю гэтую арганізацыю. І калі я стану на ногі, то абавязкова ўступлю ў гэты зьвяз».

Як паведамілі супрацоўнікі Чырвонага крыжа, ад нядаўняга часу да іх працы дапамагаць людзям у моцныя маразы далучыліся таксама дзяржаўныя Цэнтры сацыяльнай дапамогі ў розных раёнах Менску. Аднак працуюць яны паводле звыклага раскладу: у Ленінскім раёне на вуліцы Янкі Лучыны ў суботу ён працаваў з 9:00 да 13:00.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG