Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі з дачнікамі сустрэліся, але не паразумеліся


У суботу раніцай у будынку Смалявіцкага райвыканкаму адбыўся адкрыты сход больш як пяцідзесяці прадстаўнікоў мясцовых садовых таварыстваў «Рэчанька», «Алеся», «Граніт», «Мэта», «Сузор’е». На сустрэчу зь імі прыйшлі чыноўнікі мясцовай і абласной улады, а таксама Міністэрства эканомікі.

Разглядаліся спрэчныя пытаньні плянаванай забудовы беларуска-кітайскага індустрыяльнага тэхнапарку ў Смалявіцкім раёне на тэрыторыі 80 квадратных кілямэтраў, што мяжуе з Нацыянальным аэрапортам «Менск». Тут на кітайскія інвэстыцыі ў 30 мільярдаў даляраў мяркуюць пабудаваць розныя вытворчасьці, у тым ліку машынабудаваньня, біямэдыцыны, побытавай тэхнікі й электронікі.

Супраць разгортваньня маштабнага будаўніцтва актыўна выступаюць некалькі тысяч мясцовых дачнікаў і жыхароў вакольных вёсак. Людзі баяцца, што страцяць свае, ужо прыватызаваныя, зямельныя ўчасткі, дамы, сады й іншую маёмасьць. Калектыўныя звароты з просьбамі перагледзець пытаньне пра разьмяшчэньне індустрыяльнага тэхнапарку дачнікі са Смалявіцкага раёну накіравалі Аляксандру Лукашэнку, а таксама ў парлямэнт і Менскі аблвыканкам.

У суботу магчымыя варыянты рашэньняў улады на атрыманыя калектыўныя звароты тлумачыў старшыня Смалявіцкага райвыканкаму Міхаіл Загорцаў. Паводле раённага «вэртыкальшчыка», менавіта кітайскія інвэстары выбралі тутэйшую тэрыторыю, хоць ім былі прапанаваныя вольныя пляцоўкі ў Пухавіцкім і Дзяржынскім раёнах. Прысутныя расцанілі гэтую заяву як спробу перакласьці адказнасьць на кітайскіх інвэстараў.

Сход доўжыўся паўтары гадзіны і не супакоіў дачнікаў. Паводле агульнага настрою, яны будуць пратэставаць і надалей.
XS
SM
MD
LG