Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль Воўчак быў за кратамі, зьнік ягоны пашпарт


Алег Воўчак

Алег Воўчак

У Лёндане ідзе збор подпісаў сяброў міжнароднай арганізацыі «Адвакаты за адвакатаў» у абарону беларускага праваабаронцы Алега Воўчака. Калегі Воўчака пратэстуюць супраць ціску на яго з боку беларускіх ўладаў, якія пакаралі праваабаронца адміністрацыйным арыштам і фактычна абмежавалі яго ў грамадзянскіх правах.

Воўчак: «Пакуль я сядзеў у ізалятары на Акрэсьціна нібыта за лаянку ў грамадзкім месцы, з маёй кватэры зьнік пашпарт. Зрабіць гэта маглі і міліцыянты, якія забіралі ў мяне ключы. Пра гэта я напісаў заяву ў міліцыю, а таксама перадаў заяву ў АВІР, каб выдалі новы пашпарт. Спачатку вярнулі анкету, нібыта нешта наблытаў, а потым сказалі, што новы пашпарт афармляць ня будуць, пакуль не расьсьледуюць справу пра зьнікненьне старога. Калі гэта закончыцца, невядома. Магчыма, і празь некалькі месяцаў, хаця звычайна ў такіх выпадках новы пашпарт пачынаюць афармляць праз 5 дзён, пасьля кароткай праверкі. Пытаюся: «Дык што, вы мяне пазбаўляеца права выезду за мяжу, права афармленьня нейкіх сваіх спраў? Вы ж абмяжоўваеце мяне як грамадзяніна ў правах? Разводзяць рукамі — „Вы ж ўсё разумееце…“»

У канцы лютага Алег Воўчак зьбіраўся паехаць у Лёндан на канфэрэнцыю арганізацыі «Адвакаты за адвакатаў». «Давядзецца абмежавацца перапіскай з калегамі», — скардзіцца праваабаронца.

У пачатку лютага Алега Воўчака пакаралі 4 суткамі адміністрацыйнага арышту паводле адміністрацыйнага кодэксу — за нецэнзурную лаянку на вуліцы. Сьведчылі супраць праваабаронцы намесьнік начальніка Маскоўскага РУУС Артур Шахлай і ўчастковы Андрэй Лявошка, якія спынілі Алега Воўчака на вуліцы ў той момант, калі ён ішоў на пошту адпраўляць знаёмым праваабаронцам газэту «Народная воля». Алег Воўчак у судзе казаў, што заўважыў гэтых міліцыянтаў раней, як яны за ім сачылі з службовага аўтамабіля. Цяпер Алег Воўчак мяркуе, што супраць яго ўжылі сплянаваную апэрацыю, мэтай якой было ня проста яго ізаляваць на некалькі сутак, але і пазбавіць магчымасьці выезду за мяжу на працяглы час.
XS
SM
MD
LG