Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Каваленкі: Сяргей у крытычным стане


Сяргей Каваленка, фота ад 5 сьнежня 2011.

Сяргей Каваленка, фота ад 5 сьнежня 2011.

Абаронца віцебскага актывіста даведаўся, што Сяргей Каваленка адмовіўся ад прымусовага кармленьня, і стан яго здароўя значна пагоршыўся. Сваякі непакояцца за ягонае жыцьцё.

Адвакат зьняволенага актывіста паведаміў яго жонцы, што галадоўка Сяргея Каваленкі 16 студзеня была прыпыненая гвалтоўным чынам — яму пачалі ўводзіць ежу праз зонд. Потым Сяргей Каваленка, як заявіў начальнік СІЗА, непрацяглы час адзін раз на суткі прымаў ежу сам. На дадзены момант цалкам адмовіўся ад ежы — у тым ліку ад прымусовага кармленьня.

Адвакат Пётар Каваленка — цёзка па прозьвішчы свайго падабароннага — лічыць, што Сяргей Каваленка знаходзіцца ў крытычным стане. Сваякі актывіста таксама дужа занепакоеныя: вынік можа быць трагічным.

Алене Каваленцы ўжо сёмы раз адмовілі ў сустрэчы з мужам, і яна не выключае, што менавіта з той прычыны, што ён выглядае змучаным і закатаваным — каб гэтыя зьвесткі ня трапілі да журналістаў.

Сяргей Каваленка галадае з 19 сьнежня. Гэта ягоны пратэст супраць крымінальнага абвінавачаньня. Актывіста вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадзкой навагодняй ёлцы ў цэнтры Віцебску.

Сябру КХП БНФ пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Судзіць Сяргея Каваленку будуць 21 лютага а 10:30 у Першамайскім райсудзе Віцебску.

На знак падтрымкі і салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам у Віцебску 10 лютага быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Ён зьявіўся на даху таго дому, дзе жыве актывіст. Паводле аднапартыйцыў Сяргея, да сьцяга была прычэплена цыдулка: «Гані быкоў! Вярнецца воля! Слава героям! Слава Беларусі! Ясь — сын Мірона».

Ліст Каваленкі ішоў тры тыдні


11 лютага ад Сяргея Каваленкі прыйшоў на волю ліст, датаваны яшчэ 21 студзеня. Вязень віцебскага СІЗА піша пра сваю галадоўку і тое, як пераадольвае выпрабаваньні за свае погляды.

«Каротка пра сябе. Я зараз на СІЗА-2 у камеры 98 — адзіночка, бо я на галадоўцы: з 19 сьнежня па 17 студзеня (30 дзён) поўная галадоўка, зараз начальнік мэдчасткі корміць абедам, бо кажа, што будзе праз зонд прымушаць есьці, але галадоўка ўсё роўна ў моцы. Хацелі, каб я на 2 разы ў дзень пагадзіўся, але ж я сказаў: „Не, бо якая тады навогул галадоўка?“ Хоць, канечне, і цяжка голад пераносіць, але лічу — трэба адстойваць свае перакананьні. Пры гэтым кожны дзень галадоўкі адціскаюся ад падлогі па 150-200 разоў, як бы ні галадаваў: так лягчэй пераносіць, цяплей тады ў камэры, ды й нястачы рухаў тады няма.

Бел-чырвона-белы сьцяг асвятляе нам наш шлях! Каваленка С. 22.01.»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG