Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Лобава: «Ва ўсіх партыяў мэта адна – зьмена ўлады»


Марына Лобава

Марына Лобава

Госьця «Свабоды» – Марына Лобава, маці палітвязьня Эдуарда Лобава, маладафронтаўца, асуджанага на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Соўсь: Спадарыня Марына, якія апошнія зьвесткі з Івацэвіцкай калёніі ад сына? Калі бліжэйшае спатканьне?

Лобава: У лісьце ён паведаміў, што напісаў заяву на доўгатэрміновае спатканьне з 2 да 5 сакавіка. 8 лютага маці Аляксандра Францкевіча, анархіста, які таксама адбывае пакараньне ў гэтай калёніі, спрабавала ўдакладніць у кіраўніцтва калёніі, ці падпісаная заява майго сына. Пакуль адказу няма. Калі парушэньняў не было, хутчэй за ўсё, падпішуць.

Даведалася таксама навіну, якая мне ня вельмі спадабалася. Дагэтуль яму належала адна рэчавая перадача на год, можна было адправіць цёплую бялізну, шкарпэткі цёплыя, пальчаткі, шалік, дык цяпер гэтай перадачы, кажуць, нас пазбавяць. Зьняволеныя змогуць набываць усё толькі ў краме ў калёніі на тыя сродкі, якія мы пералічваем ім на рахунак. Сродкі гэтыя вельмі абмежаваныя. На гэты момант у майго сына 175 тысяч. Нават не ўяўляю, што можна на іх купіць нават з турэмнай вопраткі. Прычым цёплая бялізна прадавацца ня будзе.
Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, суд.

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, суд.


Соўсь: Цяпер вельмі халодна ў Беларусі. Ці цёпла ў калёніі?

Лобава: Наколькі я мяркую па тым, дзе я была – у штабе і там, дзе мы перадачу перадавалі – там было цёпла. Мяркуючы, што на ўсю калёнію адна кацельня, я думаю, што ў бараках, дзе яны жывуць, таксама цёпла. І сын мой прынамсі ня скардзіўся, што ён мерзьне.

Соўсь: На гэтым тыдні прагучала заява прадстаўніка Эўракамісіі Гунара Віганда пра магчымае вызваленьне кагосьці зь беларускіх палітвязьняў. Як вы думаеце, каго могуць вызваліць?

Лобава: Я думаю, што ў першую чаргу тых, хто напісаў прашэньне аб памілаваньні. Гэта Саньнікаў і Бандарэнка. Я спадзяюся, што іх хутка выпусьцяць.

Соўсь: Ці працягваецца ціск на Эдуарда, каб ён напісаў прашэньне аб памілаваньні?

Лобава: З апошніх ягоных вестак я ведаю, што ціску не аказваецца ні на яго, ні на Францкевіча.

Соўсь: Нядаўна вашага другога сына прадстаўніка стваранай нацыянал-бальшавіцкай партыі Ўладзіслава Лобава аштрафавалі на 1 мільён 50 тысяч рублёў за дробнае хуліганства – за локшыну ля будынку Беларускага тэлебачаньня і патрабаваньні перадаваць праўдзівую інфармацыю. Як так атрымалася, што ў адной сям'і дзеці з такімі рознымі палітычнымі поглядамі? Адзін маладафронтавец, а другі нацыянал-бальшавік?

Лобава: Нацыянал-бальшавікі – гэта партыя, канечне, крыху іншага пляну, чым Малады Фронт, але цяпер ва ўсіх партыяў мэта адна – гэта зьмена ўлады, якая вядзе краіну да поўнага банкруцтва. І на гэты момант у палітыцы НБ і МФ вялікіх адрозьненьняў я ня бачу. Таму сказаць, што яны вельмі розныя, мае сыны, нельга. Мэта ў іх адна і мары адны і пляны адны. Іх усіх аб'ядноўвае жаданьне справядлівасьці, каб наш народ жыў шчасьліва і свабодна. Каб людзі атрымлівалі годныя заробкі, каб краіна разьвівалася і была незалежнай.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG