Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Эўразьвяз: ці можна ўбачыць прыкметы пацяпленьня?


Дырэктар дэпартамэнту Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Гунар Віганд наведаў Менск, правёў перамовы ў МЗС. Ці гатовы Брусэль зрабіць першы крок насустрач? Чым можа адказаць афіцыйны Менск? Ці будуць вызваленыя палітвязьні?

Аляксандар Сіліч

Аляксандар Сіліч

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і акрэдытаваны пры эўрапейскіх структурах журналіст Аляксандар Сіліч з Брусэлю.

Ці ідзе Брусэль насустрач Беларусі?


Валер Карбалевіч: «Дырэктар дэпартамэнту па пытаньнях Расеі, „Усходняга партнэрства“, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Гунар Віганд наведаў Менск, правёў перамовы ў МЗС, сустрэўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Ці можна лічыць гэты візыт прыкметай пацяпленьня паміж Беларусьсю і ЭЗ? Зьвярнуў бы ўвагу, што менавіта эўрапейскі чыноўнік прыехаў у Менск, а не кіраўнікі МЗС Беларусі едуць у Брусэль. Ці азначае гэта, што менавіта ЭЗ цяпер больш зацікаўлены ў размарожваньні адносін зь Беларусьсю, чым Менск?»

Андрэй Фёдараў: «Казаць пра пацяпленьне рана. Адна ластаўка вясны ня робіць. Але нейкі зрух намеціўся. Я не рабіў бы такой высновы, што Брусэль больш зацікаўлены ў размарожваньні адносін зь Беларусьсю, на падставе таго, што менавіта эўрапейскі чыноўнік прыехаў у Менск. Наадварот, лічу, што менавіта беларускі бок больш зацікаўлены ў нейкім разьвіцьці адносін з ЭЗ. Бо невядома, што пачне адбывацца ў стасунках Беларусі і Расеі пасьля расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Думаю, менавіта беларускія ўлады былі ініцыятарамі гэтай сустрэчы.

Гунар Віганд, як сапраўдны дыплямат, амаль нічога не сказаў пра вынікі перамоваў. Толькі тое, што хтосьці з палітвязьняў хутка будзе вызвалены, спасылаючыся на беларускія ўладныя крыніцы».

Аляксандар Сіліч: «Гэта рутынны візыт эўрапейскага чыноўніка, які проста выконвае сваю працу, ладзячы такія паездкі. Таму бачыць тут нейкі прарыў было б няправільна. Таксама і беларускія чыноўнікі прыяжджаюць у Брусэль.

Паводле маіх размоваў з эўрапейскімі чыноўнікамі, цяпер у Брусэлі пануе думка, што мяч на беларускім баку. ЭЗ чакае ад Менску вызваленьня і рэабілітацыі палітычных зьняволеных. Толькі пасьля гэтага можа разглядацца пытаньне пра ўдзел Беларусі ў шматлікіх праграмах ЭЗ».

Карбалевіч: «Як вы думаеце, сп. Віганд прыехаў з канкрэтнымі прапановамі ці з пустымі рукамі — проста каб пачуць, што скажа Менск?»

Сіліч: «Думаю, гэта проста рабочы візыт, каб удакладніць пазыцыю, атрымаць інфармацыю».
І ўлады скажуць: вось жа яны прызналі віну, за што ж іх рэабілітаваць?

Фёдараў: «Думаю, з пустымі рукамі ехаць было б ня варта. Думаю, ён прыехаў з прапановамі, якія былі абумоўлены пэўнымі дзеяньнямі з боку Менску. Падаецца, умовы засталіся старыя (палітвязьні), а прапановы ён прывёз новыя.

Думаю, цяпер патрабаваньне ЭЗ пра рэабілітацыю палітвязьняў мусіць, напэўна, сысьці. Бо былі прашэньні аб памілаваньні. То бок тыя, хто іх напісаў, прызналі сваю віну. І ўлады скажуць: вось жа яны прызналі віну, за што ж іх рэабілітаваць?»

Чым можа адказаць афіцыйны Менск?


Карбалевіч: «Ці вызваленьне аднаго-двух палітвязьняў падштурхне ЭЗ зрабіць нейкія, хоць бы сымбалічныя, крокі ў адказ? Або Брусэль будзе настойваць на вызваленьні і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў і толькі тады зробіць крокі насустрач?

Вось мінулым годам была гісторыя зь візытам у Менск міністра замежных спраў Баўгарыі Младэнава. Тады Лукашэнка зь ім сустрэўся, паабяцаў вызваліць усіх палітвязьняў, правесьці круглы стол з палітычнымі апанэнтамі. А большасьць палітвязьняў была вызвалена ў верасьні. Аднак Менск не дачакаўся крокаў у адказ і пакрыўдзіўся. У выніку ціск на палітвязьняў узмацніўся. Ці не паўторыцца цяпер тая ж гісторыя?»

Сіліч: «Афіцыйныя асобы ЭЗ падкрэсьліваюць, што яны настойваюць на вызваленьні ўсіх палітвязьняў. І толькі тады зробяць крокі ў адказ».

Фёдараў: «Такога разьвіцьця падзеяў выключаць нельга. Але тут ёсьць дзьве новыя акалічнасьці. Па-першае, ёсьць той дрэнны досьвед восеньскіх падзеяў. Таму ня варта наступаць на адны граблі.

Па-другое, паўнамоцтвы Младэнава былі не зусім зразумелыя: той прыяжджаў з прыватным візытам. Цяпер чыноўнік прыехаў з Брусэлю з пэўнымі паўнамоцтвамі, з афіцыйным візытам. І з абодвух бакоў былі дакладна вызначаныя ўмовы. Рух насустрач можа пачацца, але ён будзе вельмі павольны».

Сіліч: «З вызваленьнем аднаго-двух палітвязьняў ЭЗ можа скараціць сьпіс чыноўнікаў, адносна якіх існуюць візавыя забароны».

Карбалевіч: «Наадварот, сп Віганд паведаміў, што 27 лютага на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў ЭЗ будзе прапанавана пашырыць санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі. І вось Менск адмовіў у візыце ў Беларусь упаўнаважанаму па правах чалавека Нямеччыны. Такім чынам, сыгналы ідуць супярэчлівыя».

Сіліч: «Пытаньне застаецца адкрытым. Магчыма, могуць быць перагледжаныя крытэрыі, паводле якіх чыноўнікі трапляюць у гэты сьпіс».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG