Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск. Прафсаюзны актывіст Локцеў стаў беспрацоўным


Актывіста прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці з Бабруйску Канстанціна Локцева, як высьветлілася, звольнілі яшчэ 17 студзеня.

Як ён сьцьвярджае, пра звальненьне яму паведамілі толькі 10 лютага тэлефанаваньнем. Актывіст працаваў тэхнікам у аздараўленчым лягеры «Мара», што ў Бабруйскім раёне. Фармальная прычына звальненьня — прагул.

Канстанцін Локцеў заяўляе, што ён не прагульваў і лічыць, што звольнілі яго праз грамадзкую дзейнасьць:

«Мне патэлефанавала супрацоўніца аддзелу кадраў і сказала, каб я прыйшоў, забраў працоўную кніжку і расьпісаўся ў загадзе. Сказала, што звольнілі за прагул 17 студзеня. Я зьдзіўлены, бо я працаваў і пасьля 17 студзеня. Начальства бачыла, як прыяжджаў і працаваў, у тым ліку ў выходныя дні. Я расьпісваўся ў дыспэтчара ў адмысловым журнале.

Прычына звальненьня — палітычная. Я агітаваў людзей, каб яны ўступалі ў незалежныя прафсаюзы. Быў старшынём аргкамітэту па правядзеньні ў Бабруйску „Народнага сходу“, за які адседзеў трое сутак пад арыштам».

1 лютага ў тэлефоннай гутарцы майстар кацельні паведаміў, што Локцева толькі зьбіраюцца звольніць. Прычына — прагул. Ён адмовіў, што работніка перасьледуюць за грамадзкую дзейнасьць.

Канстанцін Локцеў зьбіраецца скардзіцца ў пракуратуру й занальную інспэкцыю па працы на факт незаконнага, як ён лічыць, звальненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG