Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арабы ня будуць піць гарэлкі?


Vodka Putinka, 2012
Vodka Putinka, 2012

Грамадзкія актывісты ў шмат якіх арабскіх краінах заклікаюць да аднадзённага байкоту кітайскіх і расейскіх тавараў.

Прычынай закліку стала расейскае і кітайскае вэта ў Радзе бясьпекі ААН, накладзенае 4 лютага на праект рэзалюцыі, прапанаванай Лігай арабскіх краінаў, у якой выказваліся асуджэньне сырыйскага рэжыму і яго расправы з антыўрадавымі пратэстамі ў краіне ды патрабаваньне сыходу прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада.

Ініцыятыва байкоту нарадзілася ў Сырыі, дзе мясцовае Мусульманскае брацтва выдала заяву, у якой сьцьвярджае, што кожны арабскі грамадзянін, які карыстаецца расейскім або кітайскім прадуктамі, «абмаквае рукі ў крыві сырыйскага народу».

Гэтую заяву распаўсюдзілі па ўсім арабскім сьвеце, і ў шмат якіх арабскіх краінах журналісты і актывісты сацыяльных сетак у інтэрнэце пачалі заклікаць да байкоту расейскіх і кітайскіх тавараў у дзень 12 лютага з пэрспэктывай падаўжэньня гэтага байкоту ў будучыні.

Найбольшы сайт гэтага тыпу, «Кампанія за байкот кітайскіх і расейскіх тавараў», зьмяшчае, сярод іншага, відэаролік, на якім паказаныя сырыйскія дзеці, якія кідаюць у агонь плястмасавыя кітайскія цацкі.

Але на даўжэйшую і шырэйшую пэрспэктыву, як адзначаюць аглядальнікі, байкот кітайскага ў арабскім сьвеце — як і ва ўсім астатнім сьвеце, насычаным таннымі кітайскімі цацкамі, баваўнянымі кашулькамі, мабільнікамі і ўсялякімі іншымі электроннымі прыборамі — выглядае як малаверагодная рэч.

Гандаль арабскага сьвету з Кітаем вымяраецца сумай 200 мільярдаў даляраў штогод. Да таго, траціну кітайскіх нафтавых патрэбаў задавальняюць якраз арабскія краіны. Ніхто з арабскіх лідэраў ня стане рызыкаваць гандлёвымі адносінамі з Кітаем дзеля палітычнага жэсту ў падтрымку антыўрадавых пратэстаў у Сырыі.

Гандаль арабскага сьвету з Расеяй нашмат меншы. Паводле ацэнак, вартасьць гэтага абмену вымяраецца сумай 8-12 мільярдаў даляраў штогод.

Сама ідэя байкоту расейскіх тавараў у арабскім сьвеце выклікала даволі гумарыстычныя рэакцыі, у якіх некаторыя жартаўнікі прапануюць ўявіць звычайных арабаў, якія на адзін дзень адмаўляюцца ад расейскай гарэлкі, кількі ў кансэрвах і футравых шапак.

Насамрэч, найважнейшым расейскім таварам у арабскіх краінах зьяўляецца зброя. Летась «Рособороноэкспорт» падпісаў кантракты на пастаўку зброі ў арабскія краіны на агульную суму 12 мільярдаў даляраў. Адзін з найважнейшых пакупнікоў расейскай зброі — сырыйскі рэжым Башара аль-Асада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG