Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: за пару пытаньняў чыноўнік прыгразіў журналісту судом


Генэральны дырэктар Берасьцейскай гарадзкой ЖКГ Уладзімер Аўтка прыгразіў судом карэспандэнту «Брестской газеты» Станіславу Коршунаву за тое, што журналіст бяз згоды чыноўніка задаваў яму пытаньні.

Станіслаў Коршунаў доўгі час ня мог дазваніцца чыноўніку, таму вырашыў схадзіць да яго ў кабінэт. Журналіст хацеў задаць яму некалькі пытаньняў наконт таго, наколькі падаражэе ацяпленьне па выніках студзеня. Карэспандэнта такая інфармацыя цікавіла ў сувязі з заявай менскіх камунальнікаў, што ацяпленьне падаражэе на 45–50 тысяч рублёў.

На такое пытаньне Ўладзімер Аўтка адказаў журналісту, што гэтыя лічбы пакуль не пралічваліся. Але калі Станіслаў Коршунаў пачаў задаваць чыноўніку іншыя пытаньні, той сказаў, што згоды на інтэрвію не даваў, і прыгразіў судом, калі той надрукуе гэтую размову.

Станіслава Коршунава такая пастаноўка пытаньня зьдзівіла:

«Наколькі я ведаю, для таго каб узяць інтэрвію, ня трэба дабівацца дазволу чыноўнікаў. Чыноўнікі павінны зразумець, што не народ у іх у прыслузе ходзіць, а тое, што чыноўнікі на самой справе — гэта слугі народу. Таму, можа, чыноўнік крыху заблытаўся. Тым болей, я не інтэрвію ў яго хацеў браць, я хацеў задаць яму літаральна два пытаньні. Можа, хіба ня ў тым настроі быў чыноўнік, таму так рэзка адрэагаваў. Нягледзячы на пагрозу, мы вырашылі друкаваць гэта, бо калі не адрэагуеш аднаму, то потым хутка навіна распаўсюдзіцца, што можна журналісту прыгразіць судом, і тады ён будзе маўчаць і нічога пісаць ня будзе», — распавёў Станіслаў Коршунаў.
XS
SM
MD
LG