Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На абед у сталоўку? Гэта надта дорага!»


Да распаду СССР танныя сталоўкі былі амаль на кожным прадпрыемстве і ў многіх буйных установах. Аднак за мінулыя два дзесяцігоддзі іх колькасьць значна скарацілася. Паводле афіцыйнай статыстыкі, пры Лукашэнку на ўсіх заводах, фабрыках і будаўнічых прадпрыемствах засталося менш як 1400 сталовых і кафэ, якія могуць забясьпечыць харчаваньнем толькі 60 працэнтаў працаўнікоў. Значная колькасьць беларусаў на працы замест гарачага абеду абыходзяцца бутэрбродамі, узятымі з хаты.

Меншчына


Маці салігорскага шахцёра Тацьцяна Іванейчык паведаміла «Свабодзе», што цяпер шахцёры пераважна адмаўляюцца ад харчаваньня ў сталоўках вытворчага аб’яднаньня «Беларуськалій» і пераходзяць на так званыя «тармазкі», якія прыносяць на працу з дому:

«Нават у шахту бяруць „тармазкі“. Ядуць усё халоднае»

«Цяпер вельмі дарагая сталоўка. Мой сын, які працуе на рудніку, у шахту толькі «тармазкі» бярэ. І я ведаю таксама, што ў яго брыгадзе ўсе бяруць на працу «тармазкі».

Карэспандэнт: «Нават у шахту бяруць прадукты?»

Тацьцяна: «Так, у шахту бяруць „тармазкі“ і там ядуць. Ну. А што інакш рабіць?!»

Карэспандэнт: «А калі ўжо ўзяў „тармазок“ у шахту, то ёсьць дзе яго разгарнуць і паесьці нармальна?»

Тацьцяна: «Не, канечне. Ядуць усё халоднае. Там жа забаронена карыстацца агнём. Таму прадукты заўжды халодныя».

Карэспандэнт: «Большасьць мусіць так рабіць?»

Тацьцяна: «Канечне. Абсалютная большасьць».

Карэспандэнт: «Вы хвалюецеся з-за гэтага?»

Тацьцяна: «Вельмі хвалююся. Гэта ненармальна. Тэрмас бярэ з сабой, каб быў чай гарачы ці кава. Таму што праца вельмі цяжкая…»

Толькі 40 працэнтаў рабочых маюць магчымасьць атрымліваць гарачае харчаваньне на прадпрыемствах рэгіёну


На мінулым тыдні менавіта ў Салігорску адбылося паседжаньне калегіі ўправы гандлю і паслугаў Менаблвыканкаму. Асноўнае пытаньне — арганізацыя харчаваньня працоўных і служачых на прамысловых прадпрыемствах Меншчыны.

У прыватнасьці, было паведамлена, што цяпер толькі 64 тысячы чалавек, альбо менш як 40 працэнтаў, маюць магчымасьць атрымаць гарачае харчаваньне праз стацыянарныя аб’екты. Калегія прыняла пастанову пра разьвіцьцё паслугаў грамадзкага харчаваньня.

Салігорскі райвыканкам пагражае адабраць недабудаваную кавярню ў прадпрымальніка Аляксандра Цыцуры


Салігорскі райвыканкам тым часам крыўдзіць ініцыятыўнага чалавека, прадпрымальніка Аляксандра Цыцуру. Наш суразмоўца кажа, што чыноўнікі мясцовай «вэртыкалі» пагражаюць адабраць недабудаваную кавярню ў тутэйшым мікрараёне «Памесьце», дзе існуе праблема з гарачым харчаваньнем для будаўнікоў, вадзіцеляў, пасажыраў.

Аляксандар: «І я ж там жыву і будую гэтую кавярню. Загналі ўлады ў даўгі. Зараз фактычна няма грошай. А ўчора папера прыйшла — пагражаюць забраць недабудаванае…»

Аляксандар Цыцура — вядомы актывіст прадпрымальніцкага руху ў Беларусі, намесьнік старшыні грамадзкай кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва».

Гарадзеншчына


Значная частка працаўнікоў на прадпрыемствах Гарадзеншчыны ігнаруе сталоўкі, эканомячы грошы. Некаторыя за многія гады працы так і не прызвычаіліся да грамадзкага харчаваньня і бяруць на працу «ссабойкі».

Заводзкая сталоўка на камвольна-прадзільным камбінаце ў Слоніме існуе яшчэ з савецкіх часоў. Але, як кажа рабочы, спадар Іван, цяпер там харчуецца менш як траціна тамтэйшых працаўнікоў.

Ён кажа, што абеды быццам бы не такія ўжо і дарагія, як на сёньняшнія кошты, але, зь яго слоў, яны вельмі сьціплыя, і таму людзі ня хочуць аддаваць нават тыя 10 тысяч, каб праз паўгадзіны ізноў смактала ў страўніку. Пераважная большасьць бяруць «ссабойкі»:

«Шмат рабочых бяруць з сабою абед. Хоць іх і ганяюць, але часьцяком многія абедаюць проста каля машын, нягледзячы на тое, што гэта забаронена і ёсьць спэцыяльныя пакоі, дзе можна паабедаць. Але многія так вось каля машын паелі-паелі… Асабліва людзі старэйшага пакаленьня. Яны імкнуцца хоць на гэтым эканоміць».
Па-першае, у сталоўцы дорага, а па-другое, мы заступаем на суткі, а сталоўка працуе толькі ў абед.

На лідзкім заводзе «Нёман» таксама існуе заводзкая сталоўка, але пераважная большасьць рабочых таксама туды ня ходзіць. А тыя, хто працуе пазьменна, распавядаюць, што і сьняданак, і абед, і вячэру гатуюць самі на электрычных плітках і чайніках. Распавядае рабочы, спадар Уладзімер:

«Мы бяром з сабой. Па-першае, у сталоўцы дорага, а па-другое, мы заступаем на суткі, а сталоўка працуе толькі ў абед. У сталоўку ходзіць вельмі мала людзей. Ну ўявіце сабе, што абед, каб больш-менш паесьці, каштуе каля 20 тысяч рублёў…»

На прадпрыемстве «Мастоўдрэў» заводзкая сталоўка таксама існуе, але не карыстаецца папулярнасьцю ў рабочых. Спадар Іван, маладзейшага веку чалавек, распавядае, што яны цэлаю брыгадаю абедаюць у бытоўцы тым, што бяруць з хаты. Зь яго слоў, супу не ядуць, а каб абед быў цяплейшы, кладуць яго на батарэю:

«Усе бяруць абед з сабой, у бытоўцы ёсьць стол і крэсла. Дый куды пацягнесься, калі ў нас толькі 30 хвілін абеду? Тут на месцы паелі, і ўсё. На батарэі паклалі, падагрэлі, і ўсё. От, бяруць, хто што мае: кавалак шынкі, хлеб, альбо яшчэ нешта…»

Гомельшчына


Агульную тэндэнцыю на гомельскіх прадпрыемствах выявілі спэцыялісты Міністэрства гандлю, якія спраўджвалі нядаўна, як арганізавана харчаваньне на заводах і фабрыках. Да прыкладу, у акцыянэрным таварыстве «Гомельшпалеры», як выявілася, у заводзкай сталоўцы харчуюцца толькі 15 адсоткаў рабочых, на «Мазырсолі» — 16 адсоткаў, на «Крышталі» — 10 адсоткаў. На шэрагу прадпрыемстваў сталоўкі наагул зачынены альбо перададзены ў гарадзкую сетку грамадзкага харчаваньня.

Рабочы станкабудаўнічага заводу імя Кірава кажа, што на іхнім прадпрыемстве графік абедаў зрабілі такі, што й не зразумееш, абед гэта ці сьняданак — з 9 да 11 гадзіны:

«Мы эканомім электраэнэргію, таму абеды ў нас з 9 да 11. Гэта пік платы за электраэнэргію, і кіраўнікі імкнуцца, каб у гэты час абсталяваньне менш за ўсё працавала. Рабочыя тых цэхаў, якія абедаюць а 9 гадзіне — мы а 9:30, — тыя імкнуцца з сабой браць ежу. У 7 пачынаем, перад працай дома пасьнедалі, а ў 9:30 ужо абед, ці не, гэта й не абед».
Мы эканомім электраэнэргію, таму абеды ў нас з 9 да 11.

Яшчэ адна прычына таго, што людзі адмаўляюцца ад сталовак, — кошты. Як сьцьвярджае рабочы, калі ўзяць мясную страву, вінэгрэт зь селядцом ці паўшклянкі дарагой сьмятаны, то абед ужо будзе каштаваць звыш 12 тысяч.

Такая ж сытуацыя з коштамі й на заводзе ліцьця й нармаляў аб’яднаньня «Гомсельмаш». Рабочая гэтага прадпрыемства падсумоўвае:

«Калі без катлетаў, то хопіць 10 тысяч рублёў, а калі з катлетамі, то трэба тысяч пятнаццаць. Прыкінь: калі чалавек 21 дзень працуе і кожны дзень трэба 15 тысяч аддаць! І ў што гэта выліваецца за месяц! А яшчэ ж дома трэба паесьці».

З прычыны дарагоўлі рабочыя, і перш за ўсё жанчыны, імкнуцца браць абеды з дому. Добра, што на ЗЛІНе абсталявалі пакой прыёму ежы з мікрахвалевай печкаю і чайнікам. Ёсьць магчымасьць падагрэць ежу альбо тое ж малако, якое даюць бясплатна за шкодныя ўмовы працы. Кампэнсацыяў і зьніжак на харчаваньне ў калектыўнай дамове й кантрактах не прадугледжана:

«Якое харчаваньне?! Я пра гэта не чытала й ня чула. Каб была якая-кольвечы кампэнсацыя, яе проста б давалі. І хто ж будзе займацца зьніжкамі?»

На мазырскім заводзе «Беларускабэль» да эканамічнага крызісу былі кампэнсацыі сталоўцы за таньнейшыя абеды для сваіх рабочых. Аднак цяжкае фінансавае становішча вымусіла адміністрацыю адмовіцца ад такіх выдаткаў. Сталоўку перадалі гораду. І цяпер на прадпрыемстве людзі найчасьцей бяруць сабе перакусіць з дому. Калі не выпадае, то працаўнікі абмяжоўваюцца нейкім мінімумам.

Рабочы «Беларускабэлю» спадар Аляксандар: «Я бяру малочны суп, каб не атруціцца. Дыетычнае што-небудзь, бо ў катлетах хлеб бывае. Малочны суп рысавы ці грачаны, булачку да малочнага супу ці коржык. І такім чынам укладаюся ў 5–6 тысяч».

7 лютага Саўмін Беларусі прыняў пастанову № 127, якая рэкамэндуе наймальнікам і прафсаюзным арганізацыям уключаць у калектыўныя дамовы пункты аб стварэньні ўмоў, каб працаўнікі маглі паесьці, і таньнейшым кошце харчаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG