Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік ЗША пры АБСЭ: Менск так і не патлумачыў разгон Плошчы


Ян Кэлі

Ян Кэлі

Беларускія ўлады так і не далі ніякай інфармацыі пра разгон акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, заявіў сталы прадстаўнік ЗША пры АБСЭ Іэн Кэлі.

Кэлі прадставіў даклад пра канчатковую ацэнку падзеяў у Беларусі 19 сьнежня 2010 году.

Даклад падрыхтаваны адмысловым дакладчыкам Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Нілам Джарманам сумесна з групай экспэртаў з краінаў АБСЭ.

Кэлі адзначае, што беларускія ўлады ня толькі не прадставілі інфармацыі пра разгон мірнай дэманстрацыі пратэсту, але і не правялі ніякага расьсьледаваньня абвінавачаньняў, вылучаных міжнароднай супольнасьцю супраць сілавых структураў Беларусі.

Не прадстаўлена таксама ніякай інфармацыі аб ужываньні гвалту супраць былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, якога зьбілі ў дзень акцыі пратэсту.

Аналіз судовых працэсаў па справе пра масавыя беспарадкі 19 сьнежня выявіў шэраг парушэньняў правоў чалавека і нежаданьне ўраду Беларусі выконваць свае абавязаньні ў рамках Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, кажа дыплямат.

Беларускія ўлады, падкрэсьліў ён, таксама не праводзяць належнага расьсьледаваньня цэлага шэрагу скаргаў на жорсткае абыходжаньне з затрыманымі.

Кэлі кажа, што ЗША па-ранейшаму заклікаюць Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, цалкам аднавіць іх у правах, дазволіць ім прымаць паўнавартасны ўдзел у палітычным жыцьці, а таксама спыніць перасьлед палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і незалежных журналістаў, перадае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG