Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Абрамчук: Натуральна, што дзеці выпраўляюць памылкі бацькоў


Раман сьцьвярджае, што нарадзіўся пад покрывам снегапада, у сьнежні 1981 году ў адной з радзільняў беларускай сталіцы.

Вучыўся ў Манголіі (пачатковая школа), у школе ля Камароўкі ў Менску, ва Ўнівэрсітэце культуры, у аўтаспынных падарожжах і падчас дзейнасьці ў студэнцкіх арганізацыях.

Жыве ў цэнтры плянэты ў родным Менску і нікуды адсюль зьязджаць не збіраецца.

Зьбіраецца ажаніцца, напісаць сто песень і сто клясных вершаў і павандраваць па Паўночнай Амэрыцы.


Архіў праекту



Раман Абрамчук. «Людзі са шклянымі вачыма»

Лып-лып


Гэта быў толькі адзін невялікі эпізод з усёй маёй «назіральніцкай» эпапэі — некалькіх дзён назіраньня на адным з выбарчых участкаў.

...Камісія ўжо выявіла свой намер граць не па правілах. Раніцай мяне як аднаго зь незалежных назіральнікаў ілжыва абвінавацілі ў тым, што я перашкаджаў камісіі. Мне паабяцалі, што я буду выдалены з участка пры наступным жа парушэньні. А месцы, на якія нас пасадзілі — зь іх відаць было ўсё што заўгодна, ды толькі не сталы выдачы бюлетэняў, за якімі і адбываліся махінацыі. Усе абставіны казалі самі за сябе: чорта лысага нам пакажуць, а не празрыстыя выбары...

У гэтым школьным фае я задубеў. Вырашыў сагрэцца гарбатай у школьнай сталоўцы. Стаю ў чарзе. Перада мной — адзін з «залежных» назіральнікаў, зь нейкай «сацыяльна-спартыўнай партыі» (ужо сама назва натхняе на роздум). Ён набывае шклянку гарэлкі з бутэрбродам. Я спрабую наладзіць размову:

— У-у-у!.. Задубеў!..

Вочы чалавека — два прыветлівыя шарыкі, трымаюць ветлівую дыстанцыю, адказваюць:

— Ну надо ж греться! Вот, 200 грамм с морозика — отлично!

Мяне прабівае на «размову па паняцьцях». Тым больш што ён прысутнічаў на ранішнім «разборы палётаў», калі мяне ілжыва абвінавачвалі. Утрапёна ўсаджваю свой позірк у ягоныя вочы і кідаю яму свой «крык душы»:

— Калі сэрцы ў людзей зьмерзьлі, ужо нічога не дапаможа.

Вочы застаюцца такімі ж шклянымі ветлівападобнымі шарыкамі. Як быццам не зразумеўшы, адказвае:

— Да нет, 200 грамм с морозика — отлично!

Шкло застаецца шклом, мой «знаёмец» аплочвае свае 200 «отличных» грамаў і адыходзіць за столік...

А за шклом яно насамрэч ні халодна, ні горача, ні балюча, ні... усё пофіг.

Пустата


Гэта былі дні датэрміновага галасаваньня. Я яшчэ спадзяваўся на добрую разьвязку. Члены камісіі частавалі мяне і маю напарніцу кавай зь печывам (я і мая напарніца былі адзіныя «незалежныя» на ўчастку). Паступова знаёміліся з членамі камісіі, з астатнімі «залежнымі» назіральнікамі... Ну што сказаць пра іх, нашых «калегаў»? Звычайныя мужчынкі і жанчынкі, самы просты народзец беларускі, зь яго комплексамі, сьціпласьцю, стрыманасьцю, акуратнасьцю, нерашучасьцю... Узьнікла спадзяваньне, што ўсё ня так і блага. Але адзін момант, нягледзячы на сваю дробязнасьць, чамусьці трывожыў і напружваў. Гэта размовы. Дзень пачынаўся з рэплік:

— Ну і мароз!

— Не кажыце!

— А што заўтра?

— А вось, перадавалі, столькі ўдзень, вечарам — столькі...

— Ух ты!..

Потым ізноў кава-гарбата, некалькі асьцярожных пытаньняў накшталт «а вы дзе?», «чым займаецеся?» і г.д. І затым па новай:

— Але ж падмарозіла сёньня!

— Так, страшна халодна!

— Я ў трох кофтах!

— І я!

— У-у, маро-о-оз!

Адчуваўся недахоп тэмаў, дэфіцыт інтарэсаў. Людзі хапаліся за кожную дробязь, каб толькі стварыць ілюзію сумоўя, прыязнага і цікавага. Прычым гэта былі ня толькі размовы з намі, «незалежнымі» — тады гэты недахоп можна было б патлумачыць натуральнай скрытнасьцю ў кантактах з «варожымі агентамі», нежаданьнем шмат казаць пра сябе, сваю працу г.д. Гэта былі размовы паміж членамі камісіі, якія відавочна ведалі адзін аднаго здавён-даўна. Найбольш «грунтоўным» быў дыялёг старшыні і аднаго з членаў камісіі. Пасьля размовы пра надвор’е на сёньня, на заўтра, пасьлязаўтра і на наступны тыдзень яны счапіліся зноў:

— А памятаеш рэфэрэндум 96-га?

— Угу!

— Во сьнег ішоў!

— Не кажы!

— Ішоў дык ішоў!..

— Во было!..

Але лідэрскую пазыцыю па пустаце размоваў тут відавочна займала настаўніца рускай мовы, назіральніца ад той арганізацыі, якая пастаянна і беспардонна навязваецца менчукам у мэтро і аўтобусах са сваімі віншаваньнямі на сьвяты. Яна магла абмяркоўваць надвор’е гадзінамі, напэўна — суткамі. Відаць, ёй дапамагаў «прафэсійны багаж». Адным словам, пасьля некалькіх такіх дзён (а дзяжурылі мы на ўчастку з 10 да 19), прыйшлося браць з сабой томік Дастаеўскага і «размаўляць» з клясыкам, каб канчаткова не атупець.

Тэатрал. Акт 1


Гэта быў старшыня камісіі Сяргей Ёсіфавіч. Някепскі дзядзька, як выглядала. Прапанаваў нам кавы...

У першы ж дзень я праяўляў настойлівае жаданьне правяраць як мага пільней усялякія дзеяньні з апячатваньнем і расьпячатваньнем скрыняў, пільна аглядаў саму скрыню на прадмет шчылінаў... Старшыня імкнуўся задаволіць усе нашыя жаданьні. Клімат паміж намі, незалежнымі, і імі, «рэкрутаванымі», цяплеў... Пасьля майго завяршальнага, надзвычай пільнага агляданьня пячаткі на скрыні (гэта быў першы дзень датэрміновага галасаваньня), мы выйшлі на сьвежае зімовае паветра разам: Сяргей Ёсіфавіч, я і мая сяброўка-напарніца, шчырая прапаведніца добразычлівых чалавечых адносінаў з усімі членамі камісіі незалежна ад іх «лягеру». Старшыня расслабіўся, зацягнуўся цыгарэткай. Ён выглядаў зусім папросту ў гэтай «самай чалавечай» куртцы-алясцы, чорнай шапцы а-ля «Дынама-маркет», з самай звычайнай інжынэрскай чорнай сумкай праз плячо.

— Ребята, да расслабьтесь вы. Я сам в 90-е с БНФ-ом ходил. Ну ничего пока не выходит. Пока режим поддерживают 30% — он непоколебим. А если и есть фальсификации — они повыше, а не у нас. У нас — образцовый участок.

Я яшчэ насьцярожана прыглядаўся, але ўжо выпаліў штосьці ў знак згоды накшталт: «пакуль грамадзтва само не пасталее — нічога ня будзе». Ён стрымана, але выразна і цьвёрда салідарызаваўся. Рассталіся зь ім у той першы вечар з прытоеным спадзяваньнем: «А што, а нічогі мужык сабе! Мо і будзе ўсё «норм»! Паціху забываўся адзіны інцыдэнцік, калі старшыня разьюшыўся, убачыўшы, што я фатаграфую пячаткі на скрынях. Сваё абурэньне ён матываваў тым, што мы можам падрабіць пячаткі і ўкінуць патрэбныя нам бюлетэні...

І вось, у нядзельку раніцой, надыходзіць час для відовішчаў. Толькі дадам, што напярэдадні мы падалі прафіляктычную заяву з просьбай, каб падлік бюлетэняў (а менавіта на гэта звычайна «кульгаюць» беларускія выбары) быў адкрыты і празрысты для ўсіх членаў камісіі і назіральнікаў. Быў заплянаваны разгляд нашае просьбы. Ды яшчэ не абы-як, а на калегіяльным паседжаньні! Еду з дому зь непрыхаванай цікаўнасьцю: што адкажуць? Здаецца, адбрахацца немагчыма: або «будзе адкрыты» або «хрэн вам у вочы».

Нэрвова матэрыялізуюся на шыротах участка ў 7.20 раніцы. Паседжаньне пачынаецца. Наш старшыня афіцыйна абвяшчае парадак дня. Мяне шчыра зьдзіўляе, што нашая просьба — ня толькі адно-адзінае пытаньне, але я сам, як адчуваю, — галоўны цэнтар увагі ўсёй гэтай пабожнай кампаніі, камісіі, якая нарэшце сабралася ў поўным складзе такой сіне-малочнай зімовай раніцай (і ня сьпіцца ж!). Сяргей Ёсіфавіч спакойна зачытвае нашую заяву. Гэтак жа спакойна адказвае, што працэс падліку будзе адпавядаць беларускаму Выбарчаму кодэксу. На маю просьбу канкрэтызаваць адказ ён гэтак жа спакойна адзначае, што калі я не зразумеў, то атрымаю гэты адказ у пісьмовым выглядзе напрыканцы дня (быццам на паперы гэтая лухта будзе мець больш сэнсу). І ўжо зь невялікай эмоцыяй старшыня дадае: «Таксама адзначаем, што назіральнік, які падаў просьбу, неаднаразова перашкаджаў працы камісіі, паводзіў сябе непрыстойна і будзе выдалены пры наступным хоць якім парушэньні». Гэта быў першы акт п’есы, што пачалася так рана і так нечакана адкрыла тэатральны талент у нашым любым старшыні камісіі, Сяргею Ёсіфавічу.

Тэатрал. Акт 2


Другі акт адбыўся неўзабаве, ня болей як праз 20 хвілін Я, ужо з большай асьцярожнасьцю, папрасіў у Сяргея Ёсіфавіча лепшых месцаў для назіраньня, бо з выдзеленых для нас былі відаць толькі чырвань скрыняў і фіранкі кабінаў для галасаваньня. Старшыня выйшаў на «сцэну» — у цэнтар выбарчага ўчастка, і гучна, каб было чуваць кухаркам у сталоўцы, зачытаў абвінаваўчы маналёг у мой адрас. Штосьці накшталт: «Зноў! Я ж казаў! Колькі можна!.. Апошні раз!..»

Але акторскі талент адкрыўся нечакана яшчэ ў аднаго пэрсанажа — Ніны Сяргееўны. Яна, менавіта яна ласкавым голасам і спагадлівым позіркам настроіла нас на «добразычлівыя чалавечыя адносіны» з камісіяй. Гэта яна прыветна сустракала нас у першы дзень нашага назіраньня. Яна, сонца лагоднае. Яна, дабрыня, ужо сівенькая. Сакратар камісіі. Завуч у школе. Менавіта яна ў момант майго публічнага лінчаваньня дапамагла старшыні: «Абражае недаверам! Прыніжае камісію!..» І яшчэ штось у гэткім духу.

Мне хапіла, маскі былі сарваныя. Я вырашыў стрымлівацца, бо важней было застацца да канца, да падліку галасоў, чым быць выгнаным за другасныя рэчы. Дзеля справядлівасьці адзначу, што лепшае месца для назіраньня, зь якога хоць неяк былі відаць сталы выдачы бюлетэняў, мне саступіў адзін з «залежных» калегаў.

Тэатрал. Акт 3


Дзень пралятаў. Сотні людзей заходзілі ў кабінкі, апускалі бюлетэні ў скрыні... Былі нават гадзіны пік з чэргамі ў чалавек 10–15. Насамрэч, думалася мне, нават калі ўсё будзе сфальсыфікавана, нават калі ўсё будзе па-старому, — мне прыемна было бачыць актыўнасьць сваіх суграмадзянаў. Бо гэта — ужо штосьці новенькае для нашых людзей. І, зразумеўшы па ранішніх падзеях, да чаго хіліцца вечар, я, насамрэч, замаркоціўся. Бо бачыў, па вачах бачыў, за каго галасуюць многія людзі. Іх няцяжка вылічыць. Актыўная, разумная, творчая моладзь. Інтэлігенцыя, сярэдні кляс. Проста сумленныя, разумныя вочы. Мне чамусьці было зразумела, які квадрацік адзначаюць многія людзі. Здагадкі пацьвярджаліся дэманстратыўна гучнымі зваротамі некаторых людзей да кагосьці з камісіі: «Дзе тут за Саньнікава?» і інш. Гэтыя людзі даверліва кідалі паперкі ў скрыню. Але тыя, хто быў адказны за сытуацыю, ужо даўно мелі добры плян, як абдурыць сваіх даверлівых суайчыньнікаў. І вось усе яны разам езьдзяць на мэтро, усе разам стаяць у крамных чэргах, усе разам... дзесьці заўжды разам. Мне ўявілася, што гэтая скрыня, якая, мусіць, стане адзінай сьведкай сапраўдных вынікаў, — гэта сэрца. Толькі сэрца ў такой сытуацыі можа ведаць сапраўдныя вынікі, пра якія, на жаль, ніхто ніколі не даведаецца. І таму, хоць гэта і недарэчна, але мне ўзгадаўся слоган дзяржаўнай перадвыбарчай кампаніі: «Перамога — у нашых сэрцах». Але праўда жыцьця была ў тым, што перамогу пакрысе заграбалі чыесьці брудныя рукі.

Тэатрал. Акт 4.


Апоўдні мяне чакаў яшчэ адзін акт таннай п’есы. Наш старшыня выйшаў пакурыць, накінуўшы сваю «аляску». Ну і я тут, дыхаю сьвежым паветрам. Закарцела, узбунтавалася ўсё ўнутры. Падыходжу, маўляў, «давайце пагутарым па-чалавечы», «проста сам-насам» і г.д. Дзіўна, але на яго твары ўжо не было ніякіх прыкметаў злосьці, непрыязі, якую яму так пасьпяхова ўдавалася разыгрываць на публіцы некалькі гадзін таму. Вочы — не расплюшчыліся шырока, як звычайна бывае пры такіх размовах. Наадварот, засталіся ветліва-шклянымі. Даволі стрымана, з напускной крыўдаю, ён адказаў: «По-человечески? По-человечески я только вижу, что ваше наглое поведение мешает моей работе, в то время как у меня тяжелобольные родители!» Дарэчы, гэтыя хворыя бацькі («ляжачыя») сталі прычынай сымпатыі маёй «незалежнай» напарніцы да Сяргея Ёсіфавіча ў першыя дні, бо сама яна ў той час мела падобныя праблемы. Але куды падзеўся «нефармальны тон» першых размоваў пра БНФ у 90-я і г.д.? Куды падзелася прастата звароту, блізкага да «ты», што спрыяла першым размовам? Гэтае шкло ўжо было не прадзьмуць. Патрэбна было імкненьне абодвух. Адыходжу ні з чым.

Вечар скончыўся так, як гэтага можна было чакаць. А 18-й мяне ўсё-ткі выдалілі з участка за чарговыя «перашкоды» працы старшыні. За тое, што я папрасіў яго азнаёміць мяне зь некаторымі пратаколамі. Клікалі міліцыю. Наш актор зноў быў у гуморы, паказаў увесь талент. Дзіву даесься, якія эмацыйныя заявы, сцэнкі, выхадкі можна рабіць у такой афіцыйнай атмасфэры, ды яшчэ ведаючы, што маніш. На гэтым мае кантакты з тым адораным чалавекам завяршыліся.

«Пасьля балю»


Гэта было ўжо на наступны дзень пасьля Плошчы. У адным з судоў у холе сабралася ня меней за некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна моладзі, а таксама бацькоў тых, каго судзілі. У залі суду не пускалі, парушаючы тым самым закон аб адкрытасьці судоў. Натоўп стрымліваў кардон міліцыі і некалькі чалавек у цывільным. Што маглі тыя людзі, якія прыйшлі падтрымаць асуджаных? А што маглі звычайныя міліцыянты, якія не пускалі ў залі суду, ня маючы на тое ніякага права?.. З нашага боку чуліся рэплікі: «Якога чорта стаіце тут са шклянымі вачыма? Думаеце, што вы тут ні пры чым?» А вочы міліцыянтаў сапраўды варта было бачыць: засяроджаны на адной абстрагаванай кропцы позірк, ніякага кантакту з асяродзьдзем. Ды гэта ж шарагоўцы. Што ад іх чакаць? Яшчэ не авалодалі ўменьнем глядзець на чалавека «праз шкло». Але народ, адчуўшы іх слабасьць, пачынае экспэрымэнтаваць: «Ну што ты адводзіш вочы? Ты ў вочы глядзі, калі гадасьць робіш! Слабо, да? Слабо?» Хлапчаня ў форме — маўляў, «не слабо» — пераводзіць абстрагаваны позірк на крыклівага задзіру, сустракаецца зь ягоным прамым утрапёным позіркам, і адразу — назад у столь. Слабенькі, вагаецца яшчэ.

Але ў гэтай мітусьні ў фае была яшчэ парачка цікавых асобаў. Адна зь іх — відавочна супрацоўніца суду, стыльна ўбраная мілавідная паненка. Гэта індывідуальна, але ў іншым кантэксьце я б шукаў магчымасьці пазнаёміцца. Зьяўляецца ля кардону і пачынае перамаўляцца з кімсьці зь міліцыі, перамігваецца, пэрыядычна пераводзіць вочы на тых, каго не пускаюць, самазадаволена пасьміхаецца, маўляў, хай панэрвуюцца, усё адно дарма. Пасьля гэтых «перамігваньняў» ад пекных вачэй дзяўчыны ў мяне застаецца дзіўнае саладжавае пачуцьцё з дамешкам брыды.

А вось адзін з супрацоўнікаў Камітэту душэўнай беднаты. Гэты ўмее болей за слабенькага хлапчука зь міліцыі, што ня можа сустрэцца позіркам. Гэты здымае на камэру. Вочы — лісіныя. Калі ў яго і іншых «шэрых сяброў» народ разьюшана патрабуе прозьвішчаў («хто возьме адказнасьць за закрыты суд?!») ён спакойна маўчыць, бо, мусіць, ведае кошт сваіх «падвязак» і «дахаў». Са снобскай усьмешкай пераводзіць павольна вочы то на адных, то на іншых. Затым моўчкі здымае далей, не зьмяняючы выразу твару.

Зырк-зырк


Але, бадай, самы выразны і характэрны позірк чалавека са шклянымі вачыма — гэта позірк спэцназаўца, як толькі ён выбег на акцыю, у чаканьні «малацілкі». У гэты момант ён падобны чымсьці да драпежнага зьвера, які выбег на паляваньне здабываць ежу. Зырк-зырк у розныя бакі: на «ежу», на магчымасьці яе здабыць, на магчымыя перашкоды. Толькі зьвярынае жаданьне перамагчы. Толькі яно. Небясьпека гэтай сытуацыі ў тым, што калі чалавек надта часта бывае ў ролі той ці іншай жывёлы па жыцьці («круціцца як вавёрка ў коле», «працуе як вол» і г.д.), — у яго ўсе шанцы ператварыцца ў свайго татэма, альбо прынамсі прыдбаць некаторыя яго рысы. Як сьпявае А. Васільеў, «Человек, проглотивший дерево, превращается в дерево, проглотившее человека».

...Ужо 20-га сьнежня, на акцыі падтрымкі зьняволеных на пл. Незалежнасьці, адзін спэцназавец пільнаваў купку маладзёнаў каля Чырвонага касьцёла. Відаць, ён меў загад стаяць каля людзей, магчыма, перадаваць зьмест іх размоваў, бо пэрыядычна адыходзіў і размаўляў па мабільным. Ну дзе ж тут прапусьціш магчымасьць задаць пытаньне? Уваходжу ў ролю «добрай мамачкі»: «А чаму вам чорныя шалікі не пашылі? Шыі ж голыя! Такі мароз! А-ёй!» Не расчульвае. Мой суразмоўца разглядае зоркі ў небе. Пераходжу да канкрэтнага: «Чаго вы ў вочы баіцеся глянуць?» Ну насамрэч, думаю, іх на гэтай плошчы — ужо болей, чым удзельнікаў акцыі (ужо амаль усіх «загрэблі»), наконт сілы — дык тут і размаўляць няма чаго, хіба што танкаў не хапае. Ну чаго б ім не зірнуць проста ў вочы сваім ахвярам? Але маё пытаньне павісае ў паветры, вароны ў небе яго цікавяць больш. Ён мне нагадаў таго, па-свойму «чыстага», міліцыянта з фае суду... Пасьля такога «дыялёгу» вяртаюся да размовы зь сябрамі, а праз пару хвілін ужо хуткім крокам ідзем на службу ў Чырвоны касьцёл (за намі ўжо пусьцілася «зграйка» з цэнтру Плошчы, загад быў аддадзены). Тут жа ўжо сядзела купка маладзёнаў — готы, а можа, і дрымучыя мэталісты, у чорных байках і касухах. Сытуацыя і іх прымусіла сесьці на касьцельныя лавы і па-анёльску з усімі разам зацягнуць: «Глорыя-а-а-а Дэо-о-о-о!..» Як ні дзіўна, той вечар завяршыўся з усьмешкай...

P.S. І вось ужо мінуў год зь лішкам пасьля апісаных падзей, і акурат у тыя дні, калі я рэдагаваў гэты нарыс — о воля Боская! — у мэтро вечарком сустракаю свайго старшыню камісіі, Сяргея Ёсіфавіча. Дзіўнай душы чалавек: як быццам нічога не было, з усяго размаху кідае мне сваю далонь для поціску: «Добрый вам вечер!» Я, разявіўшы ад зьдзіўленьня рот, усё-такі хутка «групіруюся», застаюся пляскатай дошкай: «Не, я вам рукі падаць не магу». Відаць, мая хуткая рэакцыя была «падрыхтаваная» папярэднімі развагамі, успамінамі пра гэтага дзіўнага чалавека падчас працы над нарысам. Ён, засмучаны (размова ж адбылася на вачах іншых пасажыраў і майго сябра), хутка нацягнуў маску чалавека, якому ўсё пофіг, і з упэўненым выглядам пакрочыў далей па плятформе, стаў за 50 мэтраў у позе джыгіта і застыў у чаканьні доўгачаканай вечаровай электрычкі. Я яшчэ быў кінуў яму ўсьлед: «Падонак», і затым крыху гучней, чым звычайна, распавёў сябру пра свае прыгоды на мінулых выбарах, каб чулі пасажыры побач. А затым, калі я яшчэ раз глянуў на свайго Сяргея Ёсіфавіча (дакладней, на яго джыгіцкую сьпіну), мне стала яго проста шкада. Вось жа, падумалася мне, і не на джыпе езьдзіць, а ў звычайным мэтро, і здаецца, тая ж аляска на ім...
XS
SM
MD
LG