Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва» прайграла суд былому супрацоўніку АНТ


«Наша ніва» павінна выплаціць 5 мільёнаў рублёў былому супрацоўніку тэлеканалу АНТ Дзянісу Сухавараву ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

Такое рашэньне прыняў суд Кастрычніцкага раёну Менску.

Дзяніс Сухавараў — журналіст, які спачатку атрымаў узнагароду на конкурсе «Тэлевяршыня» за журналісцкае расьсьледаваньне, а потым трапіў пад крымінальную справу нібыта за махінацыі з крэдытамі, якія, як сьцьвярджала сьледзтва, спускаў у казіно і на гульнёвых аўтаматах.

Першы суд пакараў Сухаварава пяцьцю гадамі турмы з канфіскацыяй. Але потым гэты прысуд быў абскарджаны і адменены, а сам Дзяніс Сухавараў — апраўданы.

За апісаньне гэтай гісторыі на момант першага прысуду Сухавараў вырашыў судзіцца адразу з двума незалежнымі СМІ — агенцтвам БелаПАН і газэтай «Наша Ніва», а таксама з журналістам Вячаславам Будкевічам.

Тэлежурналіст абурыўся тым, што фігураваў у паведамленьнях як «махляр», у той час як прысуд па ягонай справе яшчэ не ўступіў у законную сілу.

Ён патрабаваў, каб БелаПАН і «Наша Ніва» абверглі распаўсюджаныя імі зьвесткі, і хацеў спагнаць зь іх 50 мільёнаў рублёў.

Суд адхіліў пазоў да БелаПАН і Будкевіча, але часткова задаволіў яго ў дачыненьні да «Нашай Нівы».

«Я ня згодны з рашэньнем суду. Не лічу, што газэта „Наша Ніва“ вінаватая перад грамадзянінам Сухаваравым, — пракамэнтаваў вынікі слуханьняў галоўны рэдактар „Нашай Нівы“ Андрэй Скурко. — Яго гонар, годнасьць і дзелавая рэпутацыя больш пацярпелі ад яго ўласных дзеяньняў, чым ад якіх бы там ні было публікацый... На момант публікацыі інфармацыя пра грамадзяніна Сухаварава рэчаіснасьці адпавядала — яму быў вынесены прысуд. А слова „махляр“ пазначала яго працэсуальны статус — „абвінавачаны ў махлярстве“. Гэта не была маральная ацэнка яго дзеяньняў».

Пра гэта паведамляе прэсавая служба «Беларускай асацыяцыі журналістаў.
XS
SM
MD
LG