Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: З-за санкцыяў Беларусі нявыгадна супрацоўнічаць з Іранам


У якіх галінах Менск і Тэгеран плянуюць актывізаваць супрацоўніцтва.

Афіцыйны Тэгеран, апынуўшыся на мяжы міжнароднай ізаляцыі, не перастае шукаць саюзьнікаў па ўсім сьвеце. Пасьля нядаўняга турнэ прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэджада па краінах Лацінскай Амэрыкі ў Менск прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя іранскіх дзелавых колаў на чале зь міністрам прамысловасьці, шахтаў і гандлю Мэхдзі Газанфары.

У рамках візыту іранскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў адбыўся міждзяржаўны інвэстыцыйны сэмінар. У справаздачы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, якая арганізавала сустрэчу, паведамляецца, што бакі вырашылі пашыраць кантакты ва ўсіх сфэрах, аднак дэталі перамоваў не агучваюцца.

Незалежныя экспэрты бачаць прыезд іранскіх эмісараў у спэцыфічным сьвятле. Іран трапіў пад санкцыі Эўразьвязу і ЗША за адмову згарнуць сваю ядзерную праграму — Захад падазрае Тэгеран у спробах прыстасаваць атамныя электрастанцыі пад лябараторыі для вырабу ядзернай зброі. Эўрапейскія краіны салідарна адмаўляюцца ад імпарту іранскай нафты і замарожваюць іншыя дзелавыя кантакты. Іранскаму кіраўніцтву нічога не застаецца, як ехаць туды, дзе зь яго прадстаўнікамі яшчэ гатовыя размаўляць.

Яшчэ ад савецкага часу ў Белдзяржунівэрсытэце навучаюцца іранскія студэнты-ядзершчыкі. З улікам усё большага абмежаваньня іранскай прысутнасьці ў сьвеце пытаньне падрыхтоўкі будучага пэрсаналу іранскіх АЭС актуалізуецца. Фізык, кандыдат тэхнічных навук Юрый Варонежцаў не выключае: з улікам спэцыфічнасьці атамных аб’ектаў у Іране, а таксама атамнай станцыі, якую плянуецца збудаваць у Беларусі, спэктар узаемных інтарэсаў можа выходзіць далёка за межы эканомікі:

Юры Варонежцаў

Юры Варонежцаў

«Я абсалютна згодны з экспэртамі, якія абвінавачваюць Іран у тым, што той зьбіраецца напрацоўваць збройны плютоній на сваіх атамных станцыях. Калі ўлічыць, што і наша станцыя зьявілася — і гэта афіцыйна было заяўлена — ня ў выніку эканамічных ці тэхнічных прапрацовак, а сталася вынікам палітычнага рашэньня, то магчыма ўсё. То бок — магчымыя канкрэтныя перамовы, магчымыя кантакты і магчымыя таемныя праекты, пра якія мы ніколі не даведаемся, у тым ліку і па абмене матэрыяламі дзяленьня. Таму што праўда можа быць небясьпечная перадусім для вышэйшых кіраўнікоў, калі пра яе даведаюцца. Я шмат думаў на гэтую тэму і пераканаўся: атамная электрастанцыя ў пляне энэргетычных інтарэсаў не патрэбная ні Беларусі, ні Ірану. Таму мне падаецца, што прычыны для зьяўленьня падобных ядзерных праектаў у абедзьвюх краінах ляжаць у іншай плоскасьці».

Міждзяржаўнае супрацоўніцтва Беларусі і Ірану пакуль досыць сьціплае. Нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка і Махмуд Ахмадзінэджад раз-пораз прыяжджаюць адзін да аднаго з афіцыйнымі візытамі і падпісваюць стосы дакумэнтаў, амбітныя пляны збольшага застаюцца на паперы. Некалькі гадоў таму беларускія ўлады адрапартавалі пра гатовасьць здабываць нафту на іранскіх радовішчах, былі нават акрэсьленыя тэрміны і меркаваныя аб’ёмы здабычы. Аднак летась сумесны праект з прычыны эканамічнай немэтазгоднасьці быў згорнуты. Ці можа цяпер, калі для Ірану звужаецца зьнешні рынкак нафтавых паставак, тая ідэя зноў адрадзіцца? Меркаваньне эканамічнага аглядальніка Алеся Герасіменкі:

Алесь Герасіменка

Алесь Герасіменка

«Трэба ўсьведамляць адно: у дыктатарскіх сыстэмах асабістыя, палітычныя амбіцыі часам бяруць верх над эканамічнымі патрэбамі. Таму калі Іран пабачыў, што спадар Лукашэнка паехаў па іншых краінах Блізкага Ўсходу, у тым ліку краінах праамэрыканскай арыентацыі, і паспрабаваў там пашукаць нейкія кантакты, інвэстыцыі, то гэта відавочна выклікала вельмі моцнае раздражненьне ў Ірану як у партнэра Беларусі. У выніку чаго ўрэшце і былі скасаваныя папярэднія нафтавыя дамоўленасьці. Ці пойдзе гаворка зараз пра аднаўленьне вось гэтай каапэрацыі ў нафтаздабычы — адназначна сказаць цяжка, але асабіста ў мяне ёсьць вялікі сумнеў наконт гэтага. На мой погляд, сур’ёзнае супрацоўніцтва з Іранам нявыгаднае ў тым ліку і Беларусі, паколькі фінансавыя патокі, завязаныя на ўсіх гэтых апэрацыях праз іранскія банкі, — яны блякуюцца эўрапейскімі банкамі, амэрыканскімі банкамі. І беларускія прадпрыемствы скардзяцца якраз на гэтыя праблемы».

Тэарэтычна за ўзор глыбокай беларуска-іранскай міждзяржаўнай каапэрацыі можна было б узяць сумеснае прадпрыемства, на якім зьбіраюць іранскія аўтамабілі «Саманд». Аднак за пяць гадоў вытворчасьць так і не дасягнула прамысловых маштабаў. Адпачатку плянавалася, што кожны год з канвэера ў Абчаку пад Менскам будзе сыходзіць як мінімум 50 тысяч легкавікоў, але на практыцы выявілася, што вытворчых магутнасьцяў хапае толькі на пару тысяч машынаў. Алесь Герасіменка такія паказьнікі лічыць цалкам лягічнымі:

«Было б сьмешна, калі б гэты праект сапраўды пайшоў. Па-першае, „Саманд“, які прапанаваны нам у вядомым варыянце, — гэта тэхналёгіі 1990-х гадоў. То бок і па сутнасьці гэта прадукт 1990-х гадоў. Самі разумееце, якая сёньня канкурэнцыя на спажывецкім рынку аўтамабіляў. Нават нягледзячы на высокія мытныя пошліны, усё роўна рынак Беларусі, Расеі, у цэлым Мытнага саюзу, ён дастаткова напоўнены сучаснымі, якаснымі іншамаркамі. Ну і куды тут, прабачце, гэтаму „Саманду“ цягацца з усясьветнымі карпарацыямі, якія гандлююць на гэтым рынку? Асабліва калі ўлічыць кошт на гэты „Саманд“, які не нашмат адрозьніваецца ад заходнеэўрапейскіх, японскіх ці карэйскіх легкавых аўтамабіляў».

Усясьветная супольнасьць пашырае палітычныя і эканамічныя санкцыі ў адносінах да іранскага рэжыму, які падазраецца ў распрацоўцы ядзернай зброі ды жорстка распраўляецца з іншадумствам у краіне. У той час, як МЗС Беларусі асудзіў увядзеньне аднабаковых санкцыяў супраць Ірану, ЗША і краіны Эўразьвязу абвясьцілі, што ўжо да лета будуць спыненыя ўсе закупы нафты і нафтапрадуктаў з гэтай дзяржавы. Вышэйшыя кіраўнікі Ірану заяўляюць, што гандлёвыя абмежаваньні ня ўдараць па краіне, бо імпарт нафты будзе скіраваны ў іншыя дзяржавы, перадусім у Кітай.
XS
SM
MD
LG