Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі аналітычны цэнтар «Стрэтфар» («Stratfor») аналізуе найбліжэйшыя пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны з Расеяй.

«Абедзьве дзяржавы супрацоўнічаюць з Масквой, але ўзровень іх супрацоўніцтва розны. Украіна разумее неабходнасьць шчыльных сувязяў Расеяй, але лявіруе паміж Расеяй і Захадам, каб атрымаць як мага больш выгод. Беларусь, якая з палітычных прычынаў у значнай ступені ізаляваная ад Захаду, зьяўляцца сябрам Мытнага зьвязу з Расеяй і Казахстанам і мае найбольш шанцаў быць уцягнутай у Эўразійскі Зьвяз», — гаворыцца ў аналізе «Stratfor».

Што да будучыні Беларусі, то аналітыкі цэнтру ня бачаць для яе іншага выбару, як падпарадкоўвацца стратэгіі Расеі, якая зноў набывае моц. «Гэта робіць абмежаванымі магчымасьці Менску здабываць падтрымку з боку іншых дзяржаваў. Такім чынам, Расея будзе працягваць інтэграваць Беларусь і рухацца да стварэньня ў 2015 годзе Эўразійскага Зьвязу», — робяць выснову амэрыканскія аналітыкі.

Пасьля правалу перамоваў Украіны з ЭЗ з-за зьняволеньня былога прэм’ера Юліі Цімашэнкі аслабілася і процівага Кіева Маскве, што паставіла краіну ў цяжкае становішча. «Высокія цэны на расейскі газ вядуць да фінансавага крызісу, так што гэта толькі пытаньне часу, калі Ўкраіна вымушаная будзе даць Расеі кантроль альбо доступ да сваёй энэргетычнай сыстэмы ў абмен на паніжэньне цэнаў. Гэта яшчэ больш аслабіць магчымасьці манэўру для Кіева і прывядзе да таго, што — хоча таго Ўкраіна альбо не — яна будзе вымушаная ўрэшце ўлічваць расейскія інтарэсы», — заключаюць аналітыкі амэрыканскага цэнтру «Stratfor».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG