Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маркус Лёнінг: "Я непажаданы для Менску"


У інтэрвію нямецкай Stuttgarter Zeitung упаўнаважаны па правах чалавека ў нямецкім МЗС Маркус Лёнінг распавёў пра тое, як беларускія ўлады адмовілі яму ў паездцы ў Менск, а таксама пра стасункі Нямеччыны з рэжымамі кшталту беларускага.

"Я ня бачу аніякай супярэчнасьці ў тым, каб настойваць на выкананьні правоў чалавека і пры гэтым гандляваць", – адзначыў Маркус Лёнінг.

Пытаньне, якое задаў яму журналіст нямецкага выданьня, тычылася нямецкіх зьдзелак з дыктатарскімі рэжымамі.

Stuttgarter Zeitung: "Нямеччына чарговым разам правяла гандлёвыя апэрацыі з Нурсултанам Назарбаевым. Мы купляем сыравіну ў краіне, дзе апошнім часам забіваюць рабочых-страйкоўцаў. Няўжо нас нічому не навучыла падзеньне Кадафі?"

Лёнінг: "Памылкова меркаваць, што спачатку галоўнае, гандаль, а ўжо потым – паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека. Наадварот, толькі калі мы будзем гандляваць і займацца інвэстыцыямі, то будзем у стане ставіць акцэнты на правах і свабодах чалавека. Нямеччына як краіна-экспартэр павінна быць зацікаўленая ў абедзьвюх пазыцыях: у каштоўнасных арыенцірах зьнешняй палітыкі, а таксама ў сваіх эканамічных інтарэсах, якія тычацца ўласных працоўных месцаў".

Stuttgarter Zeitung: "Аднак ці насамрэч правы чалавека ў цэнтры ўвагі фэдэральнага ўраду?"

Лёнінг: "Я з уласнага досьведу ведаю, як вядзе перамовы Вэстэрвэле (кіраўнік фэдэральнага МЗС), калі тычыцца правоў чалавека: вельмі жорстка, суха ды дакладна. Рэакцыі супрацьлеглага боку бываюць не заўсёды прыемнымі. Потым звонку пачынаюць усяляк разьдзімаць і смакаваць розныя падрабязнасьці. Наша канцлер таксама называе рэчы сваімі імёнамі. Ад дысыдэнтаў у Кітаі я чуў, што такі падыход Мэркель слушны".

Stuttgarter Zeitung: "У сераду вы хацелі наведаць Беларусь, аднак не атрымалі дазволу на ўезд у краіну. Ці часта такое здараецца?"

Лёнінг: "Рэдка. Я хацеў ляцець у Менск, каб перадаць ліст ад міністра Вэстэрвэле, у якім адзначаюцца некаторыя гуманітарныя моманты. Аднак Менск паведаміў, што мой візыт непажаданы. Летась, калі я быў у Беларусі, я сустракаўся з сваякамі арыштаваных. У мяне там была прэсавая канфэрэнцыя, на якой я сказаў, што лічу слушнымі патрабаваньні адносна свабодных выбараў і вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Відаць, кіраўніцтву краіны гэта не спадабалася. Наш амбасадар паведаміў мне, што той апошні візыт з гледзішча Менску ня быў спрыяльным для нямецка-беларускіх зносінаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG