Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч не сустрэўся з студэнтамі ЭГУ


 Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Сёньня старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч меўся сустрэцца са студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які месьціцца ў Вільні. Аднак, паводле прэсавага рэлізу ЭГУ, спадар Шушкевіч адмовіўся ад сустрэчы, нягледзячы на запрашэньне з боку студэнцкага прадстаўніцтва ўнівэрсытэту. Напрыканцы мінулага году Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію літоўскай газэце «Lietuvos rytas» выказаў шэраг крытычных заўваг на адрас ЭГУ.

Прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Максім Мілто сказаў «Свабодзе», што студэнты вельмі чакалі размовы са спадаром Шушкевічам:

«Студэнты нашага ўнівэрсытэту (і гэта тое, што адрозьнівае іх ад студэнтаў іншых інстытутаў, асабліва беларускіх) заўжды ідуць на адкрыты кантакт з тымі людзьмі, якія нам цікавыя. Зь якімі мы хочам наладзіць канструктыўны дыялёг, выявіць тыя ці іншыя пазыцыі і погляды.

Гэтаксама здарылася і са спадаром Шушкевічам, якога мы падчас Калядаў запрасілі наведаць наш навучальны корпус. Мы хацелі выявіць тыя пазыцыі, якія выказаў Станіслаў Станіслававіч у сваім інтэрвію, з аднаго боку. А з другога боку, прадставіць наша бачаньне таго, у чым ёсьць ідэнтычнасьць ЭГУ. І асабліва — нашых студэнтаў».

У сярэдзіне сьнежня 2011 году Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію літоўскай газэце «Lietuvos rytas» выказаў шэраг крытычных заўваг на адрас ЭГУ. Ён заявіў, што гэта, па сутнасьці, антыбеларускі ўнівэрсытэт, студэнты якога не валодаюць беларускай мовай.

Сёньня ў размове са «Свабодай» Станіслаў Шушкевіч патлумачыў:
калі вы мяне запрашаеце ва ўнівэрсытэт, то вы павінны ўзгадніць гэтае пытаньне са сваім кіраўніцтвам. ...

«Падчас нашай размовы я сказаў, што калі вы мяне запрашаеце ва ўнівэрсытэт, то вы павінны ўзгадніць гэтае пытаньне са сваім кіраўніцтвам. Бо запрашэньне ідзе ад студэнцкага прадстаўніцтва. А, дарэчы, нават заля, аўдыторыі не знаходзяцца ў іхным распараджэньні. Яны гэтае пытаньне не ўзгаднілі. Толькі паведамілі мне, што з кімсьці з прарэктараў размаўлялі і той ня мае нічога супраць.

І вось сытуацыя. Я выступаю ў літоўскіх мэдыях супраць іхнага рэктара, тлумачу, хто ён такі, тлумачу, чаму там няма беларускасьці. І ў такой сытуацыі без запрашэньня гаспадара прыехаць ва ўнівэрсытэт?! Я што, хлопчык нейкі маленькі? Калі мяне запрашае ўнівэрсытэт, дык хай і запросіць так, як гэта звычайна робіцца. Таму я адказаў студэнтам, што на нэўтральнай тэрыторыі я зь імі сустрэнуся ў любы момант. А ва ўнівэрсытэце — толькі пасьля дамоўленасьці з кіраўніцтвам. А ў іх такой дамоўленасьці няма».

Прарэктар ЭГУ па разьвіцьці і міжнародных дачыненьнях Дарыюс Удрыс сказаў «Свабодзе»: ён шкадуе, што сустрэча не адбылася:

«Студэнты запрасілі спадара Шушкевіча абмеркаваць ягоныя выказваньні. Я сам плянаваў удзельнічаць у сустрэчы. Але гэта была ініцыятыва студэнтаў. І я даў ім магчымасьць самім патлумачыць тое, што адбылося, паколькі я ня ўдзельнічаў у дыялёгу паміж ім і студэнтамі. Наш унівэрсытэт падтрымлівае ініцыятывы студэнтаў. Шмат гасьцей, якія наведвалі ЭГУ, былі запрошаныя менавіта студэнтамі. Напрыклад, былы кіраўнік Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк наведваў унівэрсытэт на запрашэньне студэнтаў і размаўляў зь імі. Гэтаксама як міністры і прадстаўнікі розных урадаў.
Былы кіраўнік Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк наведваў унівэрсытэт на запрашэньне студэнтаў і размаўляў зь імі.

Я шкадую, што спадар Шушкевіч адхіліў запрашэньне нашых студэнтаў. Яны заклікалі яго да дыялёгу наконт ягоных выказваньняў. Шмат для каго зь іх гэта важна, і яны хацелі канструктыўнага дыялёгу».

Максім Мілто ўчора публічна заявіў, што складае зь сябе паўнамоцтвы старшыні студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ. Пытаюся ў юнака, ці зьвязанае гэтае рашэньне з тым, што не адбылася сустрэча студэнтаў са спадаром Шушкевічам:

«Мая адстаўка ніякім чынам не зьвязаная з той сытуацыяй, што атрымалася са спадаром Станіславам Шушкевічам. Справа ў тым, што Саюз студэнтаў Літвы — а гэта найбуйнейшая студэнцкая арганізацыя краіны — прапанаваў мне пасаду віцэ-прэзыдэнта па міжнародным прадстаўніцтве. Улічваючы, што ў студэнцкім прадстаўніцтве ЭГУ ў мяне ўжо другая кадэнцыя, я зьняў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта і перайшоў на працу ў Саюз студэнтаў Літвы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG