Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непрызнаная пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у Паўднёвай Асэтыі Ала Джыоева патрапіла ў шпіталь пасьля разгрому яе штабу.

Лідэр апазыцыі, былая кандыдатка на прэзыдэнта Паўднёвай Асэтыі Ала Джыоева, якая знаходзіцца ў рэанімацыі, зноў у непрытомнасьці. Cтан яе застаецца цяжкім, — паведамілі ў шпіталі.

Лекары вырашаюць пытаньне, каб перавезьці яе ў мэдычную ўстанову на тэрыторыі Расеі. Паводле папярэдняй інфармацыі, у Джыоевой здарыўся інсульт пасьля штурму супрацоўнікамі сілавых структур яе перадвыбарчага штабу ў Цхінвалі.

Раней паступала супярэчлівая інфармацыя. Паводле адных дадзеных, кандыдатку ўдарылі прыкладам. Паводле іншых, ён стала дрэнна, калі да яе прыйшоў сьледчы з позвай на допыт.

10 лютага Джыоева, якая перамагла на лістападаўскіх прэзыдэнцкіх выбарах, непрызнаных уладамі, мела намер правесьці цырымонію сваёй інаўгурацыі.

***

27 лістапада 2011 г. у Паўднёвай Асэтыі прайшоў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, у які выйшлі кіраўнік МНС рэспублікі Анатоль Бібілаў і былы міністар адукацыі Ала Джыоева. Па выніках галасаваньня ЦВК паведаміў пра перамогу Джыоевай. Аднак Вярхоўны суд рэспублікі адмяніў вынікі выбараў.

Не пагадзіўшыся з гэтым рашэньнем, Джыоева абвясьціла сябе абраным прэзыдэнтам, яе прыхільнікі занялі цэнтральную плошчу Цхінвалі.

9 сьнежня тагачасны прэзыдэнт Паўднёвай Асэтыі Эдуард Какойты і Джыоева дасягнулі пагадненьня па ўрэгуляваньні сытуацыі ў краіне. Але ў студзені Джыоева адклікала свой подпіс пад пагадненьнем, тлумачачы, што ўлады парушаюць дасягнутыя дамоўленасьці. Яна таксама заявіла, што ня будзе прымаць удзел у новых выбарах кіраўніка рэспублікі і запатрабавала перадаць ёй ўладу як законна абранаму прэзыдэнту.

Пазьней яна прызначыла на 10 лютага ўласную інаўгурацыю на пасаду кіраўніка Паўднёвай Асэтыі.

Новыя прэзыдэнцкія выбары ў Паўднёвай Асэтыі прызначаныя на 25 сакавіка.

Сусьветная супольнасьць, якая працягвае лічыць Паўднёвую Асэтыю часткай міжнародна прызнанай тэрыторыі Грузіі, адмаўляе ў легітымнасьці выбараў прэзыдэнта рэспублікі, чыю незалежнасьць прызналі толькі Расея, Нікарагуа, Вэнэсуэла і Науру. Беларусь, ад якой Масква таксама чакала прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі, так гэтага і не зрабіла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG