Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 лютага ў другой палове дня дырэктар дэпартамэнту ў пытаньнях Расеі, Усходняга партнэрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня ЭЗ Гунар Віганд, які знаходзіцца з рабочым візытам у Мінску, сустрэўся са сваякамі палітзьняволеных.

Паводле жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыны Халіп, прадстаўнік ЭЗ заявіў, што пазыцыя Эўрапейскага зьвязу ў дачыненьні да беларускіх палітзьняволеных застаецца нязьменнай, жорсткай і прынцыповай. «Ён запэўніў нас, што ЭЗ ня будзе прымаць ніякіх палавінных захадаў у дачыненьні да беларускай улады. У прыватнасьці, у абмен на вызваленьне каго-небудзь аднаго з палітзьняволеных. Нам, сваякам тых, хто сядзіць у турмах, ён паабяцаў, што ЭЗ па-ранейшаму будзе патрабаваць вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітзьняволеных», — расказала Халіп.

Віганд, паводле яе слоў, таксама паведаміў, што 27 лютага на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў ЭЗ будзе прапанавана пашырыць санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі.

Віганд прыбыў у Менск 8 лютага «з мэтай устанавіць эўрапейскі дыялёг па пытаньнях мадэрнізацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі», адзначылі ў беларускім прадстаўніцтве ЭЗ. Гэты візыт дасьць магчымасьць «зрабіць агляд цяперашняга ўзроўню адносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю і назваць пытаньні, якія выклікаюць занепакоенасьць у ЭЗ», зазначылі ў прадстаўніцтве.

Візыт завершыцца 10 лютага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG