Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бібліятэка, клюб і „хімікі“ — гэта Крупкі-2»


Такой старонкі ў Інтэрнэце, як афіцыйны сайт Крупак-2, я яшчэ ня бачыў. Замест традыцыйнага пераліку геаграфічных, гістарычных цікавостак убачыў некалькі старонак абвестак пра продаж пераважна 2-пакаёвых кватэр: маўляў, «маляўнічае месца (рака, лес, возера ) — можна сказаць, аздараўленчы лягер». Адкуль такая колькасьць кватэр на продаж, даведаўся ўжо ў самым паселішчы.

…Ад цягніка да пасёлка пайшоў пехатой 7 км уздоўж лесу а 6 раніцы. «Крупкі-2» выплылі нечакана — указальніка на іх няма. У першых дзвюх 2-павярхоўках сьвятла не было — відавочна, нядзельным ранкам яшчэ спалі. У першай драўлянай хаціне па падворку ўжо сноўдала пажылая кабета. Я й пазнаёміўся з 63-гадовай Хведараўнай — спадарыняй Людмілай Аляксеевай, якая зрабіла мне візытоўку навакольля.

Хведараўна: «Вуліц няма — нумары дамоў да 262, 2 баракі, 4 пяціпавярхоўкі, дзьве 2-павярхоўкі, бібліятэка, клюб і „хімікі“ — гэта Крупкі-2…»

Хведараўна расказала караценька пра сябе ды тутэйшае жыцьцё.

Хведараўна: «У мяне мужык памёр, быў лётчык. Дом згарэў — жыву адна тут. Цэны ў нас даражэй, чым усюды — у Барысаў езьдзім, у Менск, бо там таньней на ўсё. Мужыкі працуюць вартаўнікамі, на ерундзе. Жанчыны на качагарках, нянечкі-санітаркі, хтосьці ў Крупках уладкаваўся. Асноўная частка беспрацоўныя…»

Калі зьвярнуў увагу на шчыліны ў бліжэйшых дамах, суразмоўніцу прарвала.

Хведараўна: «Ой, кашмар які! У пяціпавярховых здымала кватэру — цячэ ўсё, у падвалах вада стаіць, смурод. Мне другі год рамонт абяцаюць — ані кухні, ані вады няма! Сама купіла пліту і абсталявала. А калі ўсялялі, абяцалі. Бо калі чалавек селіцца ў дзяржаўную кватэру, трэба, каб і вада, і газ былі. Я ўвайшла — падлогі грымяць, ані газу, сьвет сама рабіла. Вунь са страхі цячэ! Вы на падлозе пастойце!»

Карэспандэнт: «Як на палубе! Шпалеры, бачу, адклеіліся. А куды вы зьвярталіся?»

Хведараўна: «У калгас «Крупаўскі» — Бранцкевіч быў дырэктар, які сказаў, што зробім рамонт. А пасьля яго забралі ў райвыканкам, ліст прыслаў мне — «па артыкулу такому вы павінны рабіць рамонт самі, за свой рахунак…»

Карэспандэнт: «А пэнсія колькі?»

Хведараўна: «700 рублёў. Абуральна, што год мурыжылі галаву — „а што, да вас не прыходзілі?“ Зараз мерзьне вада — ня ведаю, што буду рабіць…»

Тым часам убачыў першага падарожніка на ровары. У вайсковага пэнсіянэра, спадара Аляксандра Барадача спытаў пра памянёны продаж кватэраў.

Барадач: «Тут хоць і многа бомжыкаў, у каторых не заплачана за кватэру, шмат і афіцэраў. Вельмі здорава кінулі вайскоўцаў— працы няма ў Крупках. А што ў газэтах пішуць — гэта „цуды“, куды ня трэба ісьці (сьмяецца): лесапілкі, шпалы туды-сюды насіць — самая пякельная праца. Расеец выкупіў завод гародніны — чалавек 15 працуюць, лесапілка на ладан дыхае, ДОК таксама развалены — пшык поўны!»

Адчынілася адзіная тут дзяржаўная крама, што абслугоўвае 350 кватэр, дзе і пражываюць пакуль 800 насельнікаў гарадка. У пустэльнай зранку гандлёвай залі гутару з прадавачкай Жанай Шарапавай.


Шарапава: «4 млн таваразвароту цягнем у дзень…»

Карэспандэнт: «Наколькі плацежаздольныя людзі — што бяруць?»

Шарапава: «Хлебушак, малако, самыя танныя прадукты. Кілбасу Барысаў, „Баброў“, „Трайпл“ самі пастаўляюць. Калі плян выцягнем, 900 атрымліваем. Заробкі і пэнсія, калі зьяўляюцца, — атабарваюцца на месяц…»

Накіроўваюся да кацельных — адзінага працуючага ў выхадныя прадпрыемства. Былы пажарны вайсковец, 48-гадовы качагар, спадар Анатоль Федарцоў сек дровы — кажа, што ўжо тры гады. Рады гамане, каб перадыхнуць.


Анатоль: «У кацельнай 2 катлы на газу, 2 на дровах. Дровы зь лясьніцтва прывозяць, бярвеньні па 6 мэтраў — пілую, калю, потым у топку кідаем…»

Карэспандэнт: «Колькі пілуеш ў дзень?»

Анатоль: «„Камаз“ за зьмену ў 12 гадзін. Зьмен 20 у месяц — 20 „Камазаў“. Зарабляю 800 за такую працу. У раёне самы гаротны народ — самыя нізкія расцэнкі па аплаце працы.У цэнтры Эўропы атрымліваем 100 даляраў — гэта сьмех!»

Карэспандэнт: «А на Расею шмат езьдзяць гастарбайтэрамі?»

Анатоль: «Моладзь уся!»


Па вуліцы рабіла ранішні мацыён зь вяртлявай сабачкай-кнопкай былы зубны ўрач, высокая ды мажная спадарыня Ірына Доўнар. Пераехала сюды на пэнсіі зь Менскага раёну. Кажа, што яшчэ б папрацавала, але…


Доўнар: «У Крупках-2 ФАКу няма, «хуткую» выклікаюць. Тут добра — лес, рэчка, пэнсія толькі малая. (усьміхаецца)

Карэспандэнт: «А што чакаеце ад Новага года?»

Доўнар: «Трэба цэны зьнізіць і пэнсіі павялічыць! (сьмяецца ) У мяне 750 зараз. Мне зрабілі ў мінулым веку анкалягічную апэрацыю і перайшла на мэдсястру…»

Карэспандэнт: «А Лукашэнка ж якія заробкі і пэнсіі абяцаў у канцы мінулага года!»

Доўнар: «Усім абяцае, а нічога ня робіць…»

Карэспандэнт: «А галасавалі за Лукашэнку?»

Доўнар: «Ніколі, хоць пасадзіце мяне ў турму! Я па ТВ гляджу — чалавека, рэктара БДУ — ты! Трэба быць інтэлігентным. А вы адкуль — мяне за гэта не пасадзяць? Цяпер жа негалосны інстытут „стукацтва“. Гэта раней можна было адкрыта гаварыць — у 90 гадах…»

***
На ўскраіне Крупак-2 месьцяцца «хімікі» — афіцыйна з выпраўленчай установы адкрытага тыпу нумар 39. Мясцовыя кажуць, што зараз іх да 300 чалавек. Хоць намесьнік начальніка калёніі, які не назваўся, мне адрэзаў:

Спадар: «Гэтага я не магу сказаць!»

За ўпраўленчай сядзібай пілаваў дровы 55-гадовы Алег Хусаінаў. Настрой у яго, ня гледзячы на змораны твар, быў сьвяточны — аказалася назаўтра заканчваецца 7-гадовы тэрмін зьняволеньня. Ён казах па нацыянальнасьці, але ў Беларусі больш за 20 гадоў. Прайшоў «аўган», дзе быў паранены і стаў хворым на ўсё жыцьцё.


Хусаінаў: «Тут у мяне прыступы пачаліся — паслятраўматычны сіндром. У мінулым годзе на КП клінічная сьмерць была — адкачалі. У мяне траўма была армейская — у нарах падаў з машыны, з памяцьцю штосьці…»

Карэспандэнт: «За што далі?»

Хусаінаў: «Бойка, чалавека зьнявечыў. Далі, як за замах на забойства. Паспрачаліся наконт расы — мяне зьневажалі, як „чурку нярускага“. На пасяленьні хто дзе працуе — у асноўным, на пілараме. Ёсьць і па 300 атрымліваюць, нехта і мільён…»

Карэспандэнт: «Начальства не зьневажае?»

Хусаінаў: «Мяне не — хворы. Іншыя, калі папаўся выпіў, — дняваліць прымушаюць, падлогу мыць…»

Карэспандэнт: «Што хочаш ад 2012, калі на волі будзеш?»

Хусаінаў: «Пэнсіі дабіцца, на працу ўладкавацца, хоць вартаўніком…»

Побач з жытлом «хімікаў» жудаснае відовішча — зваленыя гарой ляжаць бэтонныя кавалкі ўзарванай ў мірны час былой 5-павярховай казармы. Пасьля афіцэр, зь якім пазнаёміўся, ананімна расказаў, што адбылося.


Спадар: «Калі расфарміроўвалі дывізію, казарма была, санчастка там на 50 месцаў, сталовая на 400. Чаму б не зрабіць там санаторый для дзяцей-сірот? Не, лепш раскрасьці! Спачатку аддалі МУС рэспублікі, а пасьля на балянс горада. І пачалося — у ноч з 6 на 7 лістапада 1997 сабачка ў мяне заскавытала. Ноччу прыйшоў туды — „хімікі“ загружаюць падлогі, вокны, дзьверы і батарэі ў машыны. Яны і ўзарвалі, каб утаіць…»

Цяпер на ўскраіне засталіся склады супрацьпаветранай абароны з застарэлым абсталяваньнем. Побач гаражы былых вайскоўцаў. Экс-маёр Аляксандр Тулупаў, у якога запытваюся пра гісторыю часткі, падзывае былога саслужыўца.

Тулупаў: «О, вунь Афанасьевіч ідзе — Афанасьевіч!»

Афанасьевіч: «Усё добра — пэнсія ў мяне 1,5 млн, на гарбату і малако хапае!»

Аптымізм экс-падпалкоўніка зьнікае, калі спытваю, ці баліць душа за ўзарваныя казармы.

Афанасьевіч: «Калі ўсё сказаць — я яе з 1 да 4 паверху рабіў. Балюча!»

І тут вайскоўцы загаварылі ў голас пра свой пэнсійны стан.

Спадарства: «У Расеі 8 тысяч рублёў палкоўнік, у Самары ў мяне з 14 тысячамі рублёў зышоў пры курсе нашым 269… Калі расіяне прыяжджаюць сюды, адчуваюць сябе вальготна… Цётка на Ўкраіне жыве — памяняў пэнсію, 100 даляраў. Сорамна!»

У цэнтры пасёлка на некалькіх га перапляценьне з аддзеленых дошкамі ўчасткаў. Вядомы ўжо спадар Анатоль Федарцоў мне тлумачыць:


Анатоль: «Прыватныя ўчасткі — па сотцы кожны. Агародзікаў 300 будзе — гуркі, лук. Скаціны няма зараз — раней каровы, козы былі. Невыгодна — усё дорага. Цяпер курыцы, трусы…»

Тэму ў мясцовым клюбе працягнула яго мастацкая кіраўніца, жыцьцярадасная спадарыня Галіна Глухава.


Глухава: «Самі вырошчваем, капусту квасім — капаем, пілуем, гной вывозім. У лесе суніцаў шмат вельмі. Здаюць, наварылі, насушылі, варэнікаў наеліся. Была па 12, 15,20 тысячаў кг — кожны дзень людзі хадзілі, апранулі дзяцей у школу з нашымі цэнамі. І лісічкі прымалі па 10 тысяч кіля…»

Мо самая станоўчая зьява ў Крупках-2 — наяўнасьць адзінай ў Беларусі народнай дзіцячай студыі мастацкай разьбы па дрэву, якую заснаваў маёр у адстаўцы, спадар Аляксей Гарбуноў. У свае 65 поўны энэргіі, прагі жыцьця ды справядлівасьці. Пачынаем з разьбярства.


Гарбуноў: «Захапляюся з 82. У Самаркандзе ў шпіталь лёг і падпалкоўнік-зямляк адзін дастае інструмэнты. У мяне ўнутры запалілася. Я ўзяў чурбачок, натачыў ножык, намаляваў эскіз і прынёс увечары Швэйка зь бярозы. У мяне па бацькавай лініі іканапісцы былі — і ў мяне іконы атрымліваюцца. А ў 99 прэзыдэнт выдаў указ аб стварэньні гурткоў пры палацах культуры. Узялі яны мяне на паўстаўкі. Зрабіў стэнды, верстакі, цыркулярку. На Дзень пісьменнасьці езьдзілі, падараваў працы касманаўту Кавалёнку — там лазьня, бабка, дзед прыкрываецца тазікам — здымеш, усе бяз розуму! (сьмех) Гарадок кінуты і дзеці з задавальненьнем ідуць да мяне. Вучу прыёмам абароны — я ж дэсантнік. Любоў да людзей — самае галоўнае!»

Лёс Аляксея Аляксеевіча цярністы ды багаты на падзеі.


Гарбуноў: «Нарадзіўся ў Менску ў сям’і вайскоўца. Пасьля вучэльні патрапіў ў 105 Фэрганскую паветрана-дэсантную дывізію. У 79 адным зь першых у сьнежні пайшлі ў Аўганістан. Наш батальён захопліваў Кандагар, Гурнэс, Газьні, Джэлалабад, утрымлівалі да падыходу асноўных сіл…»

Карэспандэнт: «У вас неяк зьмянілася стаўленьне да таго, што адбывалася?»

Гарбуноў: «У мяне ўжо тады было меркаваньне, што вайна несправядлівая. Гутарыў з аўганскімі афіцэрамі, якія ў лоб задавалі пытаньне — а чаго вы прыехалі?! Гісторыя ўсё паставіла на месцы…»

Карэспандэнт: «А ў Крупкі-2 як трапілі?»

Гарбуноў: «Я 19 год адслужыў у Туркестане. Заўжды дамоў цягне. І калі Гарбачоў прыйшоў, лейцы адпусьціў і ўсе разьбегліся. Тут стаяла артылерыйская дывізія, у 95 яе расфарміравалі. У часе 2 сусьветнай лётчыкі люфтвафэ адпачывалі. Пасьля вайны хімбат быў, танкісты стаялі…»

Больш дакладна суразмоўца распавядае і пра распродаж кватэр.

Гарбуноў: «Калі вайскоўцы сталі разьяжджацца, прыватызаваныя кватэры сталі прадаваць — шмат украінцаў, расейцаў было, паехалі на Радзіму. А купляюць, у асноўным, зь мясцовых вёсак для старых бацькоў — адпачывай і дыхай сьвежым паветрам. Двухпакаёвыя 3-4 тысячы даляраў каштавалі, цяпер за 30 тысяч зайшло — і з Барысава прыяжджаюць пэнсіянэры. Цэны завоблачныя ў крамах — у Ждановічах мяса за 10 кг выгадваю на 40%. Тут 70 тысяч, там за 40. Бо нашы прадпрымальнікі ў Ждановічах жа купляюць і прадаюць — во і навар…»

Пры канцы — пра спадзяваньні на 2012.

Гарбуноў: «Увогуле, нічога добрага не чакаю. Хочацца, каб беларускі рубель умацаваўся. У народ беларускі веру, інакш не папрасіўся б вярнуцца пасьля войска, а паехаў бы ў Падмаскоўе. Народ беларускі — родны, я ніколі ня зьеду адсюль і з Крупак-2, я тут памру. У мяне тут хата і прырода. І дзеткі — вось яны, ходзяць сюды кожны дзень і забываюць у гуртку пра час…»

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG